Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афіцыйны Менск ня хоча крэдытаў ад МВФ


Сёньня пачынаецца візыт у Менск чарговай місіі МВФ, якая павінна скарэктаваць макраэканамічны прагноз для Беларусі на 2011—2015 гады з улікам сьнежаньскіх дамоўленасьцяў па адзінай эканамічнай прасторы і цэн на нафту. Місія будзе працаваць у Менску да 2 лютага. Ці пойдзе гаворка пра новыя крэдыты для Беларусі?

Экспэрты МВФ павінны ацаніць уплыў новых дамоўленасьцяў з Расеяй на беларускую эканоміку і прадоўжыць кансультацыі зь беларускім бокам адносна эканамічнай палітыкі і структурных рэформаў. Як паведамілі "Свабодзе" ў сталым прадстаўніцтве МВФ у Менску, пытаньне пра новыя крэдыты абмяркоўваць не плянуецца.

Начальнік Упраўленьня інфармацыі Нацыянальнага банку Беларусі Анатоль Драздоў дадаў, што афіцыйнага звароту па новыя крэдыты не было. Тады дзеля чаго едзе місія МВФ?

"Калі вярнуцца ў гісторыю нашых стасункаў з МВФ, то быў пэрыяд, калі мы ніякіх грошай ад МВФ не атрымлівалі. У 2004-м мы заявілі, што і ня маем патрэбы ў іх. Аднак місіі МВФ у нас працавалі рэгулярна, паколькі Беларусь зьяўляецца сябрам МВФ. Яны аналізуюць нашы паказчыкі, даюць рэкамэндацыі. Гэта вельмі карысна і плённа".

Цягам апошніх двух гадоў Беларусь атрымала ад МВФ крэдыт па праграме stand-by у памеры каля 3,46 мільярда даляраў. Аднак на мінулым тыдні кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што "ніякіх зьнешніх дурацкіх пазыкаў пад вялікія працэнты быць не павінна. Трэба з гэтымі разьлічыцца."

Кіраўнік аналітычнага цэнтру "Стратэгія" Леанід Заіка адзначае, што Беларусь набрала крэдытаў амаль на 25 мільярдаў даляраў, і ў гэтым Лукашэнка ўбачыў пагрозу.

"Беларусь ніколі не выплачвала даўгоў. Ня выпрабавалі гэта на ўласнай скуры. Лічыце, калі сям'я з чатырох чалавек, то кожная беларуская паўнавартасная сям'я вінная 10 тысяч даляраў. Гэта столькі даўгоў вісіць на кожнай сям'і!"

Паводле Заікі, разьлічвацца па беларускіх даўгах будуць расейцы. Кіраўніцтва Расеі паабяцала ўжо Беларусі па 4 мільярды даляраў штогадовага прыбытку на таннай нафце.

"Вось гэта грошы, якія патрэбныя для таго, каб аплаціць гэтыя 25 мільярдаў. Пяць гадоў памнажаем на чатыры, атрымліваецца 20 мільярдаў. То бок расейцы разумеюць, што Беларусь улезла ў вялікія даўгі, што самастойна расплачвацца ня зможа. І каб Беларусь не сышла на Захад, Расея будзе аплачваць рахункі беларускай намэнклятуры".

У сталым прадстаўніцтве МВФ у Беларусі пакуль не камэнтуюць рэзалюцыю Эўрапарлямэнту ад 20 студзеня, у якой гаворыцца пра эканамічныя санкцыі да афіцыйнага Менску і замарозку любой фінансавай дапамогі, у тым ліку праз МВФ. Канчатковае рашэньне наконт гэтага будзе прынятае Радай Эўразьвязу напрыканцы студзеня.

Але, паводле спадара Заікі, парадокс у тым, што афіцыйны Менск цяпер і сам ня будзе прасіць пазыкаў.

"Крэдыты беларусам не патрэбныя. Самае страшнае, што магло быць, — гэта адмова ад куплі беларускіх нафтапрадуктаў. Гэта больш чым на 12 мільярдаў даляраў. Усё астатняе — семкі. Калі эўрапейцы перастануць купляць нафтапрадукты, то тады пачнецца сур'ёзная сытуацыя."
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG