Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС не выключае забароны на выезд для апазыцыі


МЗС Беларусі не выключае магчымасьці ужываньня кропкавых мер супраць асобных апазыцыйных палітыкаў і структур. Аб гэтым у эфіры тэлеканала АНТ заявіў прэсавы сакратар МЗС Андрэй Савіных.

"Калі сытуацыя будзе разьвівацца паводле нэгатыўнага сцэнару, то мы будзем гатовыя пайсьці на кропкавыя меры ў адказ, перш за ўсё ў дачыненьні да тых палітыкаў і тых структур, якія зьяўляюцца генэратарамі антыбеларускай дзейнасьці", - сказаў прэсавы сакратар. У той жа час ён растлумачыў, што казаць аб гэтых мерах у адказ варта будзе толькі тады, калі паўстане рэальная неабходнасьць іх увядзеньня, паведамляе БЕЛТА.

"Цяпер мы ўцягнутыя ў працэс, каб заклікі Эўрапейскага парлямэнту не рэалізаваліся ў выглядзе рашэньняў Рады ЭЗ, - адзначыў ён. - І калі нашы намаганьні будуць рэалізаваныя станоўча і ў нашых партнэраў пераможа здаровы сэнс, то, магчыма, аб мерах нам і не давядзецца гаварыць".

Андрэй Савіных зьвярнуў увагу, што па многіх пытаньнях, якія патрабуюць сур'ёзнай прапрацоўкі, падрыхтоўка пачынаецца задоўга да прыняцьця рэальнага рашэньня. Прапрацоўка пытаньняў ідзе па ўсім магчымым сцэнарах, а рашэньне прымаецца толькі па адным з іх.

Афіцыйная пазыцыя МЗС на рэзалюцыю Эўрапарлямэнту па сытуацыі ў Беларусі ўжо была апублікаваная. "Перш за ўсё, мы канстатавалі, што падыход Эўрапарлямэнта супярэчыць прынцыпам добрасуседзтва, - нагадаў Андрэй Савіных. - МЗС працягвае спробы ўсё-такі вярнуць дыялёг у нармальнае канструктыўнае рэчышча з тымі эўрапейскімі партнэрамі, якія гэтага жадаюць".

Паводле яго слоў, санкцыі не прыносяць жаданых вынікаў. "І вельмі вялікая колькасьць сацыяльных груп, палітыкаў, мысьляроў ў Эўропе выдатна разумеюць беспэрспэктыўнасьць гэтага кірунку. Вось чаму мы ўпэўненыя, што падыходы Эўрапарлямэнту могуць быць не падтрыманы эўрапейскай грамадзкасьцю", - падкрэсьліў прадстаўнік МЗС.

12 траўня Эўрапарлямэнт праняў рэзалюцыю з заклікам да адрасных эканамічных санкцый супраць афіцыйнага Менску. У той жа дзень агенцтва Інтэрфакс-Захад са спасылкай на неназваную крыніцу ў адміністрацыі Лукашэнкі распаўсюдзіла інфармацыю, што беларускія ўлады могуць забараніць выезд за мяжу прыблізна 200 апазыцыянэрам і прапанаваць амбасадарам шэрагу дзяржаў Эўразьвязу пакінуць межы краіны, калі ЭЗ увядзе ў дачыненьні да Беларусі эканамічныя санкцыі. На мінулым тыдні пра пажаданасьць забароны на выезд для апазыцыянэраў заяўлялі праўладныя палітолягі Вадзім Гігін і Сяргей Мусіенка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG