Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыянэр? Працы не атрымаеш!


У панядзелак у рэгіёнах супрацоўнікі КДБ працягвалі допыты ўдзельнікаў акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасьці ў Менску 19 сьнежня. Таксама сёньня Менскі гарадзкі суд пакінуў у сіле вырак суду Партызанскага раёну супраць праваабаронцы грамадзянскай кампаніі «Наш дом» Крысьціны Шацікавай.

А ў Гомелі грамадзкі каардынатар стваранай партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Кастусь Жукоўскі пасьля арыштаў, штрафаў і допытаў у КДБ сутыкнуўся з тым, што ня можа ўладкавацца на працу.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Чарговыя затрыманьні ў рэгіёне

Надзея Крапівіна
Затрыманых сёньня ўначы ў Горадні Надзею Крапівіну і Вераніку Лемяноўскую адпусьцілі з пастарунку і паведамілі, што іх справу разгледзіць адміністрацыйная камісія.

Надзея Крапівіна і Вераніка Лемяноўская былі затрыманыя прыкладна каля трэцяй гадзіны ночы ў цэнтры гораду, побач з прыпынкам, на якім віселі ўлёткі «Свабоду Кіркевічу!», «Свабоду Дашкевічу!».

Надзея Крапівіна кажа, што міліцыянты, хутчэй за ўсё, атрымалі арыенціроўку, што нехта расклейвае ўлёткі ў цэнтры гораду, бо адразу запатрабавалі паказаць сумачкі.

Крапівіна: «Пры сабе ў мяне былі налепкі і ўлёткі „Свабоду Кіркевічу!“, „Свабоду Дашкевічу!“, налепкі „Маладога фронту“ і клей».

У міліцэйскім пастарунку на дзяўчат склалі пратаколы, міліцыянты правялі ператрусы ў іхніх кватэрах. Нагадаю, што раней Надзея Крапівіна адседзела 12 сутак на Акрэсьціна за ўдзел у Плошчы.

Крапівіна: «У мяне канфіскавалі ноўтбук, некалькі налепак „Свабоду Дашкевічу“ і раздрукоўку заявы партыі БНФ наконт нейкіх сваіх унутраных спраў. Гэта іх вельмі ўсьцешыла, і яны адразу яе забралі».

Вераніка Лемяноўская кажа, што на яе таксама склалі пратакол, але ператрус у доме зрабіць не ўдалося:

«Яны прыехалі бяз санкцыі пракурора, а бацька ўзяў і адправіў іх, сказаў, што бяз санкцыі не дазволіць гэтага рабіць».

Абедзьве дзяўчыны пакуль ня ведаюць, калі канкрэтна адміністрацыйная камісія разгледзіць іх справы. Надзея Крапівіна, студэнтка Люблінскага ўнівэрсытэту, кажа, што ўжо заўтра зьбіралася ехаць у Польшчу, бо ў яе скончыліся канікулы, але, зь яе слоў, давядзецца затрымацца.

МАГІЛЁЎШЧЫНА


КБД схіляе да супрацоўніцтва

У панядзелак у Магілёве опэрупаўнаважаны КДБ Андрэй Рошчын дапытаў сябра аргкамітэту партыі «Беларускі рух» Аляксандра Анісімава. Актывіста выклікалі на допыт як сьведку.

Допыт Аляксандра Анісімава доўжыўся каля дзьвюх гадзін. Пытаньні тычыліся ягонага ўдзелу ў акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня. Актывіст не выключае, што нехта зь ягоных знаёмцаў паведаміў камітэтчыкам пра тое, што ён удзельнічаў у падзеях на менскай Плошчы.

«Мне паказвалі фатаздымкі, відаць, тых, хто біў шкло ў Доме ўраду. Пыталіся, ці ведаю я каго з тых, хто на фатаздымках. Пыталіся, хто ехаў на акцыю з Магілёва й ці бачыў я знаёмых, якія ўдзельнічалі ў акцыі. Прапанавалі стандартнае супрацоўніцтва па справе. Я адмовіўся. Параілі не рабіць неабдуманых учынкаў».

Тацяна Шамбалава
Сваёй чаргі на допыт у КДБ чакае былая давераная асоба Рымашэўскага Тацяна Шамбалава. Актывістцы сёньня тэлефанаваў супрацоўнік магілёўскага КДБ Андрэй Махуноў. Высьвятляў, як ёй уручыць позву. У якасьці каго й па якой справе, не паведаміў. Актывістка — удзельніца акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня:

«Хутчэй за ўсё, па той жа справе крымінальнай па Плошчы. І за ўдзел, канечне, у перадвыбарчай кампаніі. За ўсё ў комплексе», — мяркуе Тацяна Шамбалава.

Крысьціна Шацікава абскардзіць рашэньне Менгарсуду

Крысьціна Шацікава
Тым часам Менскі гарадзкі суд пакінуў у сіле вырак Партызанскага суду супраць праваабаронцы грамадзянскай кампаніі «Наш дом» Крысьціны Шацікавай. Актывістка заяўляла, што Партызанскі суд, які 31 сьнежня пакараў яе штрафам у трыццаць базавых велічыняў за ўдзел у акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасьці, праходзіў з парушэньнямі заканадаўства. Самой яе на судзе не было, а позву на яго ўручылі непаўналетняму сыну й змусілі за яе расьпісацца. Рашэньне Менскага суду Крысьціна Шацікава пракамэнтавала гэтак:

«Рэч у тым, што я не пісала скаргі. Я ўсяго толькі патрабавала прызначыць новы суд і правесьці яго ў маёй прысутнасьці. Больш некампэтэнтнага адказу я яшчэ не атрымлівала. Я пішу абскарджаньне. Як мінімум яны падораць мне кучу сваіх прозьвішчаў, якія ўвойдуць у нашу гісторыю, у якой будзе напісана, хто чаго варты й каму ня варта дзе працаваць».

ГОМЕЛЬШЧЫНА


Адмовы ў працы сталі больш катэгарычнымі

Кастусь Жукоўскі
Гомельскі грамадзкі актывіст, гарадзкі каардынатар стваранай партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Кастусь Жукоўскі пасьля арыштаў, штрафаў, допытаў у КДБ ня можа ўладкавацца на працу.

Адмовы сталі яшчэ больш катэгарычнымі пасьля заканчэньня прэзыдэнцкіх выбараў, падчас якіх Кастусь працаваў у камандзе Ўладзімера Някляева:

«Пасьля 19 сьнежня я спрабаваў уладкавацца на працу прыкладна ў дзясятак будаўнічых фірмаў. У некаторых казалі: прыходзьце, нам патрэбныя працаўнікі. Назаўтра прыходзіш, а ён ужо, напалоханы, адказвае: „Нам наагул ніхто не патрэбны“. Я зьвярнуўся ў пракуратуру наконт таго, што ў дачыненьні да мяне вядзецца перасьлед з боку пэўных структураў і органаў, што я не магу на працу ўладкавацца. Такое было ў гісторыі ўжо ня раз — і ў савецкія часы дысыдэнтаў такім чынам душылі, прымушалі зьяжджаць з краіны. І мяне выціскаюць».

Кастусь паведаміў, што ягоную заяву наконт працы й адабранай чэкістамі падчас ператрусу тэхнікі Генэральная пракуратура пераслала ў Гомель, у абласную пракуратуру. На аб’ектыўнае дасьледаваньне сытуацыі ў спадара Жукоўскага мала спадзеву, бо абласная пракуратура сама санкцыянавала ператрусы ў дамах грамадзкіх актывістаў і проста ўдзельнікаў выбарчай кампаніі альтэрнатыўных кандыдатаў. І наўрад ці яна будзе займацца пастаяннымі адмовамі працадаўцаў.

Паводле Жукоўскага, спэцслужбы, хутчэй за ўсё, сочаць за ягонымі кантактамі й тэлефоннымі перамовамі:

«Я лічу, што калі я, напрыклад, тэлефаную з хатняга ці свайго мабільнага тэлефона, перамовы проста праслухоўваюцца. Я прыходжу да працадаўцы, а КДБ пасьля проста папярэджвае: ня браць мяне. Гэта зразумела, як белы дзень. Прыходзяць людзі, якіх перада мной выганялі за п’янку. Іх бяруць, а мяне — не».

У пацьвярджэньне сваёй вэрсіі Кастусь Жукоўскі прыводзіць факт публікацыі ў газэтах «Советская Белоруссия», «Рэспубліка» ягонай тэлефоннай размовы з актывістам БХД Садоўскім:

«Што праслухоўваюць тэлефонныя перамовы — гэта факт. Дастаткова адкрыць газэту „Рэспубліка“ ці „Советскую Белоруссию“, дзе распавядалася пра нашы з Садоўскім перамовы. Канечне, я Садоўскаму тэлефанаваў. Факт размовы з Садоўскім быў. Я сапраўды яму тэлефанаваў, бо гэта чалавек, якому я давяраю. Але сэнс размовы перавернуты з ног на галаву. Я ўвогуле размаўляю па-беларуску, а там напісана — па-расейску».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG