Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра гэта часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Майкл Скэнлан паведаміў у інтэрвію БелаПАН. Ён адзначыў, што, згодна з амэрыканскім заканадаўствам, сьпіс неўязных — закрыты дакумэнт і не можа быць абнародаваны.

«Але пасьля 19 сьнежня гэты сьпіс папаўняўся імёнамі людзей, якія маюць дачыненьне да рэпрэсій, і ён працягне папаўняцца імёнамі тых, хто мае дачыненьне да так званых працэсуальных дзеяньняў, што зараз робяцца», — сказаў дыплямат. «Прычына, з-за якой імёны ўносяцца ў наш сьпіс і ў сьпіс ЭЗ, — адна і тая ж, што яшчэ раз сьведчыць аб пастаяннай шчыльнай каардынацыі нашых дзеяньняў у дачыненьні да Беларусі», — сказаў М. Скэнлан.

Ён таксама паведаміў, што пасьля ўвядзеньня Злучанымі Штатамі
Мы ня будзем гандляваць прынцыпамі, якія датычацца права беларусаў жыць у дэмакратычным грамадзтве.
эканамічных санкцый у дачыненьні да канцэрна «Белнафтахім» беларускі экспарт у ЗША зьнізіўся амаль на мільярд долараў, з 1 мільярда 100 мільёнаў даляраў да 175 мільёнаў даляраў .

Паводле сп-ра Скэнлана, амэрыканская «палітыка санкцый уяўляе сабой простае матэматычнае ўраўненьне»: «Калі ў Беларусі будзе паляпшэньне сытуацыі з правамі чалавека, на што мы спадзяемся, адбудзецца аслабленьне санкцый. Калі будзе пагаршэньне — санкцыі ўзмоцняцца, што мы ўжо прадэманстравалі. Гэта не павінна быць навіной для беларускага ўрада, бо мы заўсёды пасьлядоўна прытрымліваліся такой палітыкі».

Дыплямат таксама заўважыў, што ЗША ня маюць намеру гандляваць прынцыпамі дзеля аднаўленьня колькасьці сваёй амбасады ў Менску.

У 2008 годзе Беларусь запатрабавала скараціць пэрсанал амэрыканскай амбасады з 35 да 5 супрацоўнікаў.

"Мы ня лічым, што павінны быць нейкія абмежаваньні па колькасьці дыпляматаў ні ў нашай амбасадзе ў Менску, ні ў беларускім – у Вашынгтоне. Ці зьменіцца гэтая сытуацыя, лепш спытаць у беларускага ўраду, – сказаў часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі. – Але я хацеў бы падкрэсьліць, што мы ня будзем гандляваць прынцыпамі, якія датычацца права беларусаў жыць у дэмакратычным грамадзтве, дзе выконваюцца правы чалавека, узамен на павелічэньне колькасьці амэрыканскіх супрацоўнікаў у нашай амбасадзе”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG