Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля прысуду: кветкі і сьлёзы


Родныя і сябры Ірыны Халіп, Сяргея Марцэлева, Паўла Севярынца сустракалі асуджаных, але выпушчаных пад падпіску палітвязьняў з кветкамі і сьлязьмі. Цяжка было распазнаць радасьць у іх вачах, хутчэй - палёгку. Наш карэспандэнт пагаварыў у перапоўненым калідоры Заводзкага раённага суду Менску з блізкімі і сябрамі палітвязьняў.



Бацька Ірыны Халіп Уладзімер наведаў усе паседжаньні суду над дачкой і амаль усе — працэсу над зяцем Андрэем Саньнікавым, асуджаным на 5 гадоў турмы ўзмоцненага рэжыму. І суровы прысуд Саньнікаву, і мякчэйшы вырак сваёй дачцэ ён лічыць несправядлівымі:

"Я не прымаю сёньня ніякіх віншаваньняў, таму што маёй дачцэ толькі мяняецца форма турмы. Яна па-ранейшаму застаецца вязьнем гэтага пачварнага рэжыму. Ёй амаль усё забаронена будзе, у 10 гадзін яна, як салдат, павінна быць у казарме. Я ня ведаю, якія ў яе будуць адносіны з прафэсіяй, як у гэткіх акалічнасьцях можна ўвогуле працаваць. У мяне вельмі змрочны сёньня настрой. Зразумела, я рады, што яна будзе мець магчымасьць выйсьці з Данькам на вуліцу, чаго раней не было. Але няма ў нас сёньня ніякіх падставаў ні для якіх суцяшэньняў, таму што ідуць гэтыя дзікія працэсы, 37-мы год вярнуўся ў краіну. Няма права, няма закону, дыктатура зьвярэе і дзічэе з кожным днём".

Маці Ірыны Халіп Люцына Бяльзацкая кажа, як шмат перажыла ў той час, калі даводзілася афармляць апякунства над унукам Данікам:

"Я ганаруся сваёй дачкой, ганаруся сваім зяцем, і вельмі крыўдна, што такія людзі, якія складаюць гонар нацыі, былі ў турме… І зараз усё роўна Ірына застаецца пад прысудам".

У момант, калі Люцына Бяльзацкая казала гэтыя словы, у калідор увялі Паўла Севярынца, без кайданкоў. Яго адпусьцілі з-пад варты пад падпіску. Ягоная маці Тацяна ўздыхнула:

"У тых умовах, у якіх усё адбываецца, канечне, я адчуваю вялікую палёгку. Таму што зараз на нейкі тэрмін Паша будзе са мной побач. Будзе дома. Я змагу паклапаціцца пра ягонае здароўе. А ўвогуле лічу, што такіх прысудаў не павінна быць. Тое, што яшчэ судзяць хлопцаў, што засудзілі Саньнікава, — гэта спроба засудзіць праўду. Ёсьць сучасныя героі, героі нашага часу, нашай найноўшай гісторыі Беларусі — гэта ўсе тыя, каго судзяць, каго ўжо асудзілі — гэта вельмі прыстойныя людзі, узорныя, і яны за сабой павядуць іншых".

Бацька Сяргея Марцэлева Ўладзімер кажа, што калі ягоны сын цягам 2 гадоў зробіць адміністратыўнае правапарушэньне, яго могуць забраць у сапраўдную турму:

"Ужо паўгода ён фактычна адбыў у турме за парушэньне правіл дарожнага руху. Яшчэ паўтара года бяз права выезду. Думаю, што няма сэнсу абскарджваць. Гэта сваволя, адназначна".

Бабуля Сяргея Марцэлева Зоя Яўменава лічыць прысуд унуку несумленным, як і астатнія прысуды за Плошчу:

"Я лічу, што ўсе павінны быць вызваленыя. Мая такая думка, што судзяць за нішто".

Падтрымаць падсудных прыйшоў прадстаўнік пратэстанцкай суполкі "Новае жыцьцё" Сяргей Луканін:

"Вельмі шкада, што ўсё гэта ў нашай краіне адбываецца, бо ўсё гэта па-за законам, у тым ліку і гэтыя прысуды, якія былі найменш жорсткія. Але ўсё гэта незаконна, бо не было на самой справе ніякіх масавых беспарадкаў. Ну, але будзем змагацца далей".

Жонка былога вязьня турмы КДБ Алеся Міхалевіча Мілана спрабавала прыйсьці на прысуд з малым дзіцем, але ахова не пусьціла. Мілана кажа, што прыйшла абняць Ірыну Халіп і яе бацькоў, зь якімі моцна пасябравала за апошні цяжкі час:

"Таксама хацелі б падтрымаць спадарыню Тацяну Севярынец і Паўла, які паказаў прыклад таго, якім павінен быць сапраўдны чалавек".

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька, які сам абвінавачаны па справе за Плошчу, перакананы, што да пераменаў Беларусь штурхае сама ўлада:

"Лукашэнка стварае такую сытуацыю, якая была ў 1994 годзе, калі людзі гатовыя былі галасаваць за любога, толькі не за таго, хто прадстаўляе ўладу. Калі нехта думае, што можна пасадзіць кропкава нейкіх людзей, і апазыцыя, і супраціў застанецца без галавы, — гэта памылка".

Тое, што робіць цяпер беларуская ўлада, — гэта незаконна і амаральна, і ўсё меней людзей будзе гэта падтрымліваць, перакананы спадар Лябедзька.

Ірына Халіп – першае інтэрвію

x
Ірына Халіп – першае інтэрвію
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:06:16 0:00
Наўпроставы лінк


Севярынец і Марцэлеў пасьля прысуду

x
Севярынец і Марцэлеў пасьля прысуду
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:04:34 0:00
Наўпроставы лінк
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG