Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грамадзкі рух імя Юрыя Захаранкі «Абаронцы айчыны» прызнаў экс-кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева «Рыцарам году» і ўшанаваў яго ганаровай прэміяй «З адкрытым забралам» за 2010 год. Гэтая прэмія ўручаецца за найбольшы ўнёсак у барацьбу за законнасьць у Беларусі.

Кіраўнік руху, праваабаронца Алег Воўчак: «Уладзімер Някляеў зрабіў сапраўдны прарыў у палітыцы дзякуючы дзейнасьці кампаніі „Гавары праўду“ і сваёй выбарчай барацьбой. Яшчэ ў 1999 годзе ён заявіў, што легітымнасьць Аляксандра Лукашэнкі сканчылася, і летась пасьлядоўна змагаўся за тое, каб выбары праходзілі бяз гэтага чалавека. Някляеў ішоў зь людзьмі на плошчу і пацярпеў як ніхто, але не скарыўся. Мы намініравалі на прэмію „З адкрытым забралам“ і ганаровае званьне „Рыцар году“ ўсіх кандыдатаў у прэзыдэнты, акрамя Лукашэнкі, Раманчука і Цярэшчанкі. Перамог Някляеў».

Прэмію «З адкрытым забралам» і ганаровы дыплём «Рыцар году» сам Уладзімер Някляеў атрымаць ня змог — пасьля «амэрыканкі» ён знаходзіцца пад хатнім арыштам у сваёй кватэры, выходзіць зь якой яму забаронена. Узнагароду за Някляева атрымала ягоная жонка Вольга:

«Паводле словаў Уладзімера Пракопавіча, для яго ўсе рыцары — тыя, хто не пабаяліся і прыйшлі 19 сьнежня на Плошчу. Гэта самыя лепшыя людзі Беларусі, і мы мусім імі ганарыцца».

У мінулыя гады прэміяй «З адкрытым забралам» і ганаровым званьнем «Рыцар году» актывісты руху імя Юрыя Захаранкі «Абаронцы айчыны» ўшаноўвалі дэпутата Валера Фралова, праваабаронцу Гары Паганяйлу, палітыка Аляксандра Казуліна, прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча, журналіста Аляксандра Тамковіча, вэтэрана Аўганістана Аляксандра Камароўскага.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG