Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А 16-й гадзіне ПАРЭ пачне разгляд беларускага пытаньня


Сябра армянскай дэлегацыі ў ПАРЭ, сябра апазыцыйнай фракцыі «Ірс» Зарухі Пастаньян — адзін з тых двух дзесяткаў дэпутатаў, якія падпісалі асобную заяву па сытуацыі ў Беларусі.

Сябра армянскай дэлегацыі ў ПАРЭ, сябра апазыцыйнай фракцыі «Ірс» Зарухі Пастаньян — адзін з тых двух дзесяткаў дэпутатаў, якія падпісалі асобную заяву па сытуацыі ў Беларусі.

Чакаецца прыняцьце рэзалюцыі, тэкст якой быў апублікаваны напярэдадні. У ёй дэпутаты Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы заклікаюць афіцыйны Менск вызваліць усіх зьняволеных і правесьці аб’ектыўнае расьсьледаваньне падзеяў 19 сьнежня. Сачыце за онлайн-трансьляцыяй на нашым сайце.

Яшчэ 21 дэпутат Асамблеі ў супольнай заяве заклікае правесьці ў Беларусі новыя выбары.

Сябра армянскай дэлегацыі ў ПАРЭ, сябра апазыцыйнай фракцыі «Ірс» Зарухі Пастаньян — адзін з тых двух дзясяткаў дэпутатаў, якія падпісалі асобную заяву па сытуацыі ў Беларусі. Аўтары заявы заклікаюць увесьці санкцыі супраць беларускіх уладаў за несумленныя выбары і ўціск апазыцыі. Яны прапануюць ацаніць мінулыя выбары як махлярства, не прызнаваць іх вынікаў і заклікаць да новых выбараў у Беларусі. Зарухі Пастаньян адзначыла ў размове з карэспандэнтам «Свабоды»:

«На жаль, Беларусь сёньня падкрэсьліла, што яна не зьяўляецца сябрам такой міжнароднай супольнасьці, дзе паважаюць правы чалавека і праводзяць свабодныя выбары».

Паводле Зарухі Пастаньян, бальшыня дэпутатаў выказваецца за санкцыі супраць афіцыйнага Менску:

«Вядома, санкцыі патрэбныя, бо тыя людзі, якія цяпер маюць патрэбу ў абароне правоў чалавека, — гэтым людзям патрэбная дапамога. І я думаю, што калі будуць прынятыя нейкія санкцыі, то беларускія ўлады могуць адступіць і неяк палепшыць сытуацыю і пачаць паважаць правы чалавека».

Заяву таксама падпісалі дэпутаты з Украіны, Нямеччыны, Фінляндыі, Вялікабрытаніі, Нідэрляндаў, Швэцыі, Фінляндыі, Італіі й іншых краін. Адметна, што сярод падпісантаў ёсьць і Хрыстас Пургурыдэс, аўтар дакладу аб палітычных зьнікненьнях у Беларусі. Раней ён таксама прапанаваў, каб афіцыйны Менск адмяніў сьмяротнае пакараньне дзеля вяртаньня статусу спэцыяльна запрошанага ў ПАРЭ. Паводле Зарухі Пастаньян, гэтая заява — дадатковы рычаг і праява пазыцыі. А рэзалюцыя, якая ўжо апублікаваная, звычайна прымаецца «без асаблівых зьменаў». Яе асноўнае патрабаваньне — вызваленьне палітвязьняў:

«Людзі, якія з прычыны сваіх палітычных поглядаў знаходзяцца ў турмах, павінны быць вызваленыя. Гэта незаконна і беспадстаўна, што яны цяпер знаходзяцца ў турмах Беларусі».

Сяргей Маркаў
Дэпутат ад Расеі Сяргей Маркаў мяркуе, што ў рэзалюцыі, за якую прагаласуе ПАРЭ, «багата разумнага», у тым ліку і заклік вызваліць зьняволеных. Аднак Расеі не падабаецца курс на ізаляцыю Беларусі:

«Кандыдаты ў прэзыдэнты наўрад ці ўяўляюць нейкую пагрозу бясьпецы і правапарадку. Вядома, пільнае расьсьледаваньне павінна быць праведзена. Але я думаю, што не ў інтарэсах Лукашэнкі дыскрэдытаваць сябе вось такімі жорсткімі рэчамі. Я думаю, гэта было справакавана апазыцыяй, якая спужалася таго, што Лукашэнка пасябруе з Захадам. У гэтым канфлікце выйграла апазыцыя. Цяпер трэба замест таго, каб грукаць кулаком аб стол і крычаць на Лукашэнку — трэба спакойна стаць і сказаць: «Спадар Лукашэнка, непрыгожа атрымліваецца. Давайце паціху ўвядзём гэтую справу ў нармальнае рэчышча».

Удзел у пасяджэньні Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы возьмуць і прадстаўнікі Беларусі. Сярод іх — старшыня БХК Алег Гулак, Андрэй Ягораў з Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі, Тацьцяна Чуліцкая з ЭГУ і Аляксандар Юшкевіч зь Беларускага камітэту моладзевых арганізацый.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG