Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вязьню «амэрыканкі» Севярынцу не перадаюць лекі


Будынак КДБ, у двары якога месьціцца турма «амэрыканка».

Будынак КДБ, у двары якога месьціцца турма «амэрыканка».

Павал Севярынец у турме не атрымлівае лекаў, якія яму перадае маці. Ад Мікалая Статкевіча даўно няма лістоў, але жонцы перадалі для мыцьця бялізну вязьня. Да актывіста Сяргея Марцалева сёлета ніводнага разу не дапусьцілі адваката.

3 лютага ў КДБ павінны былі выклікаць адваката Насты Палажанкі, але сьледчыя дзеяньні з удзелам актывісткі «Маладога фронту» так і не адбыліся, паведаміў «Свабодзе» бацька арыштанткі Ўладзімер Палажанка.

Наста Палажанка
«Сьледчы на судзе казаў, што магчымы допыт. Але ўчора, як і сёньня, адваката не паклікалі. Таму зноў нічога пра яе сказаць не магу».

Наста Палажанка застаецца адзінай жанчынай сярод амаль 30 вязьняў сьледчай турмы КДБ «амэрыканка», якім выстаўленае абвінавачаньне ва ўдзеле ў масавых непарадках 19 сьнежня. Журналістак Ірыну Халіп і Натальлю Радзіну на мінулым тыдні з «амэрыканкі» перавялі: Халіп — пад хатні арышт у сваю кватэру, Радзіну — пад падпіску аб нявыезьдзе па месцы рэгістрацыі ў Кобрын.

Паводле сваякоў экс-кандыдатаў Андрэя Саньнікава, Алеся Міхалевіча, лідэра АГП Анатоля Лябедзькі і каардынатара «Эўрапейскай Беларусі» Зьмітра Бандарэнкі, лістоў ад іх зноў не было і адвакатаў да іх не выклікалі.

Мікола Статкевіч
Жонка Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч больш лістоў ад мужа таксама ня мае, але ёй упершыню выдалі для мыцьця пасьцельную бялізну мужа. «Мікалай аформіў паперы для перадачы бялізны яшчэ 24 студзеня, перадалі толькі зараз», — зазначае Марына Адамовіч. У яе прынялі пэўныя харчы для мужа, з чаго Марына, мэдык паводле адукацыі, робіць выснову, што выхад з галадоўкі для Статкевіча яшчэ не завершаны:

«Большасьць садавіны не ўзялі. Затое ўзялі сыраквашу, якую я паклала ў перадачу на ўсякі выпадак, без спадзяваньня. Такім чынам, тыя харчы, якія ў мяне ўзялі, сьведчаць, што недалёка яны прасунуліся ў выхадзе з галадоўкі».

Адразу некалькі скаргаў падала маці Паўла Севярынца Тацяна. У тым ліку ня толькі ў беларускія ведамствы:

Павал Севярынец
«Скарга ў пракуратуру Менску на тое, што не дазваляюць сустрэчы з адвакатам, парушаючы права на абарону паводле 62-га артыкула Канстытуцыі. А таксама ў Міністэрства аховы здароўя — на тое, што не даюць яму патрэбных лекаў і не аказваюць патрэбную мэдычную дапамогу. І таксама паскардзілася ў Міжнародны Чырвоны крыж».

Тацяна Севярынец двойчы перадавала Паўлу патрэбныя яму лекі, але з апошняга сынавага ліста зразумела, што гэтыя лекі да яго ня трапілі. Таксама маці вязьня сумняваецца, што ў турме быў зроблены мэдычны агляд яе сына, як патрэбна паводле закону.

Любоў Арастовіч, жонка даверанай асобы Статкевіча Алеся Арастовіча, паведаміла «Свабодзе» пра апошні ліст ад мужа:

«Піша, што быццам усё нармальна, грэх скардзіцца. Харчаваньне быццам нармальнае, але пры гэтым схуднеў і працягвае губляць вагу. Яшчэ паведамляе, што зьнізіўся цукар у крыві, але я не разумею, адкуль ён гэта ведае, і што зьнізіўся ціск».

Пра кіраўніка выбарчага штабу Мікалая Статкевіча Сяргея Марцалева распавяла ягоная бабуля Зоя Яўменава:

«Адну толькі цыдулку маленькую ад яго атрымала, і яшчэ атрымала пасьцельную бялізну для мыцьця. Пасьля некалькіх тэлеграм. А больш нічога», — паведаміла Зоя Фёдараўна. Паводле яе, пра сябе ўнук напісаў, што «жывы-здаровы». Адвакат бачыў Марцалева толькі аднойчы, летась 29 сьнежня, калі выстаўлялі абвінавачаньне.

У крымінальнай справе аб масавых непарадках 19 сьнежня абвінавачаньні выстаўленыя ўжо 38 чалавекам. 38-м стаў студэнт Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту Фёдар Мірзаянаў.
XS
SM
MD
LG