Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэдык: "Стаўленьне да здароўя Зьмітра Буланава — антыканстытуцыйнае"


Гісторыя, якую расказала "Свабодзе" Клаўдзія Буланава, маці арыштаванага за Плошчу 26-гадовага Зьмітра Буланава, выклікала розгалас у мэдычных колах. На погляд лекараў, такое ігнараваньне скаргаў хворага ў звычайным жыцьці па-за кратамі — падстава для судовага пазову. Згодна з Канстытуцыяй краіны, кожны грамадзянін Беларусі, незалежна ад таго, на волі ён ці ў няволі, мае права на належную мэдычную дапамогу.

Эпікрыз быў праігнараваны гэтаксама, як і скаргі хворага


Як сьведчыць Клаўдзія Буланава, упершыню пра сынавы скаргі на здароўе яна даведалася зь яго ліста, які атрымала 28 студзеня. Зьміцер пісаў пра моцныя болі ў горле. Гэта не магло не занепакоіць маці, бо раней, яшчэ да арышту, падобная незалечаная інфэкцыя выклікала ў юнака рэўматалягічныя ўскладненьні. Былі закранутыя і сэрца, і ныркі, што лекары і запісалі ў эпікрызе, абсьледаваўшы Зьмітра ў адным зь менскіх стацыянараў. У выпісцы таксама ўтрымліваюцца рэкамэндацыі адмыслоўцаў, як пазьбягаць рэцыдыву і што рабіць у выпадку абвастрэньня. Гэты эпікрыз і перадала лекару "Валадаркі" маці арыштанта 1 лютага. Як сьведчыць жанчына, гэтая выпіска была праігнараваная гэтаксама, як і ўсе папярэднія скаргі сына. Праз тры тыдні Зьміцер ужо ня змог устаць з ложка.

Буланава: "Раніцай 18 лютага ён ня змог устаць з ложка з-за моцных боляў у суставах, настолькі яны запаліліся. Нават да прыбіральні яго несьлі на руках. Ён стаў прасіць, каб яму аказалі дапамогу. Але ніхто не адгукнуўся. І калі ўжо ўсе 30 чалавек пачалі грукаць у дзьверы, яму далі дыклафэнак, і тады ён сваімі нагамі змог сам прыйсьці да адваката. Я ня ведаю, ні як выглядае мой сын, ні як ён сябе адчувае. Я хадзіла да лекара “Валадаркі” і прасіла зрабіць абсьледаваньне. Ён сказаў, што для гэтага трэба зрабіць разгорнутыя аналізы. А ў іх гэта ня робяць. Тады, кажу, зьмясьціце яго туды, дзе можна зрабіць разгорнуты аналіз. Маўчаньне. З гэтым і выйшла. Вось і ўсё".

У сваёй скарзе пракурору Клаўдзія Буланава адзначае, што ў выніку нялюдзкага стаўленьня адміністрацыі СІЗА да арыштантаў "яе сын знаходзіцца на мяжы страты ня толькі здароўя, але і жыцьця".

Паводле яе слоў, умовы ўтрыманьня ў гэтай установе, дзе ў камэры сядзіць па 30 чалавек, не даюць магчымасьці аднавіць здароўе, нават калі прымаць мэдычныя прэпараты".

А раптам штосьці сур’ёзнае здарыцца з хлопцам?


"Свабода" папрасіла пракамэнтаваць гэтую гісторыю двух лекараў — зь Менску і з Бэрліну.
Гэта ж не пустэча, а Менск. Яны мусяць кансультацыю рэўматоляга арганізаваць ды аналізы зрабіць. Тое, што яны без павагі ставяцца да выпісак — я ня ведаю, як гэта можна характарызаваць.

Як кажа загадчык аддзяленьня аднаго зь менскіх шпіталяў Аляксандар, тое, што ў Зьмітра рэцыдыў і паўторная атака захворваньня, — відавочна. Гэта можа быць рэактыўны артрыт, а можа, і рэўматычны артрыт. І лячыць захворваньне трэба ў адпаведнасьці з рэкамэндацыямі, якія пазначаныя ў эпікрызе, пры непасрэдным удзеле спэцыялістаў-рэўматолягаў

Аляксандар: "Гэта – канстытуцыйнае права! Тут нават пытаньняў няма. Тут трэба рабіць аналізы на рэўматоідны фактар, на іншыя спэцыфічныя для запаленьняў рэчы. Узялі кроў і адвезьлі ў тую ж 9-ю клініку, у лябараторыю, дзе робяцца рэўматалягічныя аналізы. Гэта ж не пустэча, а Менск, цэнтар Эўропы, як прынята ў нас гаварыць. Тут горад вялікі, яны павінны прынамсі кансультацыю рэўматоляга арганізаваць. Тое, што яны без павагі ставяцца да выпісак — я ня ведаю, як гэта можна характарызаваць. А раптам зь ім штосьці складанае здарыцца, крый Божа?"

Як кажуць мэдыкі, звычайна, калі хворы чалавек ідзе да лекара і паказвае выпіскі, а той кажа — мне да гэтага няма справы, буду лекаваць, як лічу патрэбным, — на яго падаюць скаргу ў суд у сувязі з неадпаведнасьцю яго дзеяньняў.

Гісторыя з палітвязьнямі — замах ня толькі на іх здароўе


Замахам на здароўе, паводле мэдыкаў, можна назваць і ўмовы ўтрыманьня ў перапоўненых камэрах. Калі не выконваюцца адпаведныя нормы вэнтыляцыі паветра, каб памяшканьне не перапаўнялася вуглякіслым газам, умовы такой камэры становяцца ідэальнымі для распаўсюджваньня разнастайных небясьпечных інфэкцыяў. Танзіліт Зьмітра, такія дыягназ быў зроблены на Валадарцы, быў выкліканы стрэптакокавай інфэкцыяй, якая ў якасьці аддаленых наступстваў можа прывесьці да сур’ёзнай паталёгіі сэрца, нырак, суставаў.

Тым часам бэрлінскі псыхааналітык Карл-Гайнц Бомбэрг, які ў часы ГДР адседзеў 3 месяцы ў турме Штазі, сьведчыць, што сярод яго пацыентаў ёсьць ня толькі непасрэдныя ахвяры рэжыму Хонэкера, але і іх сваякі. Бясконцыя перажываньні за лёс блізкіх, якія апынуліся за кратамі, за тыя зьдзекі і зьнявагу, якія тым чыніла турэмная адміністрацыя, сур’ёзна адгукнуліся ўжо празь некалькі гадоў пасьля падзеньня Бэрлінскага мура. Сваякі скардзіліся на нематываваную трывогу, пакутавалі на бяссоньне, дрыжаньне рук, нэрвовыя зрывы. У іх пачынала разьвівацца хуткая ці, наадварот, запаволеная гаворка, расьсеяная ўвага (напрыклад, яны часта забывалі дзесьці сумкі, гублялі дакумэнты і г.д.).

Як сьведчыць доктар Бомбэрг, усе гэтыя псыхатраўмы патрабуюць складанай і працяглай псыхатэрапіі, аднак канчаткова вылечыцца ад іх немагчыма.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG