Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чытаючы Лукаса

Днямі на нашым сайце быў апублікаваны пераклад артыкулу
«У чым Захад памыляецца наконт Беларусі?» міжнароднага рэдактара Economist Эдварда Лукаса. Гэты тэкст спарадзіў зацікаўленую дыскусію на нашым сайце.

Мы запрапанавалі экспэртам з розных краін сьвету паўдзельнічаць у гэтай дыскусіі, выказаць свае меркаваньні як наконт артыкулу сп. Лукаса, гэтак і наконт праблемы, якую ён фармулюе.


Ян Запруднік, грамадска-палітычны дзеяч, гісторык, палітоляг

Эдвард Лукас даволі добра арыентуецца ў завілістым шляху Беларусі да свабаднейшага, лепшага жыцьця ды ў спробах Захаду паспрыяць гэтаму. Але пры аналізе беларускай сытуацыі ў яго працуе халодны інтэлект. У Лукасавых ацэнках няма эмацыянальнага кампанэнту – таго якраз, які прысутнічае (з усёй сваёй разнастайнасьцю й разбродам думак) у беларусаў, калі яны выказваюцца пра свае праблемы. Заходні аналітык вельмі дакладна расклаў па палічках тое, што было ўчора. Але з тым, што трэба рабіць сёньня й заўтра, у яго вельмі скупа. Мала таго, ягоныя парады ўжо ў той ці іншай меры рэалізуюцца: і гандаль з Захадам, і студэнты ў заходніх унівэрсытэтах, і санкцыі на беларускіх чыноўнікаў. Пытаньне тут толькі ў акцэнтах на тым ці іншым складніку ў вельмі няпростых дачыненьнях Захаду зь Беларускім Сфінксам.

Аналізаваць падзеі ў іншай краіне й прыпісваць рэцэпты для выхаду з тупіка – справа комплексная. Мала быць начытаным у прэсавых паведамленьнях, камэнтарох, дыпляматычных дэпэшах ды рапартах разьведкі. Хада гісторыі мае ў сабе тонкі, бывае цяжкі замежнікам для выяўленьня, суб’ектыўны элемэнт: эмоцыі, натхнёнасьць ды абумоўленыя гэтым акты самаахвярнасьці, гераізму, якія зьяўляюцца важным фактарам гістарычнага працэсу. Каб усё, што адбываецца ў іншай краіне, належна ацаніць, патрэбнае, у дадатак да інтэлекту, суадчуваньне, эмпатыя – тое, чаго не стае аналітыку-Лукасу. У іншай сваёй слабасьці ён сам сьціпла прызнаецца. Ягоны “змрочны каталёг” памылак Захаду наконт Беларусі, піша ён, пазначаны сьлядамі “заходняга невуцтва, даверлівасьці, самападману, цынізму і эгаізму”. І яшчэ. Гаворачы пра нядаўны злачынны выбух у менскім мэтро, ён шчыра заяўляе: “Мы ведаем да прыкрага мала пра сапраўдны зьмест расейска-беларускіх дачыненьняў”. А расейскі ж складнік у беларускай галаваломцы – самы што ні ёсьць цэнтральны.

Лукасава самакрытычнае прызнаньне гучыць культурным кантрастам да катэгарычнай слоўнай страляніны (часта падмацаванай абразьлівымі словамі на адрас аўтара артыкулу й іншых апанэнтаў), якая прагучэла ў выказваньнях шмат каго з удзельнікаў абмеркаваньня артыкулу. Як гэта ні сумна, абразьлівая катэгарычнасьць (каб не казаць хамства) у палеміцы сярод свабодаўскіх дыскутантаў паказвае даволі часта свой непрываблівы твар. Дзівіцца тут можа й ня трэба, улічваючы штодзённую вульгарнасьць у выказваньнях самога кіраўніка дзяржавы.

Па прачытаньні Лукасавага аналізу мне прыгадаўся саміздат савецкіх часоў, у якім было поўна нэгатыўнага (крытыка ўсяго, ад чаго пакутавалі) і вельмі мала канструктыўнага – адказаў на пытаньні “Што рабіць?” “Як абладзіць жыцьцё па-новаму?” Адказаў не было ані ад дысыдэнтаў, ані ад “мудрага” партыйнага кіраўніцтва, калі яно дакацілася да пропасьці. Міхаіл Гарбачоў, калі трымаў стырно карабля ў бурным моры, пакінуў па сабе памятны выраз - “сумбурнасьць у галовах”.

У аналізе сучаснае беларускае праблемы ды паказваньні шляху ў будучыню нельга абмінаць маўчаньнем, як гэта зрабіў аўтар “памылак Захаду”, фактараў, безь якіх аналіз ня можа быць поўным. А гэта: 1. імпэрскі інстынкт Крамля, 2. роля расейскіх сакрэтных службаў у беларускіх падзеях, і 3. неспатольная Лукашэнкава смага й воля асабістай улады, пад якую падпарадкаваны ўсе дзяржаўныя інстытуты.

Сучасныя беларусы “ў вялікай сваёй грамадзе” знаходзяцца на цярністым шляху да свабоды. Ім трэба «дайсьці да Беларусі», як трапна сказаў Ніл Гілевіч у адным із сваіх вершаў. Пры ўсім гвалце, што дзеецца цяпер над людзьмі ў краіне (у тым ліку цяперашнія масавыя суды), гістарычны шлях нацыі не падкантрольны поўнасьцяй ані аднаму гвалтаўніку свабоды, ані цэлай шайцы іх. Гістарычны шлях на даўжэйшым адрэзку часу – гэта вынік агульных намаганьняў як знутра, гэтак і звонку краіны. А вынікі агульных намаганьняў бываюць цалком непрадказальнымі. Распад “непарушнага” Савецкага Саюзу – пацьверджаньне гэтаму. Таму маюць сэнс акты паасобнага супраціву, заклікі да салідарнасьці, пашырэньне інфармацыі ўнутры краіны й навонкі, пазнаваньне свае гісторыі, абарона нацыянальнай культуры, мовы й да гэтага падобная дзейнасьць. Да катэгорыі такіх дзеяньняў трэба залічыць і артыкул Эдварда Лукаса ды шматлікія водгукі на яго, уключна з выказваньнямі замежных спэцыялістаў. У публікацыі Лукасавых меркаваньняў трэба бачыць пазытыўны факт завастрэньня ў свабодным сьвеце ўвагі да “беларускае праблемы”. Памятаю 60-я—70-я гады, калі беларуская справа была татальна нямая ў сьвеце, прыдушаная за глухой жалезнай заслонай. Прамінула сорак гадоў – і які кантраст! На старонках найбольш уплывовай з амэрыканскіх СМІ, газэты “Нью Ёрк Таймс”, апошнімі месяцамі зьявіўся добры дзясятак аналітычна-крытычных паведамленьняў! Працэс ідзе. Беларуская дэмакратыя, якую тыран душыць унутры краіны, здабывае папулярнасьць, палітычную падтрымку й матэрыяльную дапамогу ў вонкавым сьвеце. Паспрыяе ўсяму гэтаму й Лукасаў артыкул, за што яму належыцца вялікая падзяка.

А што да прэсіі на дыктатарскі рэжым у Беларусі, дык думаецца, што санкцыі скіраваныя на як мага шырэйшыя колы прыўладных бюракратаў (пры ўсіх іншых мерапрыёмствах, у тым ліку людзкіх кантактах з вонкавым сьветам), павінны заставацца галоўным мэтадам ціску. Кожны чыноўнік рэжыму павінен усьведаміць сабе, што ён асабіста адказны за калябарацыю са злачыннай уладай. Бяз тэрміну даўнасьці.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG