Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Cёньня ў Брусэлі ў рамках пасяджэньня камітэту міжнародных спраў Эўрапарлямэнту пройдзе дыскусія пра сытуацыю ў Беларусі. У дыскусіі возьмуць удзел сябры дэлегацыі па сувязях зь Беларусьсю і падкамітэту правоў чалавека ў Эўрапарлямэнце, а таксама прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сілаў.

Мэта дыскусіі палягае ў тым, каб скласьці больш ясны малюнак таго, што адбываецца ў Беларусі. На яе падставе мяркуецца прыняць рашэньне аб накіраваньні ў Менск адмысловай дэлегацыі для высьвятленьня фактаў. Пасьля вяртаньня дэлегацыі, а, магчыма, і раней, плянуецца правесьці дыскусію на пленарным пасяджэньні і прыняць рэзалюцыю аб падзеях у Беларусі. Пра гэта распавёў "Свабодзе" эўрапарлямэнтар ад Літвы Юстас Палецкіс, які раней выказваўся за дыялёг паміж Брусэлем і афіцыйным Менскам.

"Я не сумняваюся, што ў гэтай рэзалюцыі ў любым выпадку будзе вылучана патрабаваньне неадкладна вызваліць арыштаваных у ноч 19 сьнежня. Будзе выказана абурэньне гэтымі фактамі. Хаця, відаць, будуць прызнаныя і некаторыя пазытыўныя крокі, якія былі. Ну, і ёсьць тут розныя меркаваньні адносна санкцый. Гэта больш спрэчнае пытаньне. Некаторыя мае калегі выступаюць за тое, каб вярнуцца да палітыкі і эканамічных, і візавых санкцый. Іншыя кажуць, што трэба абмежавацца візавымі санкцыямі. Відаць, невялікая група была б за тое, каб ніяк не рэагаваць на гэта. Але ў любым выпадку даволі ярка асуджэньне гэтых дзеяньняў беларускіх уладаў будзе выказанае".

Спадар Палецкіс заявіў, што Эўрапарлямэнт ня можа не рэагаваць на той "абуральны выпадак", калі 19 сьнежня былі арыштаваныя экс-кандыдаты, іх паплечнікі і сотні ўдзельнікаў дэманстрацыі.
Юстас Палецкіс

"Мой настрой вельмі невясёлы. Я працую сёмы год у Эўрапарлямэнце, заўсёды выступаў за тое, каб зь Беларусьсю быў дыялёг, каб шляхам кантактаў было нейкае збліжэньне пазыцыяў бакоў, і я быў рады адмене палітыкі санкцый. І я думаю, што гэта было правільна зроблена. А цяпер вось зноў даводзіцца гаварыць і меркаваць пра тое, як далей рухацца. Я думаю, што калі санкцыі патрэбныя, то трэба вельмі дакладна ўзважыць, каб яны не закранулі шараговых грамадзянаў Беларусі".

Паводле Юстаса Палецкіса, ад Эўрапарлямэнту трэба чакаць "адэкватнай рэакцыі", бо "гэта быў шок ад таго, што адбылося ў Беларусі".

Як паведаміла дырэктарка няўрадавай арганізацыі "Офіс за дэмакратычную Беларусь", якая месьціцца ў Брусэлі, Вольга Стужынская, сёньня раніцай чакаецца сустрэча беларускай дэлегацыі са старшынёй Эўрапарлямэнту Ежы Бузэкам. Падчас дыскусіі ў Эўрапарлямэнце заплянаваныя выступы лідэра руху "За свабоду" Аляксандра Мілінкевіча і намесьніка кіраўніка Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэя Аляксандрава. Таксама ў дыскусіі возьмуць удзел і іншыя лідэры беларускай апазыцыі, якія праводзяць сустрэчы ў шэрагу эўрапейскіх краінаў.

Паводле прэс-службы руху "За свабоду", Аляксандар Мілінкевіч мае намер заклікаць Эўразьвяз да пашырэньня візавых санкцыяў у дачыненьні да беларускіх чыноўнікаў. Ён лічыць, што пэрсанальныя візавыя санкцыі неабходна "значна пашырыць на фальсыфікатараў выбараў і арганізатараў рэпрэсій". Пры гэтым ён зьбіраецца назваць канкрэтныя чыноўніцкія пасады, якія трэба ўключыць у сьпіс. Таксама ён прапануе спрасьціць візавы рэжым для звычайных беларусаў.

Кандыдат на прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі 2006 года Аляксандар Казулін на сустрэчы з журналістамі ў Бэрліне 11 студзеня выказаў надзею, што Эўрапарлямэнт прыме "жорсткую рэзалюцыю па Беларусі з рэальнай ацэнкай сытуацыі".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG