Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Клаўдзія Буланава занепакоеная станам здароўя свайго сына Зьмітра, абвінавачанага па крымінальнай справе аб масавых беспарадках. Яго трымаюць у сьледчым ізалятары № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску. Маці накіравала паўторную скаргу ў пракуратуру.

26-гадовага Зьмітра Буланава затрымалі на плошчы Незалежнасьці ў Менску і арыштавалі на 10 сутак. 12 студзеня яго зноў зьмясьцілі ў турму на Акрэсьціна. З 14 студзеня яго трымаюць пад вартай.

Клаўдзія Буланава распавяла, што падавала скаргу і на тое, «як зьбілі сына падчас затрыманьня, расьсеклі галаву, як яго забіралі, як вялі сьледзтва, як дапытвалі без адвакатаў». Яна сказала, што стан здароўя сына кепскі, у яго ёсьць ускладненьні сэрца і ныркі, у яго пачаліся рэўматычныя атакі. Таму Клаўдзія Буланава просіць зьмяніць сыну меру стрыманьня. Таксама ёй дагэтуль не дазволілі ніводнай сустрэчы.

«Зьміцер знаходзіўся ў перапоўненай камэры, дзе было каля трыццаці чалавек. Пастаянныя скразьнякі. Ён там прастудзіўся. У яго абвастрыліся ўсе захворваньні. Ён мне напісаў, што горла баліць, я яму перадала лекі. Але ўзялі ня ўсе. Інгаліпт перадаць не дазволілі. Ён пісаў, што асаблівага паляпшэньня няма. Нягледзячы на тое, што ён зьвяртаўся ў мэдычную частку, да яго лекары не прыходзілі. І вось 18 лютага ён ня змог устаць з ложка. У гэты дзень да яго прыйшла адвакат. Потым яна мне распавяла, што ў Зьмітра стан здароўя ня вельмі добры. Раніцай ён ня змог устаць з ложка з-за моцных боляў у суставах. Нават да прыбіральні яго несьлі на руках. Ён стаў прасіць, каб яму аказалі дапамогу. Але ніхто не адгукнуўся. І калі ўжо ўсе 30 чалавек пачалі стукаць у дзьверы, яму далі дыфлакенак, і тады ён змог сам прыйсьці да адваката. Сёньня атрымліваю ліст ад яго, што 18-га Зьмітра перавялі ўсё ж у лякарню».

Клаўдзія Буланава сёньня пабывала на прыёме ў СІЗА.

«Я спытала ў лекара, ці патрэбныя нейкія дадатковыя лекі. Папрасіла зрабіць абсьледаваньне. Ён сказаў, што для абсьледаваньня трэба зрабіць разгорнутыя аналізы. А ў іх гэта ня робяць. Тады, кажу, зьмясьціце яго туды, дзе можна зрабіць разгорнуты аналіз. Маўчаньне. З гэтым я сёньня і выйшла».

Клаўдзія Буланава сказала, што для хворага сына не зьнялі абмежаваньне на перадачы.

«Ня ведаеш, у якія дзьверы стукацца, дзе адгукнуцца. Усюды толькі адно: «Не!»

Зьміцер Буланаў нарадзіўся ў Менску 25 жніўня 1984 году. Скончыў мэдычную вучэльню, працаваў у шпіталі, сур’ёзна захапляецца музыкай. Палітыкай не займаўся, ніколі ня быў сябрам палітычных партыяў і рухаў. Затрыманы і зьбіты падчас разгону мірнай акцыі 19 сьнежня, яму расьсеклі галаву. Асуджаны на 10 сутак арышту. Пасьля вызваленьня з ізалятару на Акрэсьціна быў затрыманы паўторна 12-га студзеня 2011 г. толькі за тое, што адмовіўся ісьці на допыт без афіцыйнай позвы. Супрацоўнікі міліцыі прыехалі да яго дадому і заявілі: не зьявіўся па іх званку — значыць, вінаваты. Некалькі гадзін чакаў сьледчага у сьледчай управе на вуліцы Сапёраў, дачакаўся толькі пастановы пра статус падазраванага па справе аб масавых беспарадках. Мерай стрыманьня спачатку абралі затрыманьне на 3 дні, два зь іх зноў правёў у турме на Акрэсьціна, потым яго перавялі ў СІЗА па вул. Валадарскага, — паведамляе сайт праваабарончай арганізацыі «Вясна».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG