Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генэральная пракуратура Беларусі 10 лютага вынесла афіцыйнае папярэджаньне журналісту Барысу Гарэцкаму за працу на замежнае СМІ ў Беларусі без акрэдытацыі.

"Сёньня а дзясятай раніцы я прыйшоў у Генпракуратуру на допыт, які працягваўся каля 40 хвілін. Праводзіў яго саветнік юстыцыі Павел Елісееў. Ён дапытаў мяне па падзеях 17 студзеня, калі мяне затрымалі каля будынка КДБ. Таксама прадстаўніка пракуратуры цікавіла мая датычнасьць да супрацоўніцтва з "Радыё Рацыя". Па заканчэньні допыту мне вынесьлі афіцыйнае папярэджаньне аб недапушчальнасьці працы на замежнае СМІ без акрэдытацыі",— распавёў Гарэцкі БелаПАН.

Журналіст лічыць папярэджаньне незаконным. "Яно парушае маё канстытуцыйнае права як грамадзяніна, як журналіста, на збор, распаўсюд і захоўваньне інфармацыі",— заявіў Гарэцкі.

17 студзеня Барыс Гарэцкі быў затрыманы каля будынку КДБ у Менску. Ён браў інтэрвію ў сваякоў затрыманых 19 і 20 сьнежня, якія прыйшлі ў сьледчы ізалятар КДБ, каб перадаць сваім блізкім перадачы. Гарэцкаму заявілі, што ён затрымліваецца "для прафіляктычнай размовы". Ноч журналіст правёў ва ЎУС Маскоўскага раёна Менска. 18 студзеня суд Маскоўскага раёну Менску асудзіў Гарэцкага на 14 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу 19 сьнежня. Падчас суду журналіст паведаміў, што 19 сьнежня на плошчы Незалежнасьці ён знаходзіўся па заданьні "Радыё Рацыя".

Кіраўніцтва "Радыё Рацыя" двойчы падавала ў МЗС Беларусі заяву з просьбай акрэдытаваць Барыса Гарэцкага сваім карэспандэнтам у Беларусі і абодва разы атрымала адмову.

Радыёстанцыя "Радыё Рацыя" вяшчае на тэрыторыю Беларусі зь Беластоку (Польшча) з 1999 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG