Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Судзьдзя Вышэйшага гаспадарчага суду Беларусі Віктар Курыла вырашыў часова прыпыніць працэс аб закрыцьці газэты "Наша Ніва". Сваё рашэньне ён абгрунтаваў тым, што суд яшчэ не разглядаў скаргу выданьня на трэцяе папярэджаньне з боку Міністэрства інфармацыі. Яно вынесенае 14 красавіка, а 29 красавіка "Наша Ніва" яго абскардзіла.

Сёньняшняе паседжаньне афіцыйна мела статус "падрыхтоўчага". На самым пачатку Віктар Курыла пацікавіўся: ці згодныя бакі шукаць кампраміс? Прадстаўнікі "Нашай Нівы" адказалі: так, згодныя. Прадстаўнікі Міністэрства інфармацыі настойвалі на судовым разглядзе — маўляў, газэта атрымала трэцяе папярэджаньне цягам аднаго каляндарнага году і таму мусіць быць закрытая.

Тады адказчыкі папрасілі спыніць разгляд справы да моманту разгляду скаргі на трэцяе папярэджаньне. Іх просьбу задаволілі. Такім чынам, працэс закрыцьця выданьня, які ініцыяваны Міністэрствам інфармацыі, зацягваецца.

Рэдактар "Нашай Нівы" Андрэй Скурко на прыступках Вышэйшага гаспадарчага суду адразу пасьля завяршэньня падрыхтоўчага паседжаньня адзначыў:

"Мы яшчэ не пасьпелі аспрэчыць трэцяе папярэджаньне, а нам адразу падалі пазоў на ліквідацыю газэты. Мы маем законнае права аспрэчыць яго ў ВГС, калі што — у касацыйнай інстанцыі ВГС. То бок мы дзейнічаем цалкам на законных падставах.

На нашу думку, гэтыя папярэджаньні, — як тыя два, што мы атрымалі летась, так і апошняе, — занадта фармальныя для таго, каб ліквідаваць газэту "Наша Ніва". На мой погляд, тут пакараньне папросту несувымернае з парушэньнем. Калі нават мела месца тое парушэньне, якое мы дапусьцілі".

Я спытаў спадара Скурко, ці зьменіцца цяпер нейкім чынам рэдакцыйная палітыка выданьня, ці ня стане яно больш асьцярожным?

"Наша Ніва" ўжо 10, а можа нават і 100 гадоў застаецца такой, да якой прывыклі яе чытачы. Хістаецца не газэта, а ідэалягічная лінія дзяржавы. За апошнія месяцы, за апошні год "Наша Ніва" ніякім чынам не радыкалізавалася, не экстрэмізавалася. Яна заставалася такой жа, як была — спакойнай, узважанай.

Што тычыцца апошняга папярэджаньня і той спрэчнай сытуацыі з Марынай Шубіч і наагул з трагедыяй 11 красавіка ў мэтро, то сапраўды ў першыя хвіліны, першыя гадзіны пасьля гэтай трагедыі мы лічылі сваім абавязкам даваць максымум інфармацыі пра тое, што адбываецца. Ясна, што ў гэтай агенцкай плыні інфармацыі з-за таго, што людзі былі ў шоку, яны маглі даваць нам нейкія неправераныя сьведчаньні. Аднак памыляліся ўсе. Нават сілавыя структуры, якія запісалі ў сьпіс загінулых некалькі жывых людзей".

Сябра праўленьня БАЖ Яніна Мельнікава таксама прысутнічала на сёньняшнім судовым паседжаньні:

"Канечне, БАЖ будзе адсочваць падзеі, што адбываюцца вакол "Нашай Нівы" і "Народнай Волі". Мы лічым, што цяперашнія спробы абмежаваць свабоду слова ў нашай краіне — гэта проста недапушчальна. Недапушчальна абмяжоўваць людзей у іх праве чытаць, выказваць свае думкі. І нават калі казаць пра памылкі, якія могуць дапускаць журналісты, як усе жывыя людзі, то гэта ня можа быць падставай для закрыцьця такіх вядомых і буйных выданьняў, як "Наша Ніва" і "Народная Воля".

Папярэднія слуханьні ў Вышэйшым гаспадарчым судзе па пазове да "Народнай Волі" прызначаныя на 13 траўня.
XS
SM
MD
LG