Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапарлямэнт рыхтуе прапановы наконт санкцыяў супраць афіцыйнага Менску


Юстас Палецкіс
Юстас Палецкіс
Сёньня ў францускім Страсбуры пачынаецца сэсія Эўрапарлямэнту, на якой будзе разгледжаная сытуацыя ў Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў і ўхваленая рэзалюцыя, якая будзе ўтрымліваць рэкамэндацыі наконт санкцыяў адносна беларускіх уладаў. Наш карэспандэнт Валер Каліноўскі пагутарыў з распрацоўнікам аднаго з праектаў гэтай рэзалюцыі эўрадэпутатам ад Літвы Юстасам Палецкісам.

Дэбаты Эўрапарлямэнту па Беларусі прызначаныя на другую палову дня 19 студзеня. На пленарнай сэсіі мае таксама выступіць кіраўніца замежнай палітыкі Эўразьвязу Кэтрын Эштан. Галасаваньне па праекце рэзалюцыі адбудзецца ў наступны дзень, 20 студзеня. Цяпер палітычныя фракцыі Эўрапарлямэнту працуюць над сваімі варыянтамі праекту рэзалюцыі, якія пазьней будуць узгодненыя і ўключаныя ў агульны кампрамісны варыянт. Гаворыць дэпутат Эўрапарлямэнту ад Літвы Юстас Палецкіс:

«Як заўсёды, у парлямэнце існуюць розныя думкі, і будуць спрэчкі паміж тымі, хто хоча вельмі жорстка рэагаваць, і тымі, якія лічаць, што трэба ўсё ж, думаючы пра гэтыя захады, якія непазьбежныя пасьля таго, што адбылося, разважаць і пра тое, як гэта адаб’ецца на становішчы простых грамадзян Беларусі, эканамічных, культурных, навуковых кантактах краін ЭЗ і Беларусі».

Юстас Палецкіс кажа, што адносіцца да прыхільнікаў мякчэйшага падыходу ў санкцыях, але не выключае, што большасьць выступіць за жорсткі падыход да беларускіх уладаў.

«Бясспрэчна тое, што будзе вельмі недвухсэнсоўна заяўлена пра тое, што ўсе арыштаваныя павінны быць неадкладна вызваленыя, што трэба правесьці незалежнае дасьледаваньне таго, што адбылося 19 сьнежня».

Апрача таго, на думку спадара Палецкіса, Эўрапарлямэнт выкажацца за візавыя санкцыі адносна арганізатараў масавых рэпрэсіяў у Беларусі і фальсыфікатараў вынікаў выбараў. Дэпутаты Эўрапарлямэнту таксама адзіныя ў тым, што трэба спыніць акцыі запалохваньня апазыцыі, СМІ, няўрадавых арганізацыяў. Яны таксама выкажуць спадзяваньне на працяг працы офісу АБСЭ ў Менску, перакананы спадар Палецкіс.

Не сумняюся, што Эўракамісію заклічуць як мага шырэй адчыніць дзьверы для кантактаў паміж грамадзянамі Беларусі і Эўразьвязу.
«Не сумняюся, што Эўракамісію заклічуць як мага шырэй адчыніць дзьверы для кантактаў паміж грамадзянамі Беларусі і Эўразьвязу. Гэта ў першую чаргу можна аблегчыць спрашчэньнем візавага рэжыму».

Апрача візавых санкцыяў адносна Аляксандра Лукашэнкі і ягонага атачэньня, у Эўрапарлямэнце абмяркоўваюць магчымасьць увесьці эканамічныя санкцыі і замарозіць удзел Беларусі ў праграме Эўразьвязу «Ўсходняе партнэрства».

Тут будуць дыскусіі, кажа спадар Палецкіс. Ягоная фракцыя супраць, бо лічыць такія крокі контрапрадуктыўнымі, але разам з гэтым Юстас Палецкіс не выключае і станоўчага рашэньня наконт замарожваньня ўдзелу Беларусі ва «Ўсходнім партнэрстве».

Гучаць таксама галасы наконт непрызнаньня Эўрапарлямэнтам мінулых прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі і патрабаваньня новых:

«Гэта таксама адзін са спрэчных момантаў. Ёсьць шмат аргумэнтаў на карысьць такога падыходу. Наколькі гэта рэальна і наколькі гэта можа быць ажыцьцёўлена, пра гэта трэба паспрачацца. І я якраз сёньня буду ў Страсбуры з нашай фракцыяй гутарыць на гэтую тэму. Я не выключаю такога параграфа, але гэта яшчэ трэба абдумаць».

Тым часам сёньня стала вядома, што Польшча падрыхтавала свае візавыя санкцыі адносна прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і некалькіх соцень прадстаўнікоў ягонага рэжыму.

Як неафіцыйна паведамляюць дыпляматычныя крыніцы ў Польшчы, у МЗС гэтай краіны гатовы сьпіс прозьвішчаў асоб, адказных за рэпрэсіі, што пачаліся пасьля выбараў 19 сьнежня: пракурораў, судзьдзяў, чыноўнікаў, супрацоўнікаў спэцыяльных службаў.

Вядома, што ў гэтым сьпісе некалькі соцень прозьвішчаў, уключна з Лукашэнкам. Пакуль што МЗС Польшчы не публікуе цалкам гэты сьпіс і не падае дакладнага ліку асоб, якіх закрануць санкцыі. Аднак вядома, што пад санкцыі ня трапіць міністар замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў, каб не абмяжоўваць магчымасьцяў дыялёгу.

Аналягічныя санкцыі ад імя ўсяго Эўразьвязу чакаюцца 31 студзеня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG