Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ала Саньнікава зьвярнулася ў міліцыю, каб зьмянілі калёнію для сына




Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў папярэдне прызначыў для Андрэя Саньнікава калёнію ў Наваполацку. Як да гэтага паставіліся сваякі палітвязьня? Зьміцер Бандарэнка будзе адбываць пакараньне ў Магілёўскай калёніі.

Паводле адвакатаў экс-кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава, для адбыцьця пакараньня яму прызначылі Наваполацкую калёнію. Адправіць туды вязьня могуць пасьля таго, як ён азнаёміцца з пратаколам судовага паседжаньня, а гэта павінна адбыцца да 6 чэрвеня. Пасьля гэтага мусяць прызначыць разгляд касацыйнай скаргі Саньнікава на прысуд, але ў беларускай практыцы бывала, што скаргі разглядалі і без асуджаных, адзначаюць адвакаты.

Чым вызначаецца калёнія ў Наваполацку, дзе, магчыма, будзе адбываць пакараньне Андрэй Саньнікаў? Паводле маці палітвязьня Алены Ліхавід, якая днямі наведвала ў Наваполацкай калёніі свайго сына Мікіту, у гэтай калёніі рэпутацыя адной з найгоршых у Беларусі. «Найперш, там вельмі дрэнная экалёгія», — кажа Алена Ліхавід:

«Вакол калёніі гэтыя хімзаводы, „Нафтан“, „Палімір“. У паветры стаіць кіслы пах, пахне нейкай хімічнай кіслатой. Ніводнага дрэва на тэрыторыі калёніі я ня бачыла, толькі пару ялінак каля адміністрацыйнага будынка. Карпусы старыя, абшарпаныя, вакол нават няма травы — пясок».

Наваполацкая калёнія знаходзіцца ў былым будаўнічым гарадку. Паводле тых, хто там адбываў пакараньне, калёнія адрозьніваецца ў горшы бок ня толькі зьнешне. Бывалыя людзі кажуць пра суровыя парадкі ў ІК № 10. Нібыта там за 30 сэкундаў спазьненьня вязьня караюць гэтак, што потым яму немагчыма прэтэндаваць на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне. Ці сапраўды гэта так, Алена Ліхавід пацьвердзіць ня можа. «Факт той, што сына ўжо двойчы пакаралі карцэрам. Але пры гэтым, калі я прыехала ў калёнію, мяне прынялі па-людзку, выслухалі і нават дазволілі сустрэцца з сынам пазачаргова», — распавяла Алена Ліхавід.

3 чэрвеня маці Андрэя Саньнікава Ала Ўладзімераўна наведала Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў і напісала заяву аб тым, каб яе сына не накіроўвалі ў Наваполацкую калёнію. Ала Саньнікава паведаміла «Свабодзе» пра свой візыт у Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў:

Мой сын — ня нейкі бандыт-крымінальнік, якога варта ссылаць на руднікі.
«Я сказала ім, што гэта забруджаная зона, бо там хімічныя заводы, ані травінкі. Кажу, што мой сын — ня нейкі бандыт-крымінальнік, якога варта ссылаць на руднікі. І таму я прашу зьмяніць яму месца адбыцьця пакараньня. Яны мяне добра прынялі, сказалі напісаць заяву, і я напісала. Цягам 10 дзён гэта будзе разгледжана, як сказалі».

Ала Саньнікава не запомніла прозьвішчаў тых міліцыянтаў, зь якімі размаўляла. Ведае, што зь ёй размаўлялі палкоўнік і маёр, а заяву яна пісала на імя начальніка дэпартамэнту Барсукова.

Андрэй Саньнікаў быў асуджаны на 5 гадоў узмоцненага рэжыму за арганізацыю масавых беспарадкаў 19 сьнежня. Сваёй віны экс-кандыдат на прэзыдэнта не прызнаў. Саньнікаў і цяпер патрабуе правядзеньня другога туру выбараў пад наглядам міжнароднай супольнасьці.

Каардынатара «Эўрапейскай Беларусі» Зьмітра Бандарэнку адправяць для адбыцьця пакараньня ў магілёўскую калёнію № 15. Гэтую інфармацыю перадала «Свабодзе» жонка вязьня Вольга. Паводле апошняга ліста ад мужа, ён зрабіў выснову, што на «Валадарцы» яму заставацца нядоўга:

«Піша, што, мяркуючы па ўсім, усё гэта ідзе на завяршэньне. Піша, што тут усе бегаюць, мітусяцца, нэрвуюцца. Магчыма, піша, ідуць нейкія падводныя працэсы».

Дзяжурны ізалятара на Валадарскага адмовіўся камэнтаваць тое, што Зьмітру Бандарэнку патрэбная тэрміновая апэрацыя, і параіў сваякам вязьня зьвярнуцца да турэмнага лекара, які прымае наведнікаў па серадах.
XS
SM
MD
LG