Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грамадзянкі Расеі Любоў Захарава, Ірына Пайкачова і Кацярына Карасьцялёва, якія былі затрыманыя ўвечары 5 траўня ў Менску, павінны пакінуць Беларусь цягам 24 гадзінаў.

Такое прадпісаньне праваабаронцам вынесьлі прадстаўнікі беларускіх уладаў.

Любоў Захарава сказала карэспандэнту «Свабоды»: «Нам выдалі ў Савецкім РУУС паведамленьні, згодна зь якімі мы ёсьць у сьпісе асобаў, чыё знаходжаньне на тэрыторыі Беларусі непажаданае альбо забароненае. Згодна зь ім мы павінны пакінуць тэрыторыю Беларусі цягам 24 гадзінаў. І нам устаноўлена забарона на ўезд у Беларусь цягам двух гадоў».

Любоў сказала, што разам з Ірынай Пайкачовай і Кацярынай Карасьцялёвай прадстаўляюць Міжнародную назіральную місію. Праваабаронцы прыехалі ў Менск, каб весьці назіраньне за судамі над удзельнікамі падзеяў 19 сьнежня, аналізаваць сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі.
Мы не ўяўляем такой небясьпекі, каб нас выдваралі.

Захарава: «Я думаю, што дзейнасьць беларускіх уладаў у пэўным сэнсе экстрэмальная. Бо мы не ўяўляем такой небясьпекі, каб нас выдваралі. Мы не парушылі ніякіх законаў. Цягам тыдня ўжо 5 чалавек з Расеі былі высланыя зь Беларусі без тлумачэньня прычынаў і падставаў, на якіх выдаюцца такія паведамленьні».

4 траўня у Менску павінна была адбыцца прэзэнтацыя дакладу, якая была сарваная затрыманьнем расейскіх праваабаронцаў.

Захарава: «У дакладзе дадзеная незалежная ацэнка падзеяў 19 сьнежня ў Менску. Згодна з гэтым дакладам, складана абвінаваціць людзей, якіх судзяць, у масавых беспарадках. Магчыма, такая рэакцыя ўладаў Беларусі зьвязана і з тым, што мы непасрэдна назіралі за судовымі працэсамі».

За апошнія два месяцы ўезд у Беларусь быў забаронены 10 расейцам і ўкраінцам — прадстаўнікам Міжнароднай назіральнай місіі. Таксама быў высланы зь Беларусі кіраўнік Міжнароднай назіральнай місіі, дырэктар па разьвіцьці Маскоўскай хэльсынскай групы — Андрэй Юраў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG