Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Праваабаронцы асуджаюць звальненьне адваката Сапелкі


Беларускія праваабаронцаў выказваюцца з нагоды выключэньня з калегіі адвакатаў абаронцы палітвязьняў Паўла Сапелкі.









Уладзімер. Лабковіч: "Гэта яшчэ і абсалютна незаконнае рашэньне"


Лабковіч: "Безумоўна, гэта працяг ціску на адвакатаў, гэта вялізны ўдар па незалежнай адвакатуры ў прынцыпе. Бо тут бязь лішніх словаў можна сказаць тое, што Павал Сапелка быў адным з тых, хто заўсёды дапамагаў і прымаў удзел у палітычных працэсах, не зважаючы на запалохваньні і пагрозы. Тое, чым гэта завяршаецца — гэта яшчэ раз падкрэсьлівае, што ў Беларусі не існуе ня толькі незалежнай адвакатуры, пракуратуры і суду, але ж гэта яшчэ і абсалютна незаконнае рашэньне".


Бяляцкі: "Гэта развал усёй незалежнай адвакатуры ў Беларусі"


Кіраўнік праваабарончага цэнтру "Вясна" Алесь Бяляцкі:

"Гэта, што называецца, развал усёй незалежнай адвакатуры ў Беларусі з усімі трагічнымі наступствамі, фактычна, для ўсіх беларускіх грамадзян. Мала таго, што ў нас суды падзалежныя ўладзе, але на сёньня ствараецца такая сытуацыя, што адвакаты ня будуць бараніць сваіх падабаронных у тым выпадку, калі грамадзяне будуць выступаць супраць нейкіх дзяржаўных органаў. І гэта датычна абсалютна ўсіх спраў, ня толькі палітычных. Гэткім чынам, мы пазбаўляемся, фактычна, апошніх магчымасьцяў для аб'ектыўнай абароны, і дзяржава цалкам становіцца таталітарнай без усялякіх перашкодаў.

Акрамя таго, гэткім чынам адвакаты пазбаўляюцца права на працу і, канечне ж, перадусім паўстае пытаньне адносна працэсу 19 сьнежня, бо пачаткам для гэтых рэпрэсій быў актыўны ўдзел адвакатаў у абароне зьвінавачаных паводле тых падзей. І гэта сьведчыць пра тое, што сам працэс 19 сьнежня, ён набывае абсалютную палітычную афарбоўку, калі адвакаты будуць выконваць ролю маўклівых статыстаў. Міністэрства юстыцыі, фактычна, закрыла ім раты, і гэта яшчэ раз падкрэсьлівае, што нам вельмі цяжка будзе чакаць нейкага аб'ектыўнага разгляду ў судовых працэсах".


Г. Паганяйла: "Гэта беспрэцэдэнтны ціск, і я думаю, што падобная практыка працягнецца"


"Я думаю, што ўсё гэта ў рамках таго ж ціску на адвакатаў Менскай гарадзкой калегіі, якія абараняюць зьвінавачаных паводле падзеяў 19 сьнежня мінулага году. Павал Сапелка абараняе Андрэя Саньнікава, Паўла Севярынца і Зьмітра Дашкевіча. Што тут можна сказаць? Канечне, дрэнна, калі незалежны інстытут адвакатуры падлягае ціску з боку выканаўчай улады. Калі адвакаты вымушаныя хадзіць літаральна "па струнцы", каб, барані Бог, ня даць падставы для іх адлічэньня з калегіі. Канечне, гэта беспрэцэдэнтны ціск, і ўсе мы разумеем, што гэта зьвязана з тым, каб запалохаць адвакатаў, паралізаваць іх волю да таго, каб яны мужна і прынцыпова адстойвалі справы сваіх кліентаў, зьвінавачаных у масавых беспарадках. Канечне, гэта ўсё вельмі сумна. І я думаю, што падобная практыка працягнецца".


Валянцін Стэфановіч, намесьнік старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна”:


"Фактычна гэта азначае, што ён не мае права цяпер займацца адвакацкай дзейнасьцю. Якімі б юрыдычнымі абгрунтаваньнямі гэта не прыкрывалі, на мой погляд, прычыны ляжаць на паверхні. Павел Сапелка як адвакат вядомы сваёй прынцыповасьцю і сумленнасьцю. Ён удзельнічаў у нязручных для ўладаў справах, справах палітычна матываваных, абараняў апанэнтаў дзейнай улады. Пазбаўленьне Паўла Сапелкі права працаваць далей – гэта працяг ціску на адвакатаў, які мы назіралі раней. Маю на ўвазе і першую спробу выключыць спадара Сапелку з калегіі, калі было першае прадпісаньне Мінюста, але калегія не пайшла на гэта. Маю на ўвазе і пазбаўленьне чатырох адвакатаў ліцэнзіі. Усе гэтыя падзеі – з аднаго шэрагу.

Вельмі прыкра, што Сапелку выключылі са сваіх шэрагаў менавіта сябры калегіі. Прыкра, што пад дудку КДБ і Мінюста цяпер пачалі плясаць у тым ліку і органы адвакацкага самакіраваньня. Такім чынам усё грамадзтва пазбаўляюць ад абароны прафэсійнымі і сумленнымі адвакатамі". (узята з сайты Праваабарончага цэнтру "Вясна")

XS
SM
MD
LG