Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: У актывіста БНФ Салаўёва забралі камэру, кампутар ды сьцягі


Надзея Салаўёва апавядае пра ператрус.

Надзея Салаўёва апавядае пра ператрус.

На кватэры ў старшыні абласной арганізацыі партыі БНФ Зьмітра Салаўёва адбыўся ператрус. Гаспадара не было дома. У кватэры знаходзіцца яго жонка й малалетняя дачка.

Паводле жонкі, Надзеі Салаўёвай, людзі ў цывільным спачатку запатрабавалі адчыніць дзьверы, а потым заявілі, што будуць праводзіць вобшук. Ён пачаўся аб адзінаццатай гадзіне і доўжыўся паўтары гадзіны.

Салаўёва: «Забралі два бел-чырвона-белыя сьцягі, сыстэмны блёк кампутара, фотакамэру з касэтай. На ёй запіс падзеяў на Плошчы. Адну флэш-картку. Перагледзелі ўсе шафы й папкі. Копіі пастановы мне не пакінулі. Сказалі, што ня маюць права. Прапанавалі толькі азнаёміцца. Санкцыя на вобшук выдана менскім пракурорам Куліком 13 студзеня. У пастанове напісана, што „Зьміцер Салаўёў браў удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве „Плошча-2010“. Здымаў падзеі на відэа. Па месцы жыхарства могуць знаходзіцца відэаматэрыялы падзеяў, а таксама іншыя прадметы й дакумэнты, якія адносяцца да арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў“. Падпісаў пастанову сьледчы ўправы КДБ па Магілёўскай вобласьці маёр Батвінкоў. Ператрус праводзілі сьледчыя КДБ Алег Махуноў і Антон Ромскі».

Паводле спадарыні Салаўёвай, дваіх панятых супрацоўнікі КДБ прывезьлі з сабою.

Зьміцер Салаўёў па справах знаходзіцца ў Менску. 12 студзеня яго выклікалі ў КДБ і вынесьлі папярэджаньне за арганізацыю летась несанкцыянаваных мерапрыемстваў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG