Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наталка Бабіна: «Апошні раз „Нашу ніву“ закрывалі ў 1915 годзе»


Наталка Бабіна
Наталка Бабіна
Лёс газэтаў «Наша ніва» і «Народная воля» будзе вырашацца ў судзе, куды зьвярнулася з адпаведным пазовам Міністэрства інфармацыі. Як успрымаюць гэтую падзею людзі творчыя? Госьцяй ДЛ — даўняя аўтарка «Нашай нівы» пісьменьніца Наталка Бабіна.

Міхась Скобла: «Спадарыня Натальля, „Наша ніва“ папярэджаньні ад Міністэрства інфармацыі атрымлівала неаднойчы — з розных прычынаў. Гэтым разам другое папярэджаньне, пасьля якога міністэрства змагло зьвярнуцца ў суд, было дадзенае нібыта за „неаб’ектыўнае“ асьвятленьне тэракту ў менскім мэтро. Вы як чытачка і аўтарка НН што можаце сказаць наконт аб’ектыўнасьці і неаб’ектыўнасьці?»

Наталка Бабіна: «Ведаеце, спадар Міхась, мяне ў стан замілаваньня ўводзіць тое, як Міністэрства інфармацыі трактуе тыя ці іншыя юрыдычныя паняткі. Што такое з пункту гледжаньня міністэрства «аб’ектыўнасьць»? Верх аб’ектыўнасьці — гэта што, фільм «Жалезам па шкле»?
Што такое з пункту гледжаньня міністэрства «аб’ектыўнасьць»? Верх аб’ектыўнасьці — гэта што, фільм «Жалезам па шкле»?
Ці, можа, фэльетоны Ксэнафонта Супэрфасфатава? Калі гэта верх аб’ектыўнасьці, то тады я разумею, чаму яны абвінавачваюць «Нашу Ніву» ў неаб’ектыўнасьці. Насамрэч у сваёй працы рэдакцыя «Нашай Нівы», наколькі я магу меркаваць, а я супрацоўнічаю з рэдакцыяй з 1994 году, заўсёды імкнулася даваць чытачам аб’ектыўную, апэратыўную, праўдзівую інфармацыю. Гэта яе прынцып. Ведаеце, з пытаньнем аб’ектыўнасьці цесна зьвязанае, як мне здаецца, пытаньне даверу чатачоў і эфэктыўнасьці працы. «Нашай Ніве» чытачы давяраюць. Прывяду такі прыклад. На нядаўняй выставе СМІ міністар Праляскоўскі ў якасьці добрых, сучасных сродкаў масавай інфармацыі назваў дзьве газэты: «Беларусь сегодня» і «Рэспубліку». Мне захацелася пабачыць, як жа гэтыя сучасныя добрыя сродкі масавай інфармацыі працуюць, у прыватнасьці, у інтэрнэце. Я зьвярнулася да агульнадаступнага лічыльніка «Акавіта», каб параўнаць. І што ж аказалася? «Наша Ніва» ў дзясяткі разоў па колькасьці наведваньняў перавышае і «Беларусь сегодня», і «Рэспубліку».

Скобла: «А як гэта выглядае ў лічбах?»

Бабіна: «Я глядзела дадзеныя за 5 траўня. Дык вось, у „Нашай нівы“ за гэты дзень было 65 546 наведвальнікаў, у „Беларусь сегодня“ — 21 204 наведвальнікі, а ў „Рэспублікі“ — 1 508. А вось цяпер параўнайце. Што такое „Беларусь сегодня“? Гэта два паверхі ў Доме прэсы, гэта эўрарамонт, агромністы рэдакцыйны калектыў, службовыя машыны — чаго там толькі няма. А што такое „Наша Ніва“ — тры цесных пакойчыкі, дзясятак журналістаў, якія на сваіх асабістых ноўтбуках пішуць, таму што рэдакцыйная тэхніка была канфіскаваная пасьля падзеяў 19 сьнежня. Вось такі вынік і вось такі давер».

Скобла: «65 000 з паловай чытачоў у інтэрнэце — гэта сапраўды сьведчаньне высокага даверу. Але давайце вернемся да тых чытачоў, якія па-ранейшаму чытаюць папяровы варыянт «Нашай нівы». Ды і для вас што значыць тая НН, якую пакуль што можна набыць у шапіках «Белсаюздруку»?

Бабіна: «Па-першае, папяровы варыянт важны для чытачоў НН. Напрыклад, за час, калі газэту дазволілі даваць у сеткі афіцыйнага распаўсюду, наклад узрос больш чым у тры разы. Гэта гаворыць пра тое, што ёсьць людзі, якія хочуць і могуць атрымліваць інфармацыю менавіта з папяровай вэрсіі. Для самой рэдакцыі, я думаю, факт выхаду папяровай вэрсіі важны таксама — як факт прысутнасьці ў грамадзтве, як знак таго, што гісторыя газэты не перарывалася. Як у 1906 годзе яна пачала выходзіць, так яна выходзіць і дасюль. Цікава, што папярэдняя спроба зачыніць НН адбылася ў 1915 годзе, з пачаткам першай сусьветнай вайны царскі ўрад закрыў газэту на нейкі час. І вось вельмі паказальна, што ў 2011 годзе, калі, здаецца, ніякай вайны тут няма, адбываецца другая спроба закрыць «Нашу ніву».

Скобла: «Разам з „Нашай нівай“ улады спрабуюць закрыць і „Народную волю“. Рэдактар апошняй Іосіф Сярэдзіч, баронячы выданьне, зьвярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі. Наколькі верагодна прыпусьціць, што закрыцьцё газэтаў — ініцыятыва Праляскоўскага, а на самым версе нічога ня ведаюць?»

Бабіна: «Міністар Праляскоўскі неяк схарактарызаваў дзяржаўны лад, які пабудаваны ў Беларусі, як „карпаратыўная дзяржава“. Гэта адбылося некалькі гадоў таму, калі ён працаваў яшчэ ў адміністрацыі прэзыдэнта. Мне неяк запомнілася гэтае вызначэньне. Гэтая „карпаратыўная дзяржава“, карпарацыя ўнутры грамадзтва, яна насамрэч вельмі закрытая, і няма сэнсу асабліва гадаць, што там у сярэдзіне гэтай карпарацыі адбываецца — зьверху ідзе загад, ці зьнізу ідзе ініцыятыва, мне здаецца, гэта не асабліва прынцыпова. А што да звароту Сярэдзіча, то мне здаецца, Іосіф Паўлавіч — адважны і дасьведчаны баец, якому ўжо ня раз даводзілася бараніць інтарэсы сваёй газэты і сваіх чытачоў. З майго пункту гледжаньня ён паступіў правільна. Спадар Лукашэнка, канешне, можа сказаць, што ён нічога ня ведаў, але мы ж бачым, што пайшла да яго тэлеграма. Як далей будуць разьвівацца падзеі, — сказаць цяжка, але мне здаецца, што гэта было зроблена правільна».
Спадар Лукашэнка, канешне, можа сказаць, што ён нічога ня ведаў, але мы ж бачым, што пайшла да яго тэлеграма.


Скобла: «На згаданай вамі выставе СМІ спадар Праляскоўскі і яго дужа актыўная намесьніца Лілія Ананіч пабачылі, наколькі шмат у „Нашай нівы“ нязгодных зь іх рашэньнем чытачоў. А як усе астатнія чытачы маглі б дапамагчы сваёй газэце?»

Бабіна: «Канешне, той флэш-моб, які зладзілі журналісты і чытачы на выставе — гэта было нешта выдатнае. Гэтая акцыя, думаю, падняла настрой і рэдакцыі, і ўсім, хто бачыў гэта дзякуючы інтэрнэту. Гэта было здорава. Што да чытацкай дапамогі… Я ўпэўненая, што нашы чытачы, аўдыторыя нашага сайту — гэта настолькі разумныя і сумленныя людзі, што ня трэба іх да нечага заклікаць, яны будуць дзейнічаць так, як палічаць патрэбным. У апошнім нумары НН, які, дарэчы, выйшаў пад вельмі ўдалым клясычным лёзунгам „Каб сонца засланіць, вушэй асьліных мала“, рэдакцыя зьвярнулася да ўсіх тых, хто хоча і надалей атрымліваць папяровую вэрсію, паведаміць адрасы, на якія можна дасылаць газэту. Гэта трэба абавязкова зрабіць. Беларуская асацыяцыя журналістаў зьвярнулася з заклікам пісаць лісты ў Міністэрства інфармацыі, у якіх адзначаць, што вы думаеце наконт закрыцьця „Нашай нівы“ і „Народнай волі“. Па Законе аб зваротах грамадзянаў на кожны такі ліст міністэрства абавязана адказаць. Пакуль будуць адказваць, можа, менш зробяць якіх іншых прыкрасьцяў».

Скобла: «Закрываючы газэты, улада ізноў можа ўзяць пад татальны кантроль незалежныя СМІ?»

Бабіна: «Думаю, што гэта немагчыма. Грамадзтву патрэбна інфармацыя, і яно будзе яе шукаць і знаходзіць — сапраўды аб’ектыўную, поўную і праўдзівую».
Таксама ў гэтым выпуску «Дома літаратара» —
Яўген Стасевіч: «Ніл Гілевіч — майстар аўтографаў»
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG