Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнік гаспадарчай управы: «Магчыма, ад прэтэнзій адмовімся»


Прадстаўнік галоўнай гаспадарчай управы Адміністрацыі прэзыдэнта Дзьмітрый Лепеш ня выключыў, што ў будучыні заявіць пра адмову ад прэтэнзій у сувязі са стратамі, якія нанесьлі Дому ўраду ўдзельнікі падзей 19 сьнежня, калі праваабаронцы кампэнсуюць гэтыя страты.

Што ведаюць самі вязьні «амэрыканкі» пра падаўжэньне тэрміну папярэдняга расьсьледаваньня іхніх спраў?

21 лютага група беларускіх праваабаронцаў сустрэлася з загадчыкам юрыдычнага аддзелу Галоўнай гаспадарчай управы Адміністрацыі прэзыдэнта Дзьмітрыем Лепешам, які падтрымліваў грамадзянскі пазоў аб кампэнсацыі стратаў Дома ўраду на нядаўнім працэсе над актывістам «Гавары праўду» Васілём Парфянковым. Праваабаронцы прапанавалі за кошт сабраных грамадзянамі грошай кампэнсаваць страты, якія нанесьлі ўдзельнікі падзей 19 сьнежня будынку Дома ўраду — гэта 14 мільёнаў рублёў. Праваабаронца Валянцін Стэфановіч паведаміў «Свабодзе», што спадар Лепеш даў абяцаньне не падтрымліваць больш грамадзянскія пазовы аб кампэнсацыі стратаў, калі 14 мільёнаў рублёў будуць пералічаныя на рахунак установы. Ужо ў першай палове дня грошы былі пералічаныя, паведаміў Валянцін Стэфановіч:

«У нас ёсьць копіі квітанцый, дзе напісана, што ў якасьці пагашэньня стратаў па такім і такім адрасе пералічана такая і такая сума. Такім чынам, заўтра адвакату гэтыя копіі перадамо, і ён пра іх у судзе заявіць».

У другой палове дня карэспандэнту «Свабоды» ўдалося дазваніцца да Дзьмітрыя Лепеша з Галоўнай гаспадарчай управы Адміністрацыі прэзыдэнта:

«Праваабаронцы кажуць, што ўжо аплацілі рахунак паводле стратаў, нанесеных Дому ўраду, і што вы паабяцалі, што адмовіцеся заўтра на працэсе ад прэтэнзіяў. Гэта так ці не?»

Лепеш: «Магчыма. Я сказаў, магчыма».
Магчыма. Я сказаў, магчыма.


«А што наконт прэтэнзій да Васіля Парфянкова? Яму ж суд таксама выставіў тыя ж 14 мільёнаў. Калі вам іх кампэнсуюць, вы з Парфянкова будзеце браць грошы ці не?»

Лепеш: «Дадаткова браць ня будзем».

22 лютага, у Маскоўскім судзе Менску адбудзецца працэс над грамадзянамі Расеі Іванам Гапонавым і Арцёмам Брэўсам. Іх абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых непарадках 19 сьнежня, вынікам якіх стала нанясеньне матэрыяльных стратаў Дому ўраду.

19 лютага скончыўся тэрмін папярэдняга расьсьледаваньня спраў абвінавачаных па гэтай справе. Паводле крыніцы ў праваахоўных органах, на якія спасылаецца Інтэрфакс, тэрмін расьсьледаваньня ўсім абвінавачаным працягнуты да 5 месяцаў. Пры гэтым нават адвакатам пра гэта яшчэ нічога не паведамілі, пацьвердзіла жонка Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч:

«Сёньня мы паўдня праседзелі ў прыёмнай КДБ з адвакатам, зноў ня трапілі, і пры гэтым ніхто не палічыў патрэбным сказаць хоць слова адвакату, ці працягнутае расьсьледаваньне».

Карэспандэнт: «А калі ў вашым выпадку была апошняя сустрэча з адвакатам?»

«29 сьнежня, як выставілі абвінавачаньне. З таго часу больш ніколі».

Гэтаксама з 29 сьнежня мінулага году не было сустрэч з адвакатам у Сяргея Марцалева, даверанай асобы Мікалая Статкевіча. Пра гэта паведаміла бабуля вязьня Зоя Яўменава.
Сказаў, што з гэтым рэжымам ён супрацоўнічаць ня будзе.

Назіральнікі мяркуюць, што Мікалай Статкевіч, хутчэй за ўсё, па-ранейшаму адмаўляецца кантактаваць са сьледчымі. Дарэчы, гэтаксама як і адзін зь лідэраў БХД Павал Севярынец.

Маці вязьня Тацяна: «Ведаю, што Павал адмовіўся ад супрацоўніцтва. Не дае ніякіх паказаньняў. Сказаў, што з гэтым рэжымам ён супрацоўнічаць ня будзе. Я сёньня размаўляла з Настай Палажанкай. Яна сказала, што ведае пра гэта з пэўных крыніц».

Наста Палажанка паведаміла сёньня «Свабодзе», што дагэтуль сьледчы не вярнуў ёй пашпарт, мабільны тэлефон і асабістыя рэчы. Яе вызвалілі з турмы КДБ пад падпіску пра нявыезд 17 лютага. Актывістка «Маладога фронту» сказала, што мае намер заўтра прыйсьці на працэс над расейцамі Арцёмам Брэўсам і Іванам Гапонавым.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG