Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У сваім артыкуле на сайце Цэнтру эўрапейскага палітычнага аналізу (CEPA) міжнародны рэдактар тыднёвіка Economist Эдвард Лукас ацэньвае эўрапейскія падыходы да Беларусі на працягу апошніх 20 гадоў.

Раскладваньне па палічках – зручны спосаб разабрацца ў навакольным сьвеце. Але што, калі тыя палічкі застаюцца пустыя? За апошнія 20 гадоў замежная грамадзкая думка, калі яна наогул спрабавала паразумецца зь Беларусьсю, імкнулася ўпхнуць гэтую 10-мільённую краіну то ў адну, то ў другую прыдатную катэгорыю.

Найперш, у эру Джорджа Буша-старэйшага, яна была часткай «славянскага ядра» Савецкага Саюзу. Краіны, накшталт балтыйскіх, можа й хацелі адкалоцца ад Масквы, але верныя, зрусыфікаваныя Ўкраіна і Беларусь былі гатовыя застацца з Крамлём. Гэтае ўяўленьне было памылковым.

Пасьля запанавала меркаваньне, што Менск, як і іншыя «былыя савецкія рэспублікі», будзе пасоўвацца наперад праз эканамічнае аднаўленьне, прыватызацыю і ўсталяваньне палітычнай сыстэмы, заснаванай на вяршэнстве закону і палітычнай свабодзе. Расея ў тыя шчасьлівыя дні разглядалася як саюзьнік у гэтай справе. Надзея дасягнула апагею за часы Станіслава Шушкевіча, кіраўніка краіны да 1994 году. Беларусь пазбавілася сваёй ядзернай зброі, мела свабодную прэсу, плюралістычную палітычную сыстэму і асьцярожную празаходнюю замежную палітыку. Не здавалася нечым неверагодным, што аднойчы яна далучыцца да Эўрапейскага Зьвязу (ЭЗ) – ва ўсялякім выпадку Беларусь мела лепшыя пэрспэктывы, чым адносна адсталыя Румынія і Баўгарыя. Але і гэта аказалася памылкай.

Спачатку вітаўшы абраньне ў 1994 годзе Аляксандра Лукашэнкі як рашучага палітыка і заўзятага змагара з карупцыяй, Захад пасьля з усё большым жахам назіраў за тым, як Лукашэнка разварочвае краіну на ўсход, падпісваючы дамову за дамовай зь Ельцынавай Расеяй. Тады ўзьнікла думка, што беларуская дзяржаўнасьць – магчыма, зьява часовая.
Беларусь мела лепшыя пэрспэктывы, чым адносна адсталыя Румынія і Баўгарыя.
Новы Беларуска-расейскі саюз быў перадусім шарашкінай канторай для скарумпаваных чыноўнікаў. (Там быў прыстойны бюджэт безь ніякай справаздачнасьці і права небескарысна раздаваць мытныя і тарыфныя палёгкі.) Але шмат каму здавалася непазьбежным, што моцная прарасейская і панславісцкая пазыцыя Лукашэнкі прывядзе да таго, што Беларусь стане часткай новай канфэдэрацыі пад кіраўніцтвам Крамля, куды ў будучыні маглі б увайсьці іншыя прарасейскія анамаліі, накшталт Прыднястроўя або двух сэпаратысцкіх анкляваў Грузіі.

Гэткае бачаньне таксама было памылковым. Лукашэнку спадабалася выступаць на вялікай сцэне. Яму таксама спадабалася ідэя, што і сам ён мог бы стаць вялікай рыбай у вялікай сажалцы, а не заставацца ўсяго толькі кіраўніком у малой. Ён распачаў сэрыю публічных сустрэчаў і прамоваў у расейскай правінцыі, што падазрона нагадвала перадвыбарчую кампанію. Можа б ён мог стаць новым лідэрам Расеі і Беларусі, замяніўшы нямоглага Барыса Ельцына? Цяпер гэтая ідэя выглядае эксцэнтрычнай. Аднак у сутоньні эры Ельцына такая магчымасьць разглядалася сур'ёзна.

Шыльда «ляяльны сатрап Крамля» таксама аказалася памылковай. У Лукашэнкі не заладзілася з Уладзімерам Пуціным, які ня выказаў ніякага жаданьня траціць час і грошы на паляпшэньне стасункаў з прыземленым, грубым, капрызным і напышлівым беларускім лідэрам. Беларуска-расейскі саюз ня тое што ня стаў супэрдзяржавай – ён праваліўся амаль па ўсіх пунктах. Ня быў створаны агульны рынак тавараў, паслугаў, капіталу і працоўнай сілы. Пляны стварыць агульную валюту шмат разоў адкладаліся. З часам было ўсё больш выразна відаць, што эканамічная стабільнасьць, якою так хваляцца беларусы, па сутнасьці базуецца на танным расейскім газе, які пастаўляецца Беларусі ў абмен за транзытныя прывілеі і геапалітычную падтрымку.

Па меры таго як рэпрэсіўны клімат у Беларусі станавіўся ўсё больш жорсткі, Захад пачаў настойліва думаць, як жа скінуць Лукашэнку. Вынікам сталі яшчэ некалькі памылковых шыльдаў. Заходняя падтрымка засяродзілася на беларускай апазыцыі, якая ўяўляе сабою стракатую мешаніну ідэалістаў, тых, хто некалі некім быў, тых, хто ніколі нікім ня быў, палітычных перабежчыкаў, нацыянал-экстрэмістаў і эксцэнтрыкаў.
Мінула 15 гадоў, і, як ні прыкра, з вынікамі ня густа.
Да іх радасьці, але амаль бяз выніку, іх засыпалі грашмі, забясьпечвалі трэнінгамі і прапагандысцкай падтрымкай. У намаганьнях закідаць праблему грашмі бачылася спроба паўтарыць досьвед Цэнтральнай Эўропы 1980-х. Грошы дапамаглі «Салідарнасьці» скінуць камунізм у Польшчы. Радыёвяшчэньне было надзвычай дзейсным сродкам у данясеньні ідэяў свабоды да паняволеных народаў. Дык напэўна ж гэткая камбінацыя спрацуе і ў Беларусі?

Мінула 15 гадоў, і, як ні прыкра, з вынікамі ня густа. Сярод апазыцыянэраў не знайшлося ніводнага харызматычнага, вартага даверу лідэра накшталт Леха Валэнсы або Вацлава Гаўла. Так, ім давялося супрацьстаяць у цяжкай барацьбе супраць гнюснага рэжыму. Але ж дысыдэнты камуністычных часоў здолелі паказаць неверагодныя прыклады арганізацыі і мабілізацыі. Нічога падобнага ў Беларусі не адбылося.

Надзвычай памылковай была спроба спалучыць варожасьць да аўтакратычнага і жорсткага рэжыму зь беларускай этнічнай сьвядомасьцю, якая хоць і мае дачыненьне да тэмы, але ўяўляе сабой асобную праблему. Гэта праўда, што Лукашэнка ставіцца да мовы карэннай нацыі зь няўвагай і пагардай. Таксама праўда, што гэта да пэўнай ступені абуджае зацікаўленьне. І сапраўды, этнічная і нацыянальная сьвядомасьць былі рухаючай сілай мноства змагароў за свабоду ў дзяржавах Балтыі: іх краіны былі акупаваныя Савецкім Саюзам, яны хацелі вярнуць сабе незалежнасьць. Гэта быў просты і шчыры прынцып, які збольшага добра спалучаўся з шырэйшай ідэяй дэмакратыі і вяртаньня ў Эўропу.

Але такую ідэю нялёгка прышчапіць у Беларусі, дзе нацыянальная мова была хутчэй разьдзяляльнай, чым злучальнай сілай. Ужываная пераважна ў вёсках, з разнастайнымі мясцовымі варыяцыямі, цяжка прыдушаная спадчынай русыфікацыі, беларуская мова не была ні неабходнай, ні дастатковай умовай для ўзмацненьня апазыцыі: у найлешпым выпадку яна была неістотнай, у найгорным – шкоднай.

На жаль, шмат хто з замежнікаў, якія спрабуюць дапамагчы беларускай справе, паходзяць з палітычнай традыцыі, у якой мова, гістарычныя і этнічныя пытаньні займаюць цэнтральнае месца. Яны разглядалі скіданьне рэжыму Лукашэнкі як частку нацыянальна-вызвольнай барацьбы, у якой Беларусь мае вярнуцца да сваіх глыбокіх гістарычных каранёў у Вялікім Княстве Літоўскім, з моцнай моўнай і культурнай сьвядомасьцю.
Беларуская мова не была ні неабходнай, ні дастатковай умовай для ўзмацненьня апазыцыі.
Гэта прыгожая ідэя, аднак для бальшыні звычайных беларусаў яна далёкая, у найлепшым выпадку слаба прывабная, у найгоршым проста непрымальная. У якасьці аналёгіі можна было б прывесьці спробу правесьці палітычныя зьмены ў Луізіяне зь пераважнай апорай на рэстаўрацыю мясцовых старафранцускіх гаворак і традыцый.

Так што і гэтая шыльда была падабрана няўдала. Беларусь не была дыктатурай, гатовай абрынуцца пад напорам патрыятычнай празаходняй апазыцыі ў «каляровай рэвалюцыі», накшталт тых, якія нібыта так добра ўдаліся ў Грузіі, Кіргізстане, Румыніі і Ўкраіне. (Цяпер, азіраючыся назад, гэтыя заваёвы выглядаюць не такімі простымі і цудоўнымі, як яны здаваліся тады.)

Тады зьявілася яшчэ адна палічка, дзе Беларусь трапляла ў катэгорыю ахвяры крамлёўскіх махінацыяў. Ідэя палягала ў тым, каб засяродзіцца найперш на геапалітыцы, і толькі пасьля на дэмакратыі. Беларускай намэнклятуры відавочна абрыдлі расейскія мядзьведжыя манеры, яна ўжо магла бачыць недахопы пуцінізму. Калі падысьці да яе з належнай лагоднасьцю, яна ў рэшце рэшт прызнае, што яе эканамічны інтарэс ляжыць на Захадзе. Калі беларускаму чынавенству разам з Лукашэнкам запрапанаваць справядлівую зьдзелку, яны без сумневу пагодзяцца. Гэткі погляд на Беларусь быў збудаваны на падмурку «Ўсходняга партнэрства», ідэя якога палягала ў тым, што Эўразьвяз распрацуе адмысловую сэрыю праграмаў (па гандлі, візах, мадэрнізацыі і палітычных сувязях) з шасьцю краінамі на захад і поўдзень ад Расеі: Азэрбайджанам, Армэніяй, Беларусьсю, Грузіяй, Малдовай і Ўкраінай.

І гэта было памылкай. Краіны Ўсходняга партнэрства надзвычай розныя ў сваіх мэтах, патрэбах і пэрспэктывах. Украіна палічыла абразай, што яе звалілі ў адну кучу з малымі краінамі. Палымяна празаходняй Грузіі не спадабалася, што яе паставілі разам зь пяцьцю краінамі, якія з ваганьнем або нават і варожа ставяцца да каштоўнасьцяў эўраатлянтычнага альянсу. А Беларусь, хоць і прынюхалася да заходніх саступак і нават зрабіла нейкія касмэтычныя саступкі сама – дадаўшы выбарчай кампаніі летась у сьнежні драбочак справядлівасьці – рэжым ня меў сілы або жаданьня пайсьці далей у гэтым кірунку. Пасьлявыбарчы пэрыяд адзначыўся беспрэцэдэнтнымі рэпрэсіямі (за кратамі апынуліся дзясяткі палітвязьняў), эканамічным крызісам (улучна з валютнымі перабоямі), а цяпер яшчэ і крывавым і таямнічым тэрарыстычным актам у менскім мэтро (дзе 14 чалавек загінула і дзясяткі былі пакалечаныя).

Тое, што мы ня маем уяўленьня, хто стаіць за выбухам і што ён значыць, можна лічыць сьведчаньнем правалу спробаў Захаду аналізаваць сытуацыю ў Беларусі і ўзьдзейнічаць на яе. Ці быў гэта сапраўдны акт тэрору, як цьвердзяць беларускія ўлады? Калі так, дык мы нічога ня ведаем пра экстрэмістаў, якія гатовыя забіваць бяз жалю і без разбору. Або гэта вынік расколу ўнутры рэжыму, дзе нейкая ўяўная група «ястрабаў» спрабуе запалохаць меркаваных рэфарматараў, дэманструючы сваю разбуральную здольнасьць? Магчыма. Але мы так мала ведаем пра ўнутраную палітыку розных колаў унутры рэжыму, што такія спэкуляцыі застаюцца бясплённымі. Або гэта быў мэсідж з Расеі? Калі так, што мелася на ўвазе? Мы ведаем да прыкрага мала пра сапраўдны зьмест расейска-беларускіх дачыненьняў.

Было б лёгка завяршыць гэты змрочны каталёг, старонкі якога нясуць сьляды заходняга невуцтва, даверлівасьці, самападману, цынізму і эгаізму, запрапанаваўшы просты маніфэст з рэцэптам посьпеху. Мы пераспрабавалі амаль усё, часам па некалькі разоў. Нічога не дапамагло. Першым пунктам любога рашэньня мусіць быць пэўная порцыя сьціпласьці з боку Захаду.
Мы пераспрабавалі амаль усё, часам па некалькі разоў. Нічога не дапамагло.
Другім – праніклівы позірк на Беларусь як на краіну, якая рэальна існуе, а не якой бы мы хацелі яе бачыць. Гэта краіна, дзе, як выглядае, простыя рэцэпты не спрацоўваюць. Спалучэньне слабой нацыянальнай сьвядомасьці (незалежная Беларусь праіснавала некалькі месяцаў у 1918 годзе), цярпеньняў ваенных гадоў (найгоршых з усіх краінаў, якія прафэсар Ейля Тымаці Снайдэр называе «Крывавымі Землямі») і інтэнсіўнай саветызацыі пакінула па сабе спэцыфічную культурную і духоўную спадчыну. Адна зь яе рысаў – пазьбяганьне рызыкі. Яшчэ адна – недавер да інстытуцыяў. Трэцяя – непрыхільнасьць да зьнешняга ўмяшаньня. Стыль Лукашэнкі, які ўлучае ў сябе бацькоўскую камандную манеру, павярхоўную стабільнасьць і параною, ідэальна ўпісваецца ў гэтую карціну.

Нашы найлепшыя шанцы на посьпех палягаюць у доўгатэрміновых намаганьнях зьмяніць беларускую рэальнасьць праз умяшаньне на ўзроўні эканомікі і чалавечых кантактаў, спалучаных з востраскіраванымі адраснымі санкцыямі супраць кіраўнікоў рэжыму, адказных за зьбіцьцё, зьняволеньне і зьнікненьне людзей. Найбольшым посьпехам апошняга дзесяцігодзьдзя была падзея, у якой заходнія палітычныя стратэгі не адыгралі ніякай ролі: пераарыентацыя беларускага замежнага гандлю з усходу на захад. Цяпер Эўразьвяз, а не Расея, зьяўляецца найбольшым рынкам беларускага экспарту.

Доўгатэрміновыя наступствы гэтага вельмі глыбокія. Гэта азначае, што беларускія мэнэджэры мусяць вывучаць эўрапейскія мовы, езьдзіць у Эўропу і наладжваць бізнэсовыя сувязі з тамтэйшымі партнэрамі. Дзякуючы гэтаму яны патрапяць пад уплыў заснаванага на вяршэнстве закону заходняга капіталізму, які ўяўляе сабою рэзкі кантраст з кумаўством, карупцыяй і сваволяй сьвету расейскага бізнэсу. Абвяшчэньне шырокіх і глыбокіх эканамічных санкцыяў, якім бы прыгожым нам гэты жэст ні здаваўся, наўрад ці прычыніцца да вызваленьня палітычных зьняволеных. І наўрад ці Эўразьвяз пойдзе ў гэтай справе за амэрыканскім прыкладам. Часам санкцыі дзейнічаюць. Але ў выпадку зь Беларусьсю вынікам хутчэй за ўсё была б «зімбабвізацыя»: умацаваньне рэжыму, несупынная параноя і ізаляцыя, а таксама пакіданьне Расеі магутных інструмэнтаў для прасоўваньня сваіх інтарэсаў.

Замест гэтага нам трэба разьвіваць гандаль і іншыя формы эканамічнага ўзаемадзеяньня. Радыкальным крокам быў бы пераклад зборніка інструкцыяў Эўразьвязу на расейскую мову. Трэба таксама зрабіць як мага больш танным і простым доступ беларусаў да заходніх унівэрсытэтаў праз увядзеньне стыпэндыяльнай праграмы. Карупцыя ў ВНУ застаецца сур'ёзнай праблемай у Беларусі: шмат студэнтаў былі б гатовыя да пошукаў лепшага выбару. Галоўнай умовай такой праграмы было б, у стылі праграмы Фулбрайта, вяртаньне стыпэндыята на некалькі гадоў у Беларусь пасьля заканчэньня навучаньня.

Вынікам такой актыўнай заангажаванасьці была б пастаянная эўрапеізацыя Беларусі, супрацьдзеяньне шкоднаму ўплыву з боку рэжыму і зьмена духоўнага і маральнага клімату да той ступені, калі вяршэнства закону і палітычная свабода будуць здавацца натуральнымі, а не чужымі замежнымі паняцьцямі.

Другім бокам гэтай стратэгіі было пакараньне рэжыму візавымі і фінансавымі санкцыямі. Візавыя забароны ў дачыненьні да асобаў, адказных за палітычныя рэпрэсіі, перакрыюць ім і іх сем'ям магчымасьць езьдзіць на закупы, вучыцца і адпачываць на Захадзе.
Вынікам актыўнай заангажаванасьці была б пастаянная эўрапеізацыя Беларусі.
Гэта будзе балець. Балець будзе і ўдар па іх кашальках. У заходніх выведных колах добра вядома, што некаторыя з высокапастаўленых службоўцаў рэжыму маюць вялікія ўклады на Захадзе, у прыватнасьці ў Аўстрыі. Гэтыя сродкі былі назапашаныя шляхам сыстэматычнага абкраданьня беларускага народу і мусяць стаць аб'ектам расьсьледаваньня грашовых махінацыяў. Банкі, якія праводзяць гэтыя трансакцыі, нажываюцца на нелегальным бізнэсе. Калі яны будуць і надалей гэта рабіць, яны мусяць пагадзіцца на страту сваіх банкаўскіх ліцэнзіяў у Амэрыцы. Пастаўленыя перад такім выбарам, яны пазбавяцца ад сваіх беларускіх кліентаў хутчэй, чым вы скажаце «венскі шніцаль». Мэта такой палітыкі мусіць быць вельмі канкрэтная: вызваленьне ўсіх палітвязьняў. Як толькі яна будзе дасягнута, усе санкцыі мусяць быць спыненыя, каб забясьпечыць як мага большы эфэкт ад эканамічнага ўзаемадзеяньня. Вядома, тут была б непазьбежная палітызацыя звычайна нэўтральных рашэньняў з боку крымінальнага правасудзьдзя і фінансавых уладаў. Але гэта магло б дапамагчы вызваліць з-за кратаў Андрэя Саньнікава і іншых палітвязьняў. Калі так, дык яно таго вартае.

Доўгатэрміновая карысьць ад эканамічнага ўзаемадзеяньня зь Беларусьсю выглядае няпэўнай. Яно магло б умацаваць рэжым, зрабіць яго больш багатым і стабільным. Але на фоне 20 гадоў правалу на ўсіх іншых кірунках, яно прынамсі базуецца на адзіным пазытыўным дасягненьні – пераарыентацыі гандлю. Я думаю, варта паспрабаваць.

Пераклад: Сяргей Шупа

Цэнтар эўрапейскага палітычнага аналізу (Center for European Policy Analysis ) – незалежны няўрадавы дасьледны інстытут вывучэньня Цэнтральнай Эўропы

Эдвард Лукас – міжнародны рэдактар тыднёвіка Economist.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG