Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа падпалу бабруйскага КДБ: абвінавачваныя заяўляюць пра ціск сьледчых


Сёньня суд Бабруйску й Бабруйскага раёну працягваў разгляд крымінальнай справы па факце нападу на будынак мясцовага КДБ. На лаве падсудных Яўген Васьковіч, Арцём Пракапенка й Павал Сырамалотаў. Ім інкрымінуецца асабліва злоснае хуліганства. І пагражае да дзесяці гадоў пазбаўленьня волі.

Судовы працэс праходзіць пад старшынствам судзьдзі Паўла Карцініна. Ён не дазволіў сёньня рабіць фота- й відэазапіс судовага паседжаньня, другога па ліку. Першае прайшло 5 траўня.

Усе тры абвінавачаныя не адмаўляюць свайго ўдзелу ў нападзе на будынак КДБ позьнім вечарам 16 кастрычніка 2010 году. Зь іх паказаньняў вынікае, што яны вырабілі запальную сумесь, разьлілі яе ў дзьве бутэлькі, якія кінулі ў будынак КДБ.

Кідалі Яўген Васьковіч і Павал Сырамалотаў. Арцём Пракапенка здымаў гэта на відэа. Як зафіксавана ў матэрыялах сьледзтва, напад быў учынены, каб запалохаць супрацоўнікаў КДБ.

Яўген Васьковіч заявіў суду, што рабіў напад сьвядома, бо, як ён сьцьвярджаў, у Беларусі КДБ дзейнічае як гестапата. Яго неаднойчы затрымлівалі на загад камітэтчыкаў. Акрамя таго, ён помсьціў за адлічаных зь беларускіх унівэрсытэтаў за грамадзкую і палітычную дзейнасьць студэнтаў. Суду таксама даводзіў, што гэта сьледчыя намовілі яго прызнаць віну й падказалі, што казаць, — тады, маўляў, дадуць меней. За час папярэдняга сьледзтва ў яго зьмянілася шэсьць адвакатаў. Яны баранілі, як сьледчыя, казаў Васьковіч суду.
Паказаньні хлопец даваў па беларуску. У суд яго прывялі ў майцы зь бел-чырвона-белым сьцяжком і надпісам «Жыве Беларусь!».


Паказаньні хлопец даваў па беларуску. У суд яго прывялі ў майцы зь бел-чырвона-белым сьцяжком і надпісам «Жыве Беларусь!».

Арцём Пракапенка таксама не адмаўляў сваёй віны. У матэрыялах справы зафіксанава, што ён удзельнічаў у нападзе на знак салідарнасьці з затрыманымі ў Менску анархістамі. На судзе ж ён заявіў, што ўдзельнічаў з хуліганцкіх матываў, бо сумна стала жыць. Казаў, што паказаньні даваў пад ціскам — казаў тое, што ад яго патрабавалі сьледчыя.

Павал Сырамалотаў не зьяўляецца сябрам моладзевых рухаў і арганізацыяў. Паводле агучанай у судзе інфармацыі, ён явіўся ў міліцыю з пакаяньнем. Разам з тым на судзе ён заявіў, што яго затрымалі 17 студзеня ранкам супрацоўнікі сілавых струтураў у масках. У той жа дзень ён вымушана падпісаў паперу аб прызнаньні віны й раскаяньні.

Суд сёньня прагледзеў відэазапіс, зроблены падчас папярэдняга сьледзтва. Абвінавачваныя на ім апавядаюць, як рыхтавалі й ажыцьцявілі напад на будынак КДБ. Зь іх слоў яны выкарыстоўвалі тактыку анархістаў падчас падобных акцыяў. Задача была, каб не пацярпелі людзі — толькі запалохваньне супрацоўнікаў КДБ.

18 траўня суд працягне разгляд крымінальнай справы.
XS
SM
MD
LG