Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каго не дапыталі — дапытаюць, хто не дасядзеў — пасадзяць…


Аддзяленьні КДБ надалей выклікаюць на допыты рэгіянальных актывістаў апазыцыйных партый і рухаў. Удзельнікаў Плошчы запалохваюць і папярэджваюць. Тыя, хто не прымаў удзелу ў акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасьці ў Менску 19 сьнежня, адказваюць на пытаньні пра лідэраў Маладога Фронту, якія ўтрымліваюцца цяпер у менскай турме КДБ.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Артур Раманчук просіць рэктара польскай ВНУ, каб яго не адлічылі з вучобы за арышт у Беларусі

Артур Раманчук
Пляменьнік былога кандыдата на прэзыдэнта Яраслава Раманчука — Артур Раманчук атрымаў пастанову суду, паводле якой ён павінен адбыць яшчэ 9 сутак пакараньня. 20 сьнежня яго асудзілі на 12 сутак за ўдзел у Плошчы, але праз трое сутак выпусьцілі з Жодзінскай турмы.

Раней прадстаўнік адміністрацыі турмы ў Жодзіне заявіў, што Артура адпусьцілі, бо ён студэнт замежнай ВНУ. Сам Артур кажа, што да канца не разумее гэтага, але бачыў даведку, згодна зь якой яго выпусьцілі паводле стану здароўя.

Артур Раманчук навучаецца ў Польшчы. Калі ён прыехаў дадому на канікулы, да яго завітаў міліцыянт з пастановай. Некалькі дзён Артур ляжаў дома з высокай тэмпэратурай, а калі пачуўся лепей, вырашыў ісьці ў СІЗА, бо ягоныя канікулы сканчаюцца і цэлы наступны тыдзень яму давядзецца прапускаць заняткі.

Раманчук: «Сёньня я дашлю ліст у рэктарат і паведамлю, што адбываю на сутках, каб там ведалі і каб мяне не адлічылі з вучобы».

Андрэй Пачобут асуджаны да 15 сутак зьняволеньня

Андрэй Пачобут
Журналіста польскай «Газэты Выборчай» Андрэя Пачобута ў пятніцу асудзілі ў Менску на 15 сутак. Вось што ён яшчэ пасьпеў сказаць нашаму радыё пасьля таго, як абвясьцілі прысуд:

«Ну што я думаю? Заказ быў мяне пасадзіць, і яго выканалі».

Гарадзенскі журналіст, які піша для польскай «Газэты Выборчай», Андрэй Пачобут, быў затрыманы на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня і суткі правёў у аўтазаку. Яго справа разглядалася ў судзе Кастрычніцкага раёну. Але ў апошні момант журналіста вызвалілі, заявіўшы, што яго справа накіраваная на дадатковую праверку.

Пазьней суд Кастрычніцкага раёну ўсё ж пакараў журналіста штрафам у памеры 1 750 000 рублёў за «ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу». Пракуратура палічыла такі прысуд занадта мяккім, Менскі гарадзкі суд пагадзіўся з гэтымі прэтэнзіямі, і сёньня справу перагледзелі.

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Допыты рэгіянальных актывістаў у Менску, Берасьці й Кобрыні

Сябра БХД Юля Пашко пасьля пракурорскага папярэджаньня была дапытаная супрацоўнікамі КДБ у Берасьці. Удзельніца Плошчы 19 сьнежня мінулага году праходзіць у якасьці сьведкі па крымінальнай справе аб масавых беспарадках. Зрэшты, і дапытаныя ў Кобрыньскім КДБ Аляксандар Страчук, Уладзімер Астроўскі, Аляксей Уймін і Станіслаў Кучыньскі таксама праходзілі сьведкамі падчас допыту. Праўда, маладыя людзі не былі на Плошчы, кажа Ўладзімер Астроўскі:

«Іх цікавіла найбольш пытаньне пра падзеі на Плошчы, прычым акалічнасьці, зьвязаныя ня тое што з БНФ, а з Маладым Фронтам. Іх цікавілі лідэры — Наста Палажанка, Зьміцер Дашкевіч, якое дачыненьне да іх маем мы ў Кобрыні. Ці ведалі мы, што яны на Плошчы, ці ведалі, чым яны там займаліся? Гэта былі асноўныя пытаньні».

Супрацоўнікі КДБ адзначылі, кажа Ўладзімер, што актывісты з Кобрыня іх не цікавяць:

«Яны казалі, што нічога на нас ня маюць, але мусяць задаць некаторыя пытаньні, сярод якіх — ці менавіта моладзь граміла Дом ураду, ці заклікалі нас прыехаць на Плошчу 19 сьнежня».

Аляксандар Страчук, сябра БНФ, кажа, што такім чынам працягваецца запалохваньне грамадзтва:
Без разбору хапаюць людзей і дапытваюць у спадзяваньні, што раптам нехта нешта распавядзе.

«Супрацоўнікаў КДБ цікавілі справы, зьвязаныя з падзеямі ў Менску 19 сьнежня. Мне падаецца, што такім чынам проста стараюцца запалохаць грамадзтва. Нагадваюць, што КДБ працуе, сочыць за грамадзтвам. Але грамадзтва ўжо такім чынам немагчыма запалохаць».

Допыт у КДБ цягнуўся каля гадзіны. З актывістаў патрабавалі падпісаньне аб неразгалошваньні ходу допыту. Аляксей Уймін кажа: дзіўна, што дапытваюць нават тых, хто ня быў на Плошчы. Дастаткова быць проста апазыцыянэрам, каб цябе выклікалі на допыт:

«Гэта значыць, што выклікаць на допыт могуць абсалютна любога чалавека. Але ж мы апазыцыянэры, а гэтага ўжо дастаткова, каб нас лічыць сьведкамі ў крымінальнай справе. Яны зараз без разбору хапаюць людзей і дапытваюць у спадзяваньні, што раптам нехта нешта распавядзе».

МАГІЛЁЎШЧЫНА


Пра першы допыт у КДБ расказвае 18-гадовая дзяўчына

Сёньня актывістку грамадзянскай кампаніі «Наш дом», удзельніцу Плошчы Марыю Вайнову дапыталі ў Першамайскім раённым аддзеле КДБ у Менску ў дзень яе паўналецьця. Яна прыехала з Магілёва, каб, як заяўляе, дапамагчы выкрыць сапраўдных вінаватых, якія ўчынілі беспарадкі на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня.

На допыт актывістка вызвалася ехаць сама, але пасьля таго, як міліцыянты выканаюць усе неабходныя фармальнасьці — дашлюць ёй позву і аплацяць праезд. Допыт у сьледчага Аляксандра Фейцара быў першым у жыцьці Марыі Вайновай.

«Ён крок за крокам запытваў пра тое, як і што адбывалася на Плошчы. Але самае галоўнае, ці запомніла я таго чалавека, які заклікаў ісьці да Дома ўраду. І які разьбіваў шкло малатком. Я сказала, што яго бачыла. Я яго пазнавала на фатаздымках і відэа».

Крысьціна Шацікава
На сёньняшнім допыце яна была з праваабаронцам з грамадзянскай кампаніі «Наш дом» Крысьцінай Шацікавай, якая дадае:

«Сьледчы сказаў, што яны знайшлі гэтага чалавека і ён знаходзіцца ў СІЗА. І знойдзены той малаток. Гэта ўсё адбылося за паўгадзіны да таго, як дэманстранты прыйшлі на сам падворак Дома ўраду».

Марыю Вайнову і Крысьціну Шацікаву затрымалі падчас разгону акцыі пратэсту. Вайнову як непаўналетнюю вызвалілі. Шацікаву з ізалятара на Акрэсьціна адвезьлі ў бальніцу. 9 студзеня яна перадала сьледчаму Фейцару два дзясяткі фатаздымкаў. На іх, як сьцьвярджае актывістка, сьведкі, якія бачылі, хто выломваў дзьверы й выбіваў вокны ў Доме ўраду 19 сьнежня.

Яшчэ аднаго актывіста «Нашага дома» Паўла Варашылава сёньня дапыталі ў залі пасяджэньняў магілёўскага заводу «Тэхнапрыбор». На гэтым прадпрыемстве ён працуе. Допыт доўжыўся дзьве гадзіны:

«Прыходзіў сьледчы Аляксандар Пракапчук. Ён склаў пратакол допыту сьведкі. Пытаньні былі такія: „Ці выяжджаў я ў Менск 19 сьнежня?“. Я адказаў, што не выяжджаў, быў на працы. Ён мне паказваў фотаздымак, на якім чалавек сьпінай. Казаў, што гэта я. Я адказаў, што гэта ня я. Запытваў — хто выяжджаў. Таксама пытаўся, ці ўдзельнічаю я ў дзейнасьці палітычных партыяў і арганізацыяў. Прапаноўваў супрацоўнічаць зь імі. Я адмовіўся».

Былая жонка супрацоўніка КДБ даслала адкрыты ліст Лукашэнку

Тым часам жыхарка райцэнтру Дрыбін, пэнсіянэрка Тамара Юневіч чакае, што яе адкрыты ліст да Лукашэнкі дапаможа людзям адолець страх перад створанай ім сыстэмай запалохваньня:

«Я абавязак свой перад сабой выканала. Я людзям хачу сказаць, што ня бойцеся, усіх жа ён не перастраляе, не перасадзіць. Я ня думаю, што нешта расшавеліць ягонае сэрца. Я пра яго добра ня думаю. Але ёсьць жа там такія, дзе сумленьне парастак пусьціла — пачнуць думаць. Тыя, хто хістаецца. І яны прыйдуць да нечага, нягледзячы на тое, што пры пагонах».

Адкрыты ліст Тамара Юневіч зьмясьціла ў незалежнай газэце «Народная воля». Падчас перадвыбарчай кампаніі ў Дрыбінскім раёне яна зьбірала подпісы за Саньнікава й Някляева. 24 гады яна была жонкай супрацоўніка КДБ.
XS
SM
MD
LG