Лінкі ўнівэрсальнага доступу

І прэзыдэнт, і зэк маюць аднолькавыя натуральныя патрэбы


З гледзішча фізіялёгіі арганізм прэзыдэнта не адрозьніваецца ад арганізму зэка. І ў таго, і ў другога цэнтральная нэрвовая сыстэма адказвае на раздражненьне пэўных рэцэптараў самымі рознымі рэфлексамі, рухальнымі і вэгетатыўнымі — такімі, як сардэчна-сасудзістыя, стрававальныя, дыхальныя, палавыя, а таксама рэфлексы дэфэкацыі і мочаспусканьня. І прэзыдэнт, і зэк, паводле фізіёлягаў, маюць аднолькавыя натуральныя патрэбы.

Як вынікае са сьведчаньняў колішніх арыштантаў беларускіх СІЗА, сучасная турэмная сыстэма краіны цалкам не зважае на элемэнтарныя чалавечыя патрэбы. У шмат якіх СІЗА, дзе назіраецца падвышаная
Cучасная турэмная сыстэма краіны цалкам не зважае на элемэнтарныя чалавечыя патрэбы.
вільготнасьць, у месцах агульнага карыстаньня пануе надзвычайная антысанітарыя, і яны могуць стаць крыніцай самых розных вірусных і інфэкцыйных захворваньняў.

Асобна хацелася б апісаць санвузел


Палітвязень Сяргей Парсюкевіч, якому прыйшлося адседзець у СІЗА на Валадарцы, а таксама ў іншых беларускіх сьледчых ізалятарах, узгадвае:

"Асобна хацелася б апісаць санвузел. Звычайна гэта ўнітаз, да якога падведзеная труба з вадой. На гэтай трубе ёсьць кранік, і менавіта пад ім даводзіцца мыцца, чысьціць зубы і мыць посуд — практычна ва ўнітазе. Пры гэтым унітаз звычайна знаходзіцца ва ўсіх навідавоку. Хтосьці есьць, хтосьці яшчэ штосьці... У камэрах іншы раз знаходзяцца
У прыбіральню выводзяць два разы на суткі.
па 30 і больш чалавек, дык ужо прабачце... І гэта яшчэ цярпіма. Хлопцы, якія прайшлі некаторыя раённыя ізалятары, распавядалі, што там у прыбіральню выводзяць два разы на суткі, а калі раптам ужо зусім закарціць, то ў камэры ёсьць бак, вось у яго народ і "ходзіць". У 21-м стагодзьдзі прызвычаіцца да гэтага немагчыма".


Умовы нялюдзкія


Экс-кандыдат на прэзыдэнта Дзьмітры Вус, які быў затрыманы пасьля сьнежаньскіх падзеяў і правёў кароткі час у адной з камэр ізалятара КДБ, параўнаў тамтэйшыя ўмовы зь сярэднявеччам:

"Аляксандар Рыгоравіч зробіць усе, каб расправіцца з тымі, хто яму недаспадобы. Нялюдзкія ўмовы. Як у сабачай будцы. Там нават няма таўчка ў камэры, каб у прыбіральню схадзіць. У прыбіральню выводзяць два разы на дзень, увечары і раніцай. Што да асабістай гігіены, то патрабаваць яе ў тых умовах — проста нахабства".

"Нялюдзкімі" і "жудаснымі" назваў умовы свайго 41-дзённага ўтрыманьня ў СІЗА КДБ і журналіст Сяргей Вазьняк, які ў суботу быў вызвалены з "амэрыканкі" пад падпіску аб нявыезьдзе.

Па патрэбе выводзяць двойчы


Паводле былога палітзьняволенага Цімафея Дранчука, прынамсі падчас ягонай адседкі ў ізалятары КДБ, пяць гадоў таму, у некаторых камэрах былі стацыянарныя ўнітазы, а ў некаторых — не. У тых камэрах, дзе не было ўнітаза, стаяла плястыкавае вядро на пільны выпадак. Арыштантаў звычайна выводзяць па патрэбе двойчы — раніцай пасьля пад’ёму і ўвечары перад сном. Паколькі прыбіральняў на калідоры ўсяго дзьве, а адміністрацыя імкнецца, каб арыштанты ня бачыліся, чакаць працэдуры можна і гадзіну.

Да жанчын стаўленьне лепшае


А вось успаміны былой арыштанткі СІЗА КДБ Галіны, якая адседзела ў ізалятары ў сувязі з абвінавачаньнем у эканамічным злачынстве. У маленькай камэры сядзелі чатыры чалавекі, то бок удвая болей, чым належыць. Каб у памяшканьні не сьмярдзела, жанчыны імкнуліся лішні раз не карыстацца вядром, таму абмежавалі піцьцё. Ня піць было цяжка, бо штодня давалі селядзец. Тым ня менш Галіна рэзка абмежавала прыём вадкасьці. Гэта працягвалася, пакуль аднойчы ў маладой жанчыны не настала абязводжаньне, ёй зрабілася кепска, і давялося выклікаць лекара. Жанчына мусіла пачаць інтэнсіўна піць, і адміністрацыя пайшла ёй насустрач. Галіну пачалі выводзіць ня двойчы, а часьцей — ажно да пяці разоў на суткі.

Камэнтар лекара


Ці могуць быць нейкія нарматывы ў падобнай сытуацыі, пытаюся я ў вядомага менскага клініцыста Барыса.

Барыс: "У прыбіральню трэба вадзіць па неабходнасьці. І ўвогуле ў прыбіральню трэба хадзіць самому. Калі ў чалавека такое распаўсюджанае сярод мужчын сталага веку захворваньне, як адэнома прастаты, такім людзям трэба хадзіць кожныя паўгадзіны. Лекары
У прыбіральню трэба вадзіць па неабходнасьці.
нават рэкамэндуюць рабіць гэта як найчасьцей. А калі ў чалавека павышаны дыўрэз? Ёсьць шмат прадуктаў, якія даюць мачагонны эфэкт.

З ўнівэрсытэцкага курсу ўралёгіі вядома, што сярэдняя дзённая норма мочаспусканьня ў чалавека — гэта дзесьці 8 разоў. А можа і болей. Уначы дапушчальна схадзіць у прыбіральню дзеля гэтай патрэбы двойчы. Плюс хаця б адзін раз на дзень — дзеля іншай патрэбы. Пры скрынінгу лекар заўсёды задае пацыенту падобныя пытаньні. І калі няма штодзённай дэфэкацыі, гэта ўжо ненармальна".

Свабода: "Але вось калі чалавек, як тая ж Галіна, пачынае рэзка абмяжоўваць прыём вадкасьці, пачынае стрымліваць сябе?.."

Барыс: "Ёсьць хваробы, у мужчын гэта тая ж адэнома прастаты, калі гэта ўвогуле не рэкамэндуецца. Далей стрымліваньне адбіваецца на псыхіцы — чалавек толькі пра гэта і думае. Да таго ж гэта верагоднасьць нейкіх інфэкцыяў, таму што мача застойваецца. Таксама затрымка мачы выклікае расьцягненьне сьценак мачавога пухіра, якое суправаджаецца моцнымі болямі ў жываце, а гэта, у сваю чаргу, рэфлекторна можа парушыць функцыі іншых органаў (кішэчніка, сэрца, лёгкіх). У спэцыяльнай клінічнай літаратуры таксама апісаныя выпадкі, калі людзі ўстрымліваліся да таго, што ў іх лопаўся мачавы пухір".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG