Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ, у адпаведнасьці зь якім ад 1 сакавіка скасоўваецца дзяржаўнае рэгуляваньне цэнаў на шэраг тавараў і паслуг. Якія эканамічныя працэсы паўплывалі на прыняцьце гэтага рашэньня, а таксама як свабоднае цэнаўтварэньне паўплывае на пакупніцкую здольнасьць насельніцтва.

У адпаведнасьці з указам здымаецца абмяжоўваньне цэнаў на тавары беларускай вытворчасьці і на шэраг паслуг. Дакумэнт быў падпісаны ў пятніцу, 25 лютага, аднак напярэдадні ягонага ўступленьня ў сілу ні ў прэзыдэнцкай адміністрацыі, ні ў Савеце міністраў, ні ў Міністэрстве эканомікі ня здолелі дэталёва патлумачыць, на якія тавары і паслугі цэны будуць вольныя, а на якія — застануцца пад кантролем дзяржавы. Да прыкладу, вось што паведаміла прадстаўніца Мінэканомікі Людміла Казека:
Адна рэч — што мы рыхтавалі на папярэдніх этапах, і — канчатковая рэдакцыя ...

"Указ быў падпісаны ў пятніцу пад вечар. Ну скажыце, як за выходныя, пра што і які камэнтар можна рыхтаваць? Каб зьмясьціць нейкі пералік тавараў, то трэба бачыць сам указ, бо ён рыхтаваўся, але ў яго ўносіліся і ўдакладненьні ўсімі органамі, якія былі задзейнічаны, у тым ліку адміністрацыяй прэзыдэнта. Адна рэч — што мы рыхтавалі на папярэдніх этапах, і — канчатковая рэдакцыя. Таму камэнтара — вы ж разумееце — яго быць ня можа".

Кіраўнік дэпартамэнту цэнавай палітыкі Мінэканомікі Ігар Фамін паведаміў "Свабодзе", што на гэтую тэму рыхтуецца адмысловы брыфінг, аднак у прэсавай службе ня здолелі паведаміць, дзе і калі ён адбудзецца. Тым часам інтэрнэт-сайт Мінэканомікі і Адміністрацыі прэзыдэнта падае дадатак да прэзыдэнцкага ўказу зь пералікам тавараў і паслуг, якія застаюцца пад кантролем дзяржавы. Яны тычацца камунальнай гаспадаркі, адукацыі, аховы здароўя, сельскай гаспадаркі. У дакумэнце яны пазначаны толькі ўмоўна: "сацыяльна значныя тавары (работы і паслугі) паводле пераліку, які вызначае Савет Міністраў", "платныя мэдычныя паслугі, "сельскагаспадарчая прадукцыя, якая набываецца для дзяржаўных патрэб" (па ўзгадненьні зь Міністэрствам эканомікі). Вось як гэта пракамэнтаваў эканаміст Міхась Залескі:

Міхась Залескі
"Гэтых інструкцыяў пакуль што няма, бо дзяржаўны апарат ня ў стане працаваць з такой хуткасьцю — гэта па-першае. Па-другое — такія рэчы звычайна ўзгадняліся зь міністэрствамі працы, фінансаў, эканомікі. Акрамя таго, у нас у гэтую праблему замяшанае Міністэрства аховы здароўя, якое вызначае мінімальныя нарматывы, неабходныя для выжываньня чалавека. Такой жа ідэі не прагучала, што мы адмаўляемся ад рэгуляваньня: так, застаюцца пад кантролем сацыяльна значныя тавары, а якія ў нас тавары сацыяльна значныя? Праблема ж у тым, што для кожнага чалавека свой тавар сацыяльна значны. Да прыкладу, грэчка для мяне — не істотны тавар, а для дыябэтыка яна жыцьцёва неабходная. Кожны чалавек сам ведае свой сацыяльна значны тавар. А вось гэты камуністычны падыход — усіх пад адзін грабянец — ён зараз і спрацоўвае".

Падставай для вызваленьня цэнаў мог стаць як эканамічны, так і палітычны фактар: зьніжэньне ўнутрыэканамічных рэсурсаў і патрабаваньне рэформаў і лібэралізацыі з боку міжнародных фінансавых структур. Аднак істотнага ўплыву на эканоміку і спажывецкі рынак новы парадак рэгуляваньня цэн мець ня будзе, мяркуе эканаміст Леанід Злотнікаў:

Леанід Злотнікаў
"Шмат фактараў уплывае на гэтае рашэньне: і сваё ўнутранае становішча, і патрэба прыцягваць у Беларусь інвэстараў і крэдыты. Але трэба сказаць, што ўсё гэта было і раней. Крыху менш стане тавараў і паслугаў, якія рэгулююцца. І гэта не істотная лібэралізацыя цэнаў, якая мала паўплывае на лібэралізацыю".

Згодна з афіцыйнай інфармацыяй, па выніках 2010 году Беларусь заняла трэцяе месца сярод краінаў былога СССР паводле росту спажывецкіх цэнаў — яны вырасьлі на 9,9%.
XS
SM
MD
LG