Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сваякі вязьняў скардзяцца ў пракуратуру, што іх лісты зьнікаюць у КДБ. Наста Палажанка выкладае сукамэрніцам беларускую мову. Чаму Ірына Халіп не падыходзіць нават да акна?

14 лютага ў КДБ у другой палове дня дапытвалі Вольгу Някляеву. Жонку экс-кандыдата на прэзыдэнты Ўладзімера Някляева выклікалі на допыт на мінулым тыдні, але тады Вольга захварэла, і допыт перанесьлі. Адпраўляючыся ў КДБ, Вольга сказала, што ня ведае, пра што могуць у яе распытваць. Таксама яна паведаміла, што ў справе Уладзімера навінаў няма.

Бязь зьменаў і ў справе жонкі Андрэя Саньнікава Ірыны Халіп, паведаміў яе бацька Ўладзімер Халіп. Паводле яго, "турма" ў кватэры дачкі дзейнічае спраўна: мяняюцца ахоўнікі, Ірыне забароненыя любыя кантакты з вонкавым сьветам, акрамя сына і бацькоў. Нават да вакна падыйсьці нельга. Я спытаўся: чаму Ірына выконвае гэтую забарону? Бацька журналісткі перакананы, што супроць дачкі ўжыты шантаж: альбо будзеш пад хатнім арыштам, але з сынам, альбо "катаваньні бесчалавечнымі ўмовамі" ў вязьніцы КДБ:

Уладзімер Халіп
"Калі людзі сьпяць на падлозе, калі па два сьпяць на адным ложку... Там вар'яцкія, фашысцкія, мярзотныя ўмовы. Яна распавядала, што там робіцца з гэтым туалетам і з усім іншым. Памыцца жанчыне можна адзін раз на тыдзень — што гэта такое! Фактычна гэта ідуць там катаваньні, бо побытам можна горш закатаваць, чым звычайным катаваньнем. І там элемэнтарна мала месцаў. Таму калі выпусьцілі пад хатні арышт некалькі чалавек, дык ніякай гуманнасьці насамрэч ня выявілі. Ім проста няма куды саджаць гэтак званых эканамічных злачынцаў, бо яны ж абдзіраюць гэтых людзей. Кідаюць туды якога-небудзь бізнэсоўца і потым выцягваюць зь іх грошы. Вось месца для гэтага не засталося, таму яны некалькі чалавек і выпусьцілі".

Наста Палажанка вучыць сукамэрніц беларускай мове і беларускім песьням, паведаміў бацька актывісткі "Маладога фронту" Ўладзімер Палажанка са спасылкай на яе ліст:
Асвоіла рэцэпт гатаваньня салаты з садавіны і гародніны...

"Асвоіла рэцэпт гатаваньня салаты з садавіны і гародніны, выкладае сукамэрніцам беларускую мову, а вечарамі сьпяваюць беларускія песьні. Ужо засвоілі "Надзеньку" і вывучаюць "Простыя словы". З карысьцю бавіць час".

Зьвестак пра тое, што з удзелам Насты Палажанкі адбываюцца сьледчыя дзеяньні, яе тата ня мае. Адваката да Насты Палажанкі не выклікалі зь мінулага тыдня.

Апошнімі днямі няма зьвестак, каб да кагосьці зь фігурантаў справы аб масавых беспарадках 19 сьнежня выклікалі адвакатаў. Паводле адваката Вадзіма Мушынскага, справа ягонага падабароннага Аляксандра Атрошчанкава ўжо завершаная, Аляксандар зь ёй азнаёміўся і днямі справа пойдзе ў суд.

Зьміцер Бандарэнка даслаў сям'і ліст, у якім няма зьвестак, што зь ім вядуцца сьледчыя дзеяньні. Адваката да каардынатара "Эўрапейскай Беларусі" не выклікалі ўжо некалькі тыдняў.

Такія ж зьвесткі пра кандыдатаў у прэзыдэнты Андрэя Саньнікава, Мікалая Статкевіча і Алеся Міхалевіча. Жонка Міхалевіча Мілана працягвае змаганьне за тое, каб ліставаньне з мужам было двухбаковым і рэгулярным. Гэтым разам жанчына напісала скаргу ў пракуратуру — каб з КДБ або вярнулі ёй, або перадалі ўсё ж Алесю лісты з дому, у тым ліку малюнкі дачкі.

Мілана Міхалевіч
"Бо яна ўжо пакрыўдзілася і сказала, што болей тату нічога маляваць ня будзе, раз яму ўсё роўна іх не перадаюць. Кажа, буду маляваць і складаць у стос, каб потым аддаць тату, калі вызваляць".

Паводле зьвестак Інтэрфаксу, справа ўдзельніка масавых беспарадкаў Васіля Парфянкова ўжо трапіла ў Фрунзенскі суд Менску да судзьдзі Комара. У Менскі гарадзкі суд перададзеныя справы грамадзян Расеі Арцёма Брэўса і Івана Гапонава. Калі працэсы маюць пачацца, яшчэ невядома.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG