Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь зноў будзе пазычаць грошы


Пётра Пракаповіч
Пётра Пракаповіч
Нацыянальны банк Беларусі ў 2010 годзе ня выканаў аднаго базавага паказьніка — павелічэньня золатавалютнага рэзэрву краіны. Пра гэта сёньня паведаміў на прэсавай канфэрэнцыі старшыня праўленьня Нацбанку Пётар Пракаповіч. Паводле мэтодыкі Міжнароднага валютнага фонду, недабор склаў 600 мільёнаў даляраў.

Сёньня Пётар Пракаповіч, як гэта ён заўжды робіць на выніковых штогадовых сустрэчах з журналістамі, падкрэсьліў, што фінансавая сытуацыя Беларусі — гэта найперш адлюстраваньне стану эканомікі. Чарговым разам ён зьвярнуў увагу на адмоўнае плацёжнае сальда краіны:

«Таму сёлета мы найперш разам з урадам будзем вырашаць пытаньні зьмяншэньня працаёмкасьці нашай эканомікі, зьмяншэньня энэрга-, матэрыялаёмістасьці, максымальнага стымуляваньня экспарту ды разьвязаньня ўсіх іншых праблем, якія з гэтым зьвязаныя».

Барыс Жаліба
Прафэсар, доктар эканамічных навук Барыс Жаліба кажа, што для такіх праграмных падыходаў неабходна мець шмат грошай.Уся праблема, дзе іх узяць?

«Крэдытаў з Захаду нам ня бачыць як сваіх вушэй. Аблігацыйная пазыка на 800 мільёнаў даляраў амаль пад 9% — гэта вельмі дорага. Дый хопіць яго, як аналітыкі кажуць, на адзін-тры месяцы. Золатавалютныя запасы ў 5 мільярдаў даляраў — гэтага яўна недастаткова. Дый яны фактычна ўсе пазычаныя.

Дзе мы возьмем валюту і як будзем жыць да канца году? Або зноў Расея пойдзе нам насустрач, калі мы з Захадам ужо скончылі стасункі?»

Пятра Пракаповіча сёньня журналісты таксама распытвалі — дзе Нацбанк будзе браць грошы для крэдытаваньня эканомікі? Галоўны банкір спадзяецца на прыбытак у 1,7 мільярда даляраў, які Беларусь страціла летась, калі плаціла нафтавае мыта. Яшчэ тры мільярды даляраў хочуць атрымаць ад прыватызацыі і продажу дзяржаўнай маёмасьці. А пэрспэктыву зьнешніх пазыкаў на 2011 год Пётар Пракаповіч бачыць так:

Гэты год пражывем. А далей — ужо няма куды.
«Гэта адзін мільярд даляраў за разьмяшчэньне эўрабондаў Міністэрствам фінансаў. Гэта восем мільярдаў расейскіх рублёў за кошт разьмяшчэньня эўрабондаў у Расеі. І выкарыстаньне Эўразійскага фонду ў межах той квоты, якая прадугледжаная для нас. Іншых пазыкаў на гэты год не прадугледжана».

Аднак, як кажуць экспэрты, гэтыя грошы могуць быць, а могуць і ня быць. Таму — што чакае Беларусь, калі сёлета ня будзе крэдытаў ні з Захаду, ні з Усходу? — пытаюся ў прафэсара Жалібы:

«Калі цэны на нафтапрадукты і калійныя ўгнаеньні будуць расьці, то зможам неяк пражыць. Але нават пры гэтым будуць зьмяншацца золатавалютныя рэзэрвы. Гэты год пражывем. А далей — ужо няма куды».

Станіслаў Багданкевіч
Былы старшыня праўленьня Нацыянальнага банку Беларусі Станіслаў Багданкевіч пагаджаецца зь цяперашнім старшынём, што галоўныя праблемы сапраўды ляжаць у эканоміцы:

«Патрэбна кардынальна вырашаць праблемы беларускай эканомікі. Таму што мы ня можам жыць працяглы час у доўг, праядаючы штогод на 5-7 мільярдаў даляраў болей, чым зарабляем. Так жа доўга жыць немагчыма».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG