Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Фядута. Партрэт на фоне кратаў


Каго судяць за Плошчу: абвінавачаныя і асуджаныя ў крымінальнай справе аб масавых беспарадках 19.12.10 вачыма сяброў, калегаў, сваякоў.

Аляксандар Фядута, якога я па праву старога сяброўства называю Сашам ці Шурыкам, — сапраўды шырокі чалавек.

І ня толькі ў фізычным сэнсе. Ён ня ўпісваецца ні ў якія звыклыя катэгорыі і куточкі айчыннага грамадзкага жыцьця. Скажам, усе ведаюць, што Лукашэнку нам на шыю пасадзіў менавіта ён. І хаця да гэтай справы былі датычныя многія цяперашнія правадыры айчыннай дэмакратыі і ўладары думак, і нягледзячы на тое, што Фядута ці не адзіны прынёс за гэта публічнае, нікому насамрэч не патрэбнае пакаяньне, — прысуд не падлягае абскарджаньню: вінаваты ён і ніхто іншы.



Праўда, і найлепшую кнігу пра створанага ім Голема таксама напісаў доктар Франкенштайн — Фядута. Можа, ёсьць на чыйсьці густ і лепшыя, але гэтая кніга — і аўтабіяграфія, спроба патлумачыць, чаму інтэлектуалы робяцца "вучнямі чарадзея".

Памятаю, як пасьля перамогі Лукашэнкі на выбарах у 1994 годзе мне раптам пазваніў новасьпечаны кіраўнік ідэалягічнага ведамства новаабранага прэзыдэнта. Мы доўга сядзелі зь ім у парку Горкага, і ён тлумачыў мне сябе. І Лукашэнку.

Праўда, празь некалькі гадоў, калі Фядута быў ужо першым пяром БДГ, на маё паўжартаўлівае пытаньне: "А што ты атрымаў ад свайго хаджэньня ва ўладу?" — пачуў парадаксальнае: "Вы мяне прынялі. Каму быў цікавы камсамольскі правадыр? А былы ідэоляг прэзыдэнта — сам бачыш".


Дарэчы, перад Лукашэнкам, гледзячы па ўсім, ён таксама вінаваты больш за іншых. Ягоная пасадка, пры тым, што ён і на плошчы 19-га ня быў, апроч іншага — яшчэ і асабістая помста: крыўда за "здраду". Ці за тое, што з усіх сябраў той, ужо дагістарычнай каманды 1994 году Лукашэнка толькі Фядуту абавязаны больш, чым Фядута яму. Ці за арыстакратычны жэст, калі ідэоляг адміністрацыі ў 1994 годзе ўзяў на сябе адказнасьць за "белыя плямы" ў газэтах і сышоў у адстаўку.

А яшчэ Фядута любіць Пушкіна. Любоў Сашы да расейскага клясыка прыгадваюць яму ўсе, каму не лянота. Праўда, можа яшчэ больш любіць, што зусім ужо дзіўна, Булгарына, які ў дзяцінстве гуляўся ў касінераў Касьцюшкі. Фядута пра яго нават кнігу напісаў. І яшчэ — пра сучасных беларускіх паэтаў. Здавалася б, калі Пушкін і Булгарын, то якія сучасныя беларускія паэты? І наадварот. Але вось неяк у Сашы яны спалучаюцца. Цесна яму ў ідэалягічна правільных норках.

Пасьля вызваленьня


Цяжка сказаць, у якой ступені кампанія "Гавары праўду" абавязаная сваім нараджэньнем Фядуту. Мяркую, што ў немалой, асабліва ў ідэйным пляне. Надта шмат у яе ідэалёгіі было таго, да чаго ён заўсёды быў схільны: добразычлівае стаўленьне як да Расеі, гэтак і да Эўропы, былыя намэнклятурныя сувязі, своеасаблівае народніцтва. Камусьці гэты лад думак падабаецца, камусьці не, але гэта ягонае, не з чужога голасу падхопленае. І ён за гэта вельмі дорага заплаціў і працягвае плаціць.

Акрамя розных іншых чыньнікаў, было ў гэтым, і хіба не галоўным было, жаданьне выказаць сябе, як і ў 1994 годзе, кінуць выклік лёсу, вызначаць будучыню сваёй краіны.

Не ўдалося, як і тады. Праўда, з супрацьлеглых прычынаў. Але чалавек выражае сябе і ў шляху да мэты, ня толькі ў яе дасягненьні.

Падчас выбарчай кампаніі


Гэта, у прыватнасьці, увасобілася ў ягонай формуле "плошча адчаю", якую ён напісаў у сваім блогу напярэдадні 19 сьнежня. Было ў гэтым галічаўскае "можаш выйсьці на плошчу...". Калі вядзе ўжо не палітычны разьлік, а проста чалавечая годнасьць, калі непрыстойна ня выйсьці. Пасьля разгону плошчы ён сказаў: "Мая плошча наперадзе". Вось ён і стаіць на ёй.

І яшчэ адна далікатная акалічнасьць — наконт платы за свой выбар. Тут сапраўдным судзьдзём можа быць толькі той, хто сам гэта годна прайшоў. Таму нагадаю толькі, што ніякіх арыгінальных прызнаньняў і тлумачэньняў, ніякіх складаных гульняў, ніякіх відэастужак, якія трэба аспрэчваць і інтэрпрэтаваць, ад Фядуты з турмы не было. Банальна сядзеў, банальна трымаўся, ніякіх сэнсацыяў, турма — ня маці родная. Сядзеў, як і некаторыя ягоныя любімыя героі беларуска-польска-расейскай гісторыі.

Можа, менавіта дзякуючы свайму літаратурнаму і гістарычнаму досьведу Саша добра ведаў, з кім мае справу. І наконт улады, і наконт народу.

На прэзэнтацыі кнігі Ю.Дракахруста "Акцэнты Свабоды"


Сказаць, што Саша — анёл з крылцамі, — дык не, хаця жанр "партрэта на фоне кратаў" блізкі да агіяграфіі. Часам — халодны палітык, майстра хітрай камбінацыі, часам — паліттэхноляг, чыя прафэсія з рамантызмам і ідэалізмам несумяшчальная паводле вызначэньня, часам — рэзкі, жорсткі і нават злы палеміст. Ну не ікона і ня помнік самому сябе. Самалюбны, з воляй да ўлады, спакусай якой у 1994 годзе атруціўся, здаецца, назаўжды. А што — гэта так кепска? Недзе палітыкі пазбаўленыя прагі да ўлады і ня гэта рухавік іх асобы?



Але пры гэтым Саша і рамантык. У той размове ў парку над Сьвіслаччу ён казаў мне, што Лукашэнка стане заклінальнікам зьмеяў народных забабонаў, а іншыя, дый сам прэзыдэнт, будуць рабіць патрэбныя краіне рэформы. Гэтак і зараз плян перамоваў з урадоўцамі і сілавікамі, які Фядута агучвае цяпер і агучваў у ноч 19-га, не ўяўляецца мне асабіста цалкам рэалістычным, але сам Саша, відаць, у яго верыў. Хоць у той сытуацыі ўсе пляны былі прыкладна вартыя адзін аднаго.



Аднак Сашаў ідэалізм — не яго асабісты, гэта ідэалізм беларускага грамадзтва, якое другое дзесяцігодзьдзе, а па вялікім рахунку — каторае стагодзьдзе блукае, як габрэі па пустыні.

Калі Фядуту пасадзяць — гэта будзе вялікая памылка і грэх. Не, лепш бы нікога не саджалі, бо ўся справа яйка выедзенага ня вартая і ўсе калі і былі зь нейкага пункту гледжаньня вінаватыя, дык даўно сваімі суткамі і месяцамі гэтую віну выкупілі.

Але пасадзіць Фядуту — гэта яшчэ і адабраць у беларускага жыцьця яго квітучую складанасьць, зрабіць яго значна больш прымітыўным і злым. А гэтага і зараз маем з коптарам.

Юры Дракахруст, аглядальнік "Свабоды"






Усе партрэты на фоне кратаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG