Лінкі ўнівэрсальнага доступу

4 гады зьняволеньня строгага рэжыму за 60 удараў па драўляных шчытах. Пра што сьведчыць першы прысуд па справе аб падзеях на Плошчы 19 сьнежня 2010 году, якім учора быў пакараны Васіль Парфянкоў? Камэнтуюць праваабаронцы, палітыкі, родныя палітвязьняў.

Бацька Ірыны Халіп, адной з абвінавачаных па крымінальнай справе аб падзеях 19 сьнежня ў Менску, Уладзімер Халіп ня мае ілюзіяў наконт незалежнасьці беларускай судовай сыстэмы. Судзьдзі робяць тое, што ім загадваюць; суд над Парфянковым быў хуткі, неаб'ектыўны, рэальных доказаў крымінальнага злачынства падсуднага на ім прад'яўлена не было,-- мяркуе спадар Халіп:

Уладзімер Халіп
"Цяпер зразумела, чаго чакаць ад наступных працэсаў. Яны пойдуць па такіх загадзя падрыхтаваных рэйках. Можна толькі чакаць жахлівых прысудаў ні ў чым не вінаватым людзям. Бо доказаў ні на кога ніякіх няма. Гэта ўсё лухта... І нават Парфянкоў, якога зараз зрабілі ледзь ня ўзорным злачынцам, магчыма, варты ўсяго толькі штрафу… Што ж, чалавек хоча зрабіць узорны паказальны працэс 37-га году, калі судзілі за розныя змовы. Стары досьвед добра працуе ў такіх сыстэмах".

У неаб'ектыўнасьці ўчарашняга працэсу перакананая і жонка палітвязьня Ўладзімера Някляева Вольга:

Вольга Някляева
"Відавочна, што гэта не ў судзе вырашаецца, што прысуд вельмі жорсткі, што гэта яўная палітычная замова".





Бацька іншага палітвязьня Аляксандар Класкоўскі перакананы ў палітычным характары спраў аб падзеях 19 сьнежня ў Менску:

Аляксандар Класкоўскі
"Палітычны аспэкт нададзены самой уладай, найвышэйшым кіраўніцтвам і афіцыйнай прапагандай, якія адразу ўзялі абвінаваўчы ўхіл і ў вачах грамадзкасьці ўсіх гэтых людзей фактычна зрабілі злачынцамі, ігнаруючы прэзумпцыю невінаватасьці".

Учарашні строгі прысуд Васілю Парфянкову спадар Класкоўскі назваў "тэставым":

"Зараз афіцыйны Менск будзе сачыць за рэакцыяй Захаду (і Расеі таксама, таму што двое расейскіх грамадзянаў трапілі "пад раздачу"), і залежна ад гэтага будзе вар'іраваць строгасьць прысудаў і далейшую гульню — тое, што экспэрты называюць і прагназуюць — палітычны гандаль гэтымі закладнікамі".

Жорсткімі прысудамі ўлады хочуць запалохаць грамадзтва, зламаць волю іншых абвінавачаных па гэтай справе, але гэта ім ня ўдасца — перакананы апазыцыйны палітык Аляксандар Дабравольскі:

Аляксандар Дабравольскі
"Улада сама запалоханая, сама баіцца і таму хоча запалохаць грамадзтва. Улада спужалася таго, што шмат людзей выказалі свой пратэст. Але, думаю, што даможацца ўлада толькі таго, што паскорыць крызіс. Скончыліся рэсурсы на існаваньне гэтага рэжыму, Расея больш не дае свайго нафтавага гранту, і думаю, што нічога рацыянальнага ў іх дзеяньнях зараз няма".

Старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак зьвяртае ўвагу на тое, што ўчарашнім судовым рашэньнем абвергнутыя зьвесткі пра Васіля Парфянкова, якія былі на загад А. Лукашэнкі распаўсюджаныя афіцыйнай газэтай "Советская Белоруссия":

Алег Гулак
"А гэта значыць, што газэта "Советская Белоруссия" зрабіла паклёп на чалавека. Безумоўна, была парушана прэзумпцыя невінаватасьці, і гэта было пацьверджана нават гэтым прысудам суду, бо ніякага супраціўленьня міліцыі, ніякага гвалту ў адносінах да супрацоўнікаў міліцыі з боку Парфянкова судом устаноўлена не было".

Увогуле ж тое, што было дасьледавана ўчора ў Фрунзэнскім раённым судзе, не дае ніякіх юрыдычных падставаў, каб гаварыць пра "масавыя беспарадкі" 19 сьнежня і пра папярэднюю змову, мяркуе Алег Гулак:

"Але відавочна, што закладваецца падмурак пад будучыя працэсы. Ёсьць адна вялікая справа, па якой праходзяць больш за 50 чалавек. Гэта ўсё вакол адных і тых жа падзеяў. Але калі гэтую справу падзяляюць на некалькі частак, то гэта сьведчыць, што пішацца сцэнар".

Алег Гулак кажа, што БХК і іншыя праваабаронцы будуць весьці маніторынг усіх спраў аб падзеях 19 сьнежня, рабіць высновы і прыцягваць да іх увагу грамадзтва.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG