Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нягледзячы на цёмныя хмары палітычных рэпрэсій заходні бізнэс па-ранейшаму цікавіцца Беларусьсю. Апошняе сьведчаньне гэтага – "Беларускі дзень фінансавых рынкаў”, арганізаваны ў Менску Міністэрствам эканомікі Беларусі ў лютым.

Deutsche Bank, London Stock Exchange і шэраг аўтарытэтных кансалтынгавых фірмаў былі сярод спонсараў падзеі. Мэтай мерапрыемства было патлумачыць прадстаўнікам буйных беларускіх дзяржаўных прадпрыемстваў, такіх як МАЗ, Мазырскі НПЗ і Беларусбанк, як яны могуць cкарыстацца міжнароднымі рынкамі капіталу. Відавочна, што беларускія ўлады хочуць прадэманстраваць інвэстарам сур’ёзнасьць сваіх прыватызацыйных плянаў.

Гэтай практычнай падзеі папярэднічала больш тэарэтычная. Усяго празь некалькі дзён пасьля разгону 19 сьнежня намесьнік міністра эканомікі адкрыў навуковую канфэрэнцыю, падрыхтаваную Беларускім эканамічным навукова-адукацыйным цэнтрам (BEROC). BEROC – гэта аналітычны цэнтар, які спрабуе прыцягнуць эканамістаў беларускага паходжаньня з усяго сьвету, каб тыя падзяліліся сваімі ведамі. Ініцыятыва належыць Алегу Цывінскаму і Міхаілу Голасаву, маладым прафэсарам Ельскага ўнівэрсытэту, якія зьехалі ў 1990-х зь Беларусі, каб вучыцца ў асьпірантуры ў Злучаных Штатах.

Прыемна, што беларускія ўлады думаюць пра эканамічную лібэралізацыю, нават калі гэта робіцца выключна з-за эканамічнага ціску з Усходу і Захаду. Але такая канцэнтрацыя на эканамічнай палітыцы замінае ім бачыць іншы бок мэдаля, а менавіта прававую нестабільнасьць. Незалежна ад таго, наколькі эфэктыўныя эканамічныя мэтады, інвэстары наўрад ці дадуць шмат за беларускія прадпрыемствы, калі ў краіне будзе і найдалей панаваць прававая нестабільнасьць.

У краінах са стабільнымі прававымі сыстэмамі зьмены ў законах займаюць шмат месяцаў, а часам і гадоў з-за неабходнасьці максымальна ўлічыць інтарэсы ўсіх бакоў. У Беларусі, дастаткова аднаго дня, каб прэзыдэнт падпісаў дэкрэт, які можа зьмяніць ці адмяніць любы закон, не кажучы ўжо пра кантракты паміж прадпрымальнікамі. Адзін дэкрэт можа цалкам зьмяніць падатковы рэжым, ці нават экспрапрыяваць актывы нейкай кампаніі. Такая аўральная праватворчасьць можа мець сэнс у ваенны час, але не ў пэрыяд стабільнасьці. У дадатак, суды Беларусі ня маюць рэпутацыю асабліва незалежных, нават у пытаньнях, якія зусім ня маюць дачыненьня да палітыкі.

У выніку, калі сур'ёзныя інвэстары прыходзяць у краіну, яны вымушаны ўлічваць гэтую нестабільнасьць у дадатак да палітычных рызыкаў. Таму беларускія ўлады не павінны зьдзіўляцца, калі замежнікі будуць прапаноўваць вельмі сьціплыя сумы за прыватызаваныя прадпрыемствы ў Беларусі. Для многіх інвэстараў бізнэс у Беларусі – гэта новая і цікавая лятарэя зь вельмі няпэўным шанцам на выйгрыш.

Варта адзначыць, што прававая стабільнасьць, павага прыватнай уласнасьці і незалежнасьць судоў уласьцівыя ня толькі дэмакратычным краінам. Сынгапур, паводле дадзеных Сусьветнага Банку, на працягу многіх гадоў зьяўляецца краінай з самым спрыяльным бізнэс-кліматам. Але разам з тым палітычныя свабоды і правы чалавека ў Сынгапуры зьяўляюцца вельмі абмежаванымі. Рэжым краіны часта называюць "аўтарытарны капіталізм", што не перашкаджае краіне мець адзін з самых высокіх у сьвеце паказчыкаў па замежных інвэстыцыях на душу насельніцтва.

Замежныя інвэстары наўрад ці маюць сумневы, што ў Беларусі пануе аўтарытарызм. Пераканаць іх, што ў краіне таксама капіталізм – задача значна больш складаная.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG