Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці стане першы прысуд мадэльлю будучых палітычных працэсаў?


Першага фігуранта справы 19 сьнежня Васіля Парфянкова ў чацьвер пакаралі чатырма гадамі строгага рэжыму. У чым асаблівасьці гэтага працэсу? Чым тлумачыцца такая жорсткасьць прысуду? Якой тактыкі будуць прытрымлівацца ўлады адносна фігурантаў справы 19 сьнежня?

Удзельнікі: старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак і намесьнік старшыні незарэгістраванага праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч.

Алег Гулак
Валянцін Стэфановіч
Валер Карбалевіч

У чым асаблівасьці гэтага працэсу?


Валер Карбалевіч: «Адбыўся першы працэс над палітзьняволеным па справе 19 сьнежня. Да лёсу палітвязьняў прыкавана ўвага беларускай і міжнароднай супольнасьці. Ад вынікаў гэтых працэсаў залежаць дачыненьні з Захадам і нават з Расеяй, улічваючы, што зьбіраюцца судзіць і двух расейскіх грамадзян. Якія асаблівасьці першага працэсу?»

Алег Гулак: «Найперш, добра, што працэс быў адкрыты і за ім можна было назіраць. Вынаходкаю беларускай Фэміды ў гэтым працэсе стала тое, што такія сур’ёзныя абвінавачваньні, як масавыя беспарадкі і папярэдняя змова, былі разгледжаныя судом амаль за тры гадзіны.

У якасьці доказаў выкарыстоўваліся паказаньні двух сьведкаў. Адзін зь іх пацьвердзіў тое, што казаў сам Парфянкоў, а другі адмовіўся ад дачы паказаньняў.

Нам кажуць, што Парфянкоў часткова прызнаў віну. Але фактычна ён яе не прызнаў. Ён не прызнаў ані ўдзелу ў масавых беспарадках, ані змовы. Судом быў дасьледаваны пратакол агляду месца здарэньня. Ён адлюстраваў, што на плошчы было бітае шкло, жалязякі і бутэлькі. Але экспэртыза не змагла вызначыць, каму яны належалі.

На відэаматэрыялах відаць, што Парфянкоў разам зь дзясяткам чалавек грукае ня ў шкло, а ў драўляныя шчыты, якімі былі забарыкадаваныя дзьверы. І ўсё. З такой доказнай базай рабіць выснову, што была папярэдняя змова дзеля ўдзелу ў масавых беспарадках, — гэта несур’ёзна».

Судовы канвэер


Валянцін Стэфановіч: «Мне гэты працэс нагадаў адміністрацыйныя працэсы, якія практыкуюцца ў нас ужо колькі год. Гэта такі своеасаблівы канвэер, калі судзьдзя вельмі хутка вызначае віну людзей у масавых мерапрыемствах і выносіць 10–15 сутак арышту. Але розьніца ў тым, што цяпер быў разгляд крымінальнай справы. Паводле часткі 2 артыкула 293 Парфянкову пагражала да васьмі гадоў пазбаўленьня волі. У крымінальных справах такога кароткага працэсу я яшчэ ня бачыў у Беларусі.

Чаму ўлады пачалі працэс па справе 19 сьнежня з Парфянкова? З матэрыялаў „Советской Белоруссии“, учорашняга сюжэту па тэлевізіі вынікае, што апазыцыю імкнуцца дыскрэдытаваць тым, што ў беспарадках удзельнічалі людзі, якія мелі судзімасьць, нават непагашаную. Бо Парфянкоў быў асуджаны за ўдзел ва ўкраінскай „памаранчавай рэвалюцыі“.

Я лічу, што віна Парфянкова не была даказаная. Таксама не даказаная сама наяўнасьць масавых беспарадкаў. Пры такіх доказах, якія былі прадстаўленыя, Парфянкова належала вызваліць у залі суду».

Чым тлумачыцца такая жорсткасьць прысуду?


Карбалевіч: «Сам прысуд даволі жорсткі. Чым вы гэта патлумачыце?»

Гулак: «Артыкул, паводле якога абвінавачваўся Парфянкоў, прадугледжвае ад 3 да 8 гадоў. Калі ня ведаць рэальнай карціны, то вонкава прысуд выглядае не такім цяжкім. Тым больш з улікам непагашанай судзімасьці.

Праблема ня ў тым, што прысуд жорсткі — ён неадэкватны. Максымум, Парфянкова можна абвінаваціць у адміністрацыйным правапарушэньні. А чатыры гады пазбаўленьня волі — гэта зьдзек з правасудзьдзя.

Апраўдальных прысудаў ня будзе.
Стэфановіч: «З гэтага першага суду над палітвязьнямі можна зрабіць выснову, што апраўдальных прысудаў ня будзе. Хачу нагадаць, што кандыдаты ў прэзыдэнты і кіраўнікі іх штабоў абвінавачваюцца паводле дзьвюх частак артыкула: за арганізацыю і за ўдзел у беспарадках. Па першай частцы прадугледжана пакараньне да 15 гадоў пазбаўленьня волі. То бок людзей будуць прызнаваць вінаватымі незалежна ад доказнай базы».

Гулак: «У справе Парфянкова ўстаноўленая папярэдняя змова. Праўда, незразумела, каго з кім. І будучыя абвінавачваньні іншым палітвязьням будуць грунтавацца на тым, што змова ўстаноўленая».

Якая тактыка ўладаў?


Карбалевіч: «Ці можна зрабіць высновы наконт лёсу іншых фігурантаў гэтай справы? Вось некаторых вязьняў выпусьцілі пад хатні арышт і падпіску аб нявыезьдзе. Ці могуць яны вярнуцца за краты?»

Стэфановіч: «Тое, што некаторых вызвалілі ў зьвязку са зьменай меры стрыманьня, не азначае, што яны пазьбегнуць суду. Хаця я дапускаю, што ў адносінах да тых людзей, якіх выпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе, крымінальная справа можа быць спыненая».

Пасьля працэсу над Парфянковым гадаць пра лёс іншых фігурантаў гэтай справы — тое ж самае, што гадаць па зорках.
Гулак: «Пасьля працэсу над Парфянковым гадаць пра лёс іншых фігурантаў гэтай справы — тое ж самае, што гадаць па зорках. Бо органы, якія вядуць гэтую справу, прававым падыходам не кіруюцца».

Карбалевіч: «Той факт, што пра гэтую справу шмат інфармуюць дзяржаўныя мэдыі, мусіць, кажа пра яе палітычны кантэкст? Улады хочуць зрабіць паказальны працэс. Што і каму яны хочуць паказаць?»

Стэфановіч: «Відавочна, што паказаць яны нешта хочуць. Толькі атрымліваецца, што паказваць пакуль няма чаго. Хачу зьвярнуць увагу, што ня толькі дзяржаўныя мэдыі, але і афіцыйныя асобы, уключаючы Лукашэнку, казалі пра тое, што апазыцыя спрабавала ажыцьцявіць захоп улады неканстытуцыйным шляхам. І гэта дае падставу праваабаронцам казаць пра палітычна матываваную справу.

Сьледзтва адбываецца з грубымі парушэньнямі фундамэнтальных працэсуальных правоў. Найперш — права на абарону. Адвакаты фактычна былі пазбаўленыя магчымасьці сустракацца са сваімі падабароннымі сам-насам без абмежаваньня колькасьці і часу. А гэта гарантавана Крымінальна-працэсуальным кодэксам. Ажыцьцяўляецца ціск на саміх адвакатаў, якім забараняюць даваць любую інфармацыю па справе.

Дзяржаўныя мэдыі даюць матэрыялы папярэдняга сьледзтва. А ў іншых удзельнікаў бярэцца падпіска аб неразгалошваньні матэрыялаў справы. У „Советской Белоруссии“ друкуецца сьпіс людзей пад загалоўкам „Яны штурмавалі Дом ураду“. Атрымліваецца, што „Советская Белоруссия“ да суду ўжо вызначыла віну людзей».

Гулак: «Калі прэзыдэнт кажа, што справа знаходзіцца ў яго на кантролі, калі ён дае „Советской Белоруссии“ загад друкаваць матэрыялы, якія стануць потым прадметам судовых разглядаў, то гэтая справа аўтаматычна становіцца палітычнай, нават калі б суд быў незалежным.

Дарэчы, „Советская Белоруссия“ абвінавачвала Парфянкова ва ўзброеным нападзе на супрацоўнікаў міліцыі. Але гэта абверг нават гэты суд. Гэты працэс паказвае, што сыстэма не зьбіраецца мяняцца, лібэралізавацца. Гэта тупіковы для краіны шлях».
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG