Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марыне Адамовіч не далі спатканьня з Статкевічам: «А вы ня жонка па пашпарце»


Марына Адамовіч

Марына Адамовіч


Грамадзянскай жонцы Міколы Статкевіча адмовілі ў спатканьні зь ім напярэдадні этапаванья ў шклоўскую калёнію. Зьміцер Дашкевіч чакае касацыі перад тым, як яго накіруюць у Горацкую калёнію. Лекары «Валадаркі» адрэагавалі на ліст польскага палітыка Марэка Мігальскага.

6 чэрвеня ў другой палове дня судзьдзя Ленінскага суду Людміла Грачова не дазволіла спаткацца былому кандыдату на прэзыдэнта Міколу Статкевічу зь ягонай грамадзянскай жонкай Марынай Адамовіч. Рашэньне судзьдзя прымала разам са старшынёй суду Жаўнерчык.

Адамовіч: «Чым патлумачылі? Тым, што я не зьяўляюся афіцыйнай жонкай. Хоць 6-ты артыкул Папраўчага кодэксу дакладна кажа, што людзі, якія жывуць сумесным жыцьцём, ёсьць мужам і жонкай».

Неабходнасьць у тэрміновай сустрэчы зь Міколам Марына Адамовіч патлумачыла зьвесткамі пра тое, што вязень зьбіраецца напісаць заяву, каб яго накіравалі ў калёнію, і хутка яго могуць этапаваць. «Статкевічу ўжо прызначылі і калёнію — у Шклове», — з спасылкай на дасьведчаную крыніцу паведаміла Свабодзе Адамовіч. На сустрэчы яна зьбіралася ўзгадніць з мужам пытаньні падрыхтоўкі яго да этапу.

Лідэра Маладога фронту Зьмітра Дашкевіча зьбіраюцца накіраваць для адбыцьця пакараньня ў калёнію ў Горках. Але да этапу Зьміцер мае намер дачакацца на «Валадарцы» разгляду сваёй касацыйнай скаргі.

Праваабаронца Наста Лойка: «На 27 чэрвеня прызначаны разгляд ягонай скаргі.
Дашкевічу прызначылі калёнію, якая сярод былых вязьняў лічыцца адной з самых горшых у краіне

Ён працягвае сядзець на „Валадарцы“. Яго магчыма зразумець, бо яму прызначылі калёнію, якая сярод былых вязьняў лічыцца адной з самых горшых у краіне — гэта калёнія ў Горках. Там вельмі дрэнныя ўмовы, небясьпечныя для здароўя, і ў ягоных інтарэсах прабыць тут як мага больш».

Зьміцер Дашкевіч, асуджаны на 2 гады зьняволеньня за злоснае хуліганства, працягвае сядзець на «Валадарцы». Нібыта лідэр «Маладога фронту» разам з Эдуардам Лобавым за дзень да выбараў зьбілі мінакоў у Менску. Маладафронтаўцы кажуць пра правакацыю спэцслужбаў.

Таксама на «Валадарцы» працягваюць трымаць моладзевага актывіста Ўладізмера Яроменка. Зьвестак пра яго ад сваякоў няшмат.

Наста Лойка: «Наколькі мне вядома, у яго досыць стабільная сытуацыя. Цяпер ён знаходзіцца на Валадарскага, але ў любы час яго могуць этапаваць. Мы гэтага чакаем. Вядома, што ён з адвакатам ужо падалі касацыйную скаргу».

Маці кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава паведаміла, што сын напісаў у лісьце пра прастуду, якую перанёс, калі трапіў у камэру турмы на вуліцы Валадарскага зь СІЗА КДБ. Цяпер, паводле Алы Саньнікавай, яе сын пачуваецца лепей.

Лекары турмы на вуліцы Валадарскага адрэагавалі на ліст дэпутата Эўрапарлямэнту Марэка Мігальскага. Мігальскі просіць аказваць тэрміновую мэдычную дапамогу Зьмітру Бандарэнку, якім апякуецца. Паводле жонкі вязьня Вольгі Бандарэнкі, лекары сказалі, што Зьміцер не зьвяртаўся да іх па дапамогу, таму пакуль яны яго і не лекавалі:

«Кажуць, ён мусіў напісаць пісьмовую заяву. Я ім кажу, што да яго ж нэўроляг хадзіў, і ён яму пра ўсё казаў. Не, кажуць, мусіць напісаць паперу».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG