Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чытаючы Лукаса

Днямі на нашым сайце быў апублікаваны пераклад артыкулу
«У чым Захад памыляецца наконт Беларусі?» міжнароднага рэдактара Economist Эдварда Лукаса. Гэты тэкст спарадзіў зацікаўленую дыскусію на нашым сайце.

Мы запрапанавалі экспэртам з розных краін сьвету паўдзельнічаць у гэтай дыскусіі, выказаць свае меркаваньні як наконт артыкулу сп. Лукаса, гэтак і наконт праблемы, якую ён фармулюе.


Грыгоры Ёфэ, прафэсар Рэдфардзкага ўнівэрсытэту (ЗША)

Артыкул Лукаса робіць моцнае ўражаньне. Даўно не чытаў пра Беларусь нічога падобнага. Артыкул, як той казаў, будзіць думку. Яна выдатная тым, што, з аднаго боку, расьпісваецца ў татальнай бездапаможнасьці афіцыйных заходніх падыходаў да Беларусі, а з другога, дапамагае зразумець прычыны гэтай бездапаможнасьці. Сапраўды, ніводзін з цэтлікаў, якія пасьлядоўна навешваліся на беларускі палітычны рэжым і беларускае грамадзтва, ня мае нічога агульнага з рэальнасьцю. І Лукас гэта прызнае. Выдатна! Чаму ж выкарыстоўваліся гэтыя цэтлікі? Мабыць, таму, што мала хто сур'ёзна займаўся Беларусьсю. Напрыклад, у вашынгтонскіх фабрыках думкі (аналітычныя цэнтры), да апошняга часу не было ніводнага аналітыка, які займаецца Беларусьсю. Ня так даўно ў Карнэгі зьявіўся адзін такі аналітык - Мэцью Ражанскі, і ён за нейкія паўгода ўжо разабраўся шмат у чым з таго, што адбываецца ў Беларусі, куды лепш, чым некаторыя бязглуздыя бюракраты за 10-15 гадоў. Дастаткова паглядзець даклад Ражанскага для камісіі Палаты Прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША. Глядзіш, з часам і афіцыйная палітыка паразумнее і стане больш дзейснай.

Пры ўсёй інтэлектуальнай пышнасьці артыкула Лукаса, для мяне ўсё ж важнейшыя тыя псыхалягічныя перашкоды, якія ўзьнікаюць у выхаванага на Захадзе аналітыка пры сутыкненьні з той неартадаксальнай (гэта значыць такой, якая не паддаецца тыпізацыі) рэальнасьцю, якую ўяўляе сабой Беларусь. Артыкул Лукаса зьмяшчае навочную дэманстрацыю гэтых перашкод. Іх я налічыў шэсьць.

1) Наіўнасьць ў дачыненьні да саміх сябе. Я маю на ўвазе (перш за ўсё) неадэкватную ацэнку геастратэгічных інтарэсаў Захаду, якія ляжаць у аснове палітыкі ў дачыненьні да Беларусі. Дзесьці на другой старонцы трохстаронкавага артыкулу Лукас піша пра чарговую (ці то сёмую, ці то восьмую) няўдалую спробу кваліфікаваць Беларусь, гэтым разам як ахвяру крамлёўскіх махінацый. Вось толькі калі - у 2007-08 гг., на думку Лукаса, Захад вырашыў паставіць геапалітыку на першае месца, а дэмакратыю - на другое. І зноў ня меў рацыі. Аднак нешта перашкодзіла мне прыняць тэзу Лукаса на веру. Зірнуў на толькі што прачытаную першую старонку і ўбачыў, што ўжо ў 1994 г. Захад «пазіраў з усё узрастаючым жахам на тое, як містэр Лукашэнка разгортвае сваю краіну на ўсход, складаючы ўсё новыя зьдзелкі з Барысам Ельцыным». Здаецца, гэта завецца агаворкай па Фрэйду. Зь яе вынікае, што геапалітыка ляжала ў аснове ЎСІХ заходніх ініцыятыў па частцы Беларусі першапачаткова. Ніколі ў іх не было нічога іншага. Адрозьненьні былі толькі ў рыторыцы, якія абгортвалі і зацямнялі сутнасьць пытаньня калі больш, а калі менш пасьпяхова, а таксама (!) у наяўнасьці з абодвух бакоў людзей, якія падміргвалі адзін аднаму і прымалі правілы гульні.

2) Татальны нэгатывізм у дачыненьні да таго, што Лукас называе культурнай і мэнтальнай спадчынай беларусаў, гэта значыць у дачыненьні да сучаснай беларускай культуры. Па Лукасу, яна нясе на сабе эклектычны адбітак слабой нацыянальнай сьвядомасьці, пакут ваенных гадоў, боязі рызыкі, недаверу да інстытутаў, і непрыманьне ўмяшаньня звонку. Па Лукасу, усё гэта жудасна, хоць непрадузяты назіральнік змог бы ўбачыць у тым самым букеце і сёе-тое станоўчае. Напрыклад, меншы распаўсюд ксэнафобіі (у параўнаньні, напрыклад, з Расеяй), неканфрантацыйнасьць, алергію да патасу, звычку да дамарослага парадку.

3) Татальны нэгатывізм ў дачыненьні да лукашэнкаўскага рэжыму. Тут мяне павінны закідаць тухлымі яйкамі, і калі не закідаюць, значыць я ў чымсьці ня маю рацыю. Так, рэжым рэпрэсіўны ды аўтарытарны. Але альтэрнатывай яму - тут я на ўсе 100% згодзен з Сяргеем Нікалюком - магла б быць алігархія, а зусім не дэмакратыя, для якой не было і няма нізавых перадумоваў. Алігархію рэжым не дапусьціў. Далей, эканамічны рост быў? Быў і нават, кажуць, ёсьць. Спажывецкі бум 2005-2008 гг. быў? Ня ведаю, але гэта я ў Леаніда Заікі чытаў. Службы сацыяльнага характару працуюць? Працуюць. Ды і то сказаць, што на апошніх выбарах па дадзеных НІСЭПД за Лукашэнку аддалі голас 58% выбарцаў. Меркаваньне, што ляяльнасьць як мінімум паловы беларусаў была набытая за бясцэнак або за проста так, патыхае абразьлівым стаўленьнем да паловы беларусаў. Гэта як раз тое, чым грашыць беларуская апазыцыя, якой нібыта дастаўся няварты яе народ.

4) Прызнаньне за Захадам маральнага права накладаць карныя санкцыі. Лукас заклікае да кропкавых санкцый у дачыненьні да людзей, адказных за зьбіцьцё, зьнікненьні, заключэньні пад варту. У прынцыпе ўхвальна, паколькі адпавядае каштоўнасьцям. Але толькі трэба ўсьведамляць, што санкцыі ў гэтым выпадку трэба ўжыць да кіроўных рэжымаў ня менш як паловы краін-чальцоў ААН. У постсавецкай прасторы, санкцыі не павінны абмінуць ніводзін урад, акрамя, быць можа, прыбалтыйскіх (дый тое ня факт), а ўжо Казахстан ні пры якіх абставінах нельга было дапускаць да старшыняваньня ў АБСЭ.

5) Наданьне перабольшанага значэньня посьпеху ў пераарыентацыі зьнешняга гандлю Беларусі на Захад, на які цяпер прыпадае больш за палову беларускага экспарту. Лукас лічыць гэта настолькі важным, што заклікае пакласьці гэта дасягненьне ў аснову ўсёй дзейнасьці па ўцягваньні Беларусі ў арбіту прагрэсіўнага і добразычлівага Захаду. Пры гэтым ці то па наіўнасьці, ці то з-за вычарпаньня ідэяў, Лукас як бы не заўважае таго, што на Захад Беларусь прадае ў асноўным толькі тое, што прыйшло з Усходу (плюс, праўда, калійныя ўгнаеньні). Так, прадае ў перапрацаваным выглядзе, але тое, што прыйшло з Усходу. Тады як толькі на Ўсходзе можа Беларусь збыць прадукты свайго машынабудаваньня, высокатэхналягічнай прадукцыі і прадукцыі спажывецкага прызначэньня.

6) Прафанацыя вынікаў будаўніцтва саюзнай дзяржавы. Гэта зразумела, што над беларуска-расейскай інтэграцыяй не сьмяецца толькі лянівы. Патас на мільярд, а вынік на тысячу. Аднак жа Лукас - не журналіст НТВ, ён супрацоўнік уплывовага аналітычнага часопіса, які распаўсюджваецца ў глябальных маштабах. І ён павінен хаця б ведаць пра адзіную міграцыйную карту Беларусі і Расеі, пра адсутнасьць неабходнасьці прасіць дазвол на працу ў суседняй краіне, пра адсутнасьць мытні, пра шчыльную каапэрацыю у ваеннай сфэры, і пра вельмі разгалінаваныя эканамічныя сувязі. Наогул па апытаньні НІСЭПД (верасень 2009 г.), 80% беларусаў ня лічыць Расію замежнай краінай! На гэтым фоне размова аб адсутнасьці «практычных» вынікаў саюзнага будаўніцтва сьведчыць як мінімум пра недастатковую кампэтэнтнасьць. Можна па-рознаму да гэтага ставіцца, але нельга адмаўляць таго, што ў сьвеце няма дзьвюх іншых краін, больш блізкіх адна да адной, чым Беларусь і Расея. Безумоўна, такая блізкасьць багатая праблемамі для Беларусі, але гэта ўжо іншае пытаньне.

Увогуле, калі паспрабаваць усе шэсьць абэрацый лукасаўскай сьвядомасьці нанізаць на адзін стрыжань і даць яму найменьне, то з майго пункту гледжаньня гэта будзе культурная пыха. Менавіта яна пераважае ў навуковых мужоў накшталт Лукаса, менавіта яна падахвочвае да навешваньня цэтлікаў замест таго, каб цярпліва разабрацца ў прадмеце. Вось гэтая непазбыўная фанабэрыстасьць і ёсьць пажыўная глеба правальнай заходняй палітыкі ў адносінах да Рэспублікі Беларусь.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG