Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Інстытуце гісторыі — новы дырэктар. Ці будуць перамены?


У Інстытуце гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук — новы кіраўнік Вячаслаў Даніловіч. Спадар Даніловіч замяніў на гэтай пасадзе Аляксандра Каваленю, які ачольваў установу з 2005 году, а апошнія некалькі месяцаў працуе ў прэзыдыюме Акадэміі навук. Ці спадзяюцца навукоўцы на перамены?

Пры Каваленю з Інстытуту гісторыі было звольнена больш за дзесяць навукоўцаў - як яны кажуць, паводле ідэалягічных матываў. Сярод звольненых, у прыватнасьці, Генадзь Сагановіч, Ніна Стужынская, Андрэй Кіштымаў.

Вячаслаў Даніловіч ад 2006 году працаваў намеснікам кіраўніка Інстытуту гісторыі, а да гэтага працаваў у пэдунівэрсытэце. Ён спэцыялізуецца на даследаваньнях нацыянальнага руху на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў міжваенны перыяд.

Ніна Стужынская
Кандыдат гістарычных навук Ніна Стужынская, якая шмат гадоў працавала ў Інстытуце гісторыі і была звольненая ў часы кіраваньня Кавалені — аўтарка шматлікіх прац, у тым ліку кнігі «Беларусь мяцежная», пра новага прызначэнца выказала такое меркаваньне:

«Мне шкада. Я таксама лічу сябе ўсё ж такі спэцыялістам па міжваенным пэрыядзе. Але, тым ня менш, я нічога гэтага спадара Даніловіча не чытала, гэта па-першае. Па-другое, мне здаецца, што такая практыка — прызначаць кіраўнікамі кандыдатаў навук (я сама кандыдат навук), гэта неяк прыніжае статус інстытуту. Ёсьць дактары навук, якія маглі б узначаліць установу. Дзіўна ўсё гэта».

Сяргей Тарасаў
Кандыдат гістарычных навук, археоляг Сяргей Тарасаў: «Ён быў намесьнікам па навуцы. Калі міжваенны пэрыяд, то гэта храналягічна да таго, чым займаўся Каваленя (а Каваленя, як вядома, займаўся Вялікай Айчыннай вайной і ўвогуле Другой усясьветнай вайной). Ну, а тое, што ён да сёньня кандыдат навук — пэўна, ёсьць і больш вартыя гэтай пасады, у тым ліку і кандыдаты навук, я ўжо не кажу пра дактароў… Я думаю, што, па вялікім рахунку, мала што зьменіцца. Таму што ён ўсё ж такі вучань, і пеставаў яго Каваленя. Так што я думаю, гэта будзе працяг той палітыкі, якую спадар Каваленя праводзіў у інстытуце».

Гісторык Яўген Анішчанка таксама асаблівых ілюзій на перамены ня мае:

«Пасьля таго як Каваленя перайшоў з пасады дырэктара Інстытуту на пасаду навуковага сакратара ў Прэзыдыюм Акадэміі навук (акадэмік-сакратар), то замест яго застаўся ягоны стаўленік і ягоны вучань, крэатура ягоная — Даніловіч. Яны мімікрыю робяць. Але фактычна яны робяць працу, якая да іх рабіліся, у сталы пакавалася, нешта яны абнаўляюць, стары хлам падымаюць… Абсалютна ніякай надзеі няма: тое, што друкуецца і пра што я чую ад дасьледчыкаў, зь якімі сустракаюся — ніякай надзеі на тое, што навука будзе на нейкіх рыштаваньнях такіх рашучых».

Але, на думку Сяргея Тарасава, за беларускую гістарычную навуку ня варта хвалявацца і ня трэба атаясамліваць навуку выключна з акадэмічнымі структурамі. Ён прывёў прыклады: у любой кнігарні можна знайсьці шмат цікавых і нават парадаксальных кніг па гісторыі, якія выходзяць не пад грыфам Акадэміі навук. Літаральна ў выходныя прайшла незалежная канфэрэнцыя гісторыкаў, якая была прысьвечаная этнагенэзу беларусаў да ХІІІ стагодзьдзя. Таму, на думку Сяргея Тарасава, «незалежна ад таго, хто будзе ўзначальваць акадэмічны інстытут гісторыі, якія тэмы там будуць зацьверджаныя ў якасьці дзяржаўных, за што будуць плаціць зь бюджэту, ўсё адно — знойдуцца спэцыялісты, прафэсіяналы, якія будуць дасьледаваць тое, што сапраўды актуальна для нашай краіны, для нашага народу».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG