Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міклашэвіч: «Канстытуцыйны суд не ўпаўнаважаны… »


Пётар Міклашэвіч
Пётар Міклашэвіч
Канстытуцыйны суд Беларусі не прымае да разгляду скаргі і заявы асобных грамадзянаў, не дае прававую ацэнку дзеяньням праваахоўным органаў, выступае супраць увядзеньня Эўразьвязам санкцый у дачыненьні да Беларусі.

Такія заявы зрабіў у сераду старшыня Канстытуцыйнага суду Пётар Міклашэвіч, прэзэнтуючы штогадовае пасланьне Канстытуцыйнага суду прэзыдэнту, Палаце прадстаўнікоў і Савету Рэспублікі Нацыянальнага Сходу.

Журналістаў, якія прыйшлі на прэсавую канфэрэнцыю Пятра Міклашэвіча, найбольш цікавілі пытаньне, наколькі адпавядаюць законнасьці начныя ператрусы, канфіскацыя аргтэхнікі, праслухоўваньне тэлефонных размоваў ды іншыя дзеяньні, якія пасьля 19 сьнежня зрабіліся нормай у краіне. Старшыня Канстытуцыйнага суду спаслаўся на артыкул 125 Канстытуцыі:

«Вызначаць, наколькі яны законна праводзяцца, — для гэтага ў нас ёсьць органы пракуратуры, якія ажыцьцяўляюць нагляд за законнасьцю правядзеньня ўсіх сьледчых і апэратыўных дзеяньняў. У нас Канстытуцыйны Суд якраз не ўпаўнаважаны правяраць законнасьць канкрэтных працэсуальных дзеяньняў, якія праводзяцца ў межах той ці іншай крымінальнай справы».

Што да зьбіцьця кандыдата ў дэпутаты Ўладзімера Някляева яшчэ да пачатку акцыі пратэсту, а 19:30 19 сьнежня, калі ён быў кандыдатам у прэзыдэнты, спадар Міклашэвіч адказаў:

«З прававога пункту гледжаньня кандыдаты ў прэзыдэнты не валодаюць імунітэтам ад крымінальнага перасьледу за зьдзейсьненыя імі супрацьпраўныя дзеяньні. У дачыненьні да іх праводзяцца расьсьледаваньні. Вынікі, натуральна, будуць даведзеныя да грамадзкасьці. А тады будзе давацца канкрэтная прававая ацэнка».

І наагул, зьвяртацца ў Канстытуцыйны суд асобныя грамадзяне, грамадзкія арганізацыі, палітычныя партыі ня могуць згодна з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, за аснову якой узятая Канстытуцыя Францыі, патлумачыў спадар Міклашэвіч. Былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду прафэсар Валеры Фадзееў заўважае:

Валеры Фадзееў
«У Канстытуцыях шмат якіх краін сьвету ёсьць такое права. Яно называецца „інстытут канстытуцыйнай скаргі“. Ёсьць такое права ў Нямеччыне. Да прыкладу, у Канстытуцыйны суд ФРГ паступае каля 5 тысяч зваротаў грамадзянаў у год».

У Беларусі ж зьвяртацца ў Канстытуцыйны суд маюць права толькі 6 суб’ектаў: прэзыдэнт, Палата прадстаўнікоў, Савет Рэспублікі, Вярхоўны суд, Вышэйшы гаспадарчы суд і Савет Міністраў. Прафэсар Валер Фадзееў наконт гэтага выказаў такое меркаваньне:

«Што тычыцца таго, што Канстытуцыяй замацавана права шасьці суб’ектаў, а грамадзяне такога права не атрымалі, то я заўсёды адказваў, у тым ліку і спадару Міклашэвічу аднойчы твар у твар на адным сэмінары: „Скажыце калі ласка, а калі вы ў 2008 годзе дэкрэтам прэзыдэнта на Канстытуцыйны суд усклалі 6 абавязкаў у абыход Канстытуцыі, то як гэта?“ Я ўвогуле хацеў бы, каб такое права было нададзена Канстытуцыяй. Але калі ўжо раней прынялі дэкрэт, то тады чаму вы ўвесь час кажаце, што для таго, каб грамадзяне зьвярталіся ў Канстытуцыйны суд, трэба ўносіць зьмены ў Канстытуцыю? Вырашыце і гэта праз дэкрэт».

Што да ўвядзеньня санкцыяў Эўрапарлямэнту ў дачыненьні да Беларусі, старшыня Канстытуцыйнага суду Пётар Міклашэвіч выказаў такое меркаваньне:

«Канечне, я супраць таго, каб прымяняліся такія санкцыі. І для гэтага няма прававых падстаў. Выбары праводзіліся згодна з Канстытуцыяй. Цалкам адпавядалі заканадаўству. Наш прэзыдэнт абраны на свабодных дэмакратычных выбарах, і ён зьяўляецца легітымным. А тым падзеям, якія адбыліся ўжо непасрэдна пасьля выбараў, сёньня будзе давацца прававая ацэнка, у якой ступені да іх маюць дачыненьне былыя кандыдаты ў прэзыдэнты».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG