Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гандлёвыя войны раённага маштабу


У Беларусі нярэдкія факты, калі кіраўнікі ўладнай вэртыкалі забараняюць гандлёвым арганізацыям увозіць прадукты харчаваньня з суседніх рэгіёнаў. Пры гэтым спасылаюцца на тое, што павінны дбаць найперш пра інтарэсы ўласных вытворцаў. Прычыны і наступствы гэтай зьявы высьвятлялі карэспандэнты «Свабоды». Яны таксама цікавіліся меркаваньнямі пакупнікоў ды адмыслоўцаў.

ГОМЕЛЬШЧЫНА


Гомельскія гандляры абвяргаюць інфармацыю БТ

Некалькі дзён таму Беларускае тэлебачаньне паказала сюжэт, у якім паведаміла, што кіраўнік Гомельскага гарвыканкаму вусна забараніў гандляваць харчаваньнем зь іншых рэгіёнаў, апроч Гомельшчыны. Быў прадэманстраваны унутраны загад адной з мясцовых крамаў, паводле якога таваразнаўцам даведзены квоты адносна наяўнасьці прадуктаў свайго рэгіёна. У прыватнасьці, мясцовая каўбаса і малочныя прадукты павінны складаць 90% усяго асартыменту, а лікёра-гарэлачныя вырабы — сто працэнтаў.

Гомельскія гандлёвыя начальнікі пераконваюць, што ігнараваньне прадуктаў зь іншых рэгіёнаў назіраецца ў Беларусі паўсюдна. Тых тавараў, якія вырабляюцца ў рэгіёне, заўсёды больш, бо ад гэтага залежыць напаўняльнасьць мясцовага бюджэту:

«Зьезьдзіце ў Магілёў, у Менск, у Берасьце — каб там было 50 на 50. Знойдзеце — скажаце».
Пасьля выбараў жахліва вырасьлі цэны.

У Гомелі тым часам гарадзкія ўлады, нягледзячы на марознае надвор’е, правялі ў мінулыя выходныя зімовы кірмаш, дзе, за выключэньнем рыбы, спрэс прадавалі «свае» мясныя вырабы.

Гомельская пэнсіянэрка кажа, што кірмашы — справа неблагая. Шкада толькі, што цэны на выстаўленую прадукцыю надта кусаюцца:

«Я ня бачу, каб былі добрыя прадукты і каб яны былі таньнейшыя, чымсьці ў звычайных крамах. Для пэнсіянэраў гэта ня надта даступна. Пасьля выбараў жахліва вырасьлі цэны. На самыя асноўныя прадукты цэны вырасьлі — на малочныя прадукты, на хлеб. І цэны на цукар растуць вялізарнымі тэмпамі».

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


У рэгіёне створаныя адмысловыя аддзелы для кантролю за разьмеркаваньнем «сваіх» і «чужых» прадуктаў харчаваньня

Мясцовыя крамы раённых спажывецкіх таварыстваў падтрымліваюць вытворцаў менавіта са свайго рэгіёну. У выніку цярпяць найперш спажыўцы, нясуць страты вытворцы.

Прадстаўнікі райпо Берасьцейшчыны адзначаюць, што ў кожным спажыўтаварыстве цяпер створаны адмысловыя аддзелы, якія кантралююць паток тавараў. Функцыя такіх аддзелаў — падтрымка вытворцаў менавіта са свайго рэгіёну, кажа прадстаўніца Берасьцейскага райпо:

«Напрыклад, у нас ёсьць у Маларыце свой гароднінасушыльны завод, які вырабляе дзіцячае харчаваньне. А ёсьць і ў Віцебску падобнае прадпрыемства. Дык мы прадаём тавары менавіта свайго, маларыцкага вытворцы».

Абмежаваньні на ўвоз нашай прадукцыі — гэта прамое парушэньне антыманапольнага закону. Пра гэта добра памятаюць чыноўнікі, а таму ня пішуць пісьмовыя загады, а аддаюць вуснае распараджэньне.
На буйных прадпрыемствах у рэгіёне таксама існуюць аддзелы, якія адсочваюць сытуацыю на рынку. Так, напрыклад, у мінулым месяцы акцыянэрнае таварыства «Савушкін прадукт» сутыкнулася з тым, што не магло прадаваць сваю прадукцыю ў іншых абласьцях. Кажа прадстаўніца берасьцейскага прадпрыемства:

«Абмежаваньні на ўвоз нашай прадукцыі — гэта прамое парушэньне антыманапольнага закону. Пра гэта добра памятаюць чыноўнікі, а таму ня пішуць пісьмовыя загады, а аддаюць вуснае распараджэньне. Таму надзвычай складана нешта даказаць».

Цярпяць у такой сытуацыі найперш спажыўцы. Напрыклад, на Берасьцейшчыне складана ў крамах набыць цукар не Жабінкаўскага цукровага заводу.

«Вось, напрыклад, мы бярэм на продаж цукар выключна ад Жабінкаўскага цукровага заводу. Але калі няма вытворчасьці пэўнага тавару ў нашай вобласьці, то мусім браць тавары зь іншых абласьцей. Вось, напрыклад, Скідзель вырабляе цукар-рафінад, таксама фасуе цукар ва ўпакоўку па тры-пяць кіляграмаў. Таму часам набываем такі „чужы“ цукар для асартымэнту».

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


800 мільёнаў рублёў каштуе бюджэту ўтрыманьне чыноўнікаў, якія разьмяркоўваюць тавары ў гандлі рэгіёна

Утрыманьне Гарадзенскага аблвыканкаму сёлета абыдзецца падаткаплатнікам у 16,5 мільярда рублёў, толькі ўпраўленьню гандлю і паслугаў з гэтай сумы прызначаецца васямсот мільёнаў. У такіх умовах улады зацікаўленыя атрымаць зь мясцовых вытворцаў максымум падаткаў, ня толькі за падакцызныя тавары. Напрыклад, у Горадні ўсё радзей можна набыць малочныя прадукты вядомых беларускіх брэндаў, іх замяняюць мясцовымі харчамі.

Ад гарадзенцаў можна пачуць: толькі прызвычаіўся, пакаштаваўшы розныя, да нейкіх малочных прадуктаў, як яны раптам зьніклі з крамы. Жыхар Горадні спадар Раман:

«Тварог „Савушкін прадукт“, сьмятана „Бабуліна крынка“, вяршкі, ражанка — яны былі смачнейшыя і каштавалі таньней. І быў у людзей выбар, таму што кошты цяпер узрасьлі, у тым ліку на малочныя вырабы, на каўбасныя».

Спадар Раман кажа, што адсутнасьць канкурэнцыі перашкаджае паляпшаць якасьць харчоў:

«Вось гучаць заявы пра лібэралізацыю ў эканоміцы, каб інвэстараў прыцягнуць. Але рыначнай каньюнктуры, канкурэнцыі не назіраецца. Якая ж тут канкурэнцыя, калі вырабы амаль толькі гарадзенскіх прадпрыемстваў на прылаўках?»

За зьменамі ў крамах перш сочаць людзі сталыя, на пэнсію пражыць цяжка, але хочацца зьесьці хай няшмат, але смачна. Жыхар Горадні спадар Аляксей:

«Наш „Малочны сьвет“ слабейшы, Берасьце выйшла наперад. Калі бярэш іхні прадукт, дык ён даражэйшы, але, як казаў Гілевіч, там смак адчуваеш! А гэтая нашая пацяруха — гэта ж не малако. Канечне, мы адстаем у гэтым. Гэтая каньюнктура — нейкая адсябеціна: кожная вобласьць — гэта мы вось каралі, мы сваё толькі! Але калі не атрымоўваецца?»

Леанід Заіка
На просьбу «Свабоды» над прычынамі разьвязваньня гандлёвых спрэчак у рэгіёне разважае кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія», эканаміст Леанід Заіка:

«Я быў нядаўна ў Горадні. Бачыў, як добра там прадаюцца гатункі хлеба „Берестейский“ і „Могилевский“. Запытаў пра мясцовыя гатункі. Кажуць, што няма арыгінальных. Таму гарадзенскія хлебапёкі, як той казаў, „праселі“, прайграюць канкурэнцыю нават на сваім рынку».

Далей Леанід Заіка кажа, што прычына адсутнасьці здаровай канкурэнцыі гандлёвых прадпрыемстваў у рэгіёнах — чыноўнікі. Яны ўмешваюцца ў арганізацыю гандлю, пазбаўляючы тым самым спажыўцоў аддаваць перавагу сапраўды якасным прадуктам.

«Першае, што палохае мясцовых чыноўнікаў, — гэта магчымасьць страціць сваё месца. Яны ж прызвычаіліся кіраваць усім і ўсімі. А ў зьмененых умовах патрэбныя мадэрнізацыя прамысловасьці, новы маркетынгавы склад, мэнэджмэнт. Таму яны і ўляцелі цяпер, як гаворыцца».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG