Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чэкістаў цікавяць носьбіты інфармацыі, паэзія Някляева і дапаможнікі прадпрымальнікам



У Гомелі ў офісе рэгіянальнай арганізацыі руху “За свабоду”, дзе адначасова знаходзіцца й рэдакцыя інтэрнэт-газэты “Сильные новости”, супрацоўнікі мясцовай управы КДБ правялі ператрус і канфіскавалі два сыстэмныя блёкі кампутараў, флэшкі, DVD-дыскі ды іншыя носьбіты інфармацыі.

Як паведаміў рэгіянальны кіраўнік руху “За свабоду” Пётар Кузьняцоў, старшы оперупаўнаважаны Андрэй Мельнікаў паказаў пастанову на ператрус, які робіцца ў межах дасьледаваньня крымінальнай справы пра масавыя беспарадкі 19 сьнежня на плошчы Незалежнасьці ў Менску.

“Асабліва зьдзівіла сьцьвярджэньне наконт дакладных зьвесткак пра тое, што ў нашым офісе нібыта ёсьць матэрыялы з заклікамі ісьці на плошчу і ўчыняць там гвалтоўныя дзеяньні, – кажа спадар Кузьняцоў. – Насамрэч спэцслужбы імкнуцца спаралізаваць працу грамадзкіх арганізацый і інфармацыйных рэсурсаў, каб людзі ня мелі аб’ектыўнай інфармацыі”.

Да ператрусу аўтамашыну Пятра Кузняцова затрымалі па дарозе ў Рэчыцу супрацоўнікі ДАІ. Яны сканфіскавалі звыш 5 тысяч улётак “Знаю!” пра сьнежанскія падзеі ў Менску. Пратакол затрыманьня ў райаддзеле міліцыі перапісвалі некалькі разоў. На 18 студзеня прызначана судовае разбіральніцтва ў Рэчыцкім раённым судзе па факту распаўсюджаньня друкаванай прадукцыі без выходных зьвестак.

14 студзеня ў Рэчыцы мясцовыя супрацоўнікі УКДБ правялі ператрус у прыватным доме Алега Шабетніка, прадпрымальніка й каардынатара ў рэгіёне перадвыбарчай кампаніі Ўладзімера Някляева. Яны канфіскавалі зборнік паэзіі Някляева “Кон”, брашуру Анатоля Лябедзькі “А.Л. супраць А.Л.” і дапаможнік прадпрымальніку на выпадак праверак.

Спадара Шабетніка рэчыцкія чэкісты праз тры дні пасьля выкліку ў Гомельскую абласную ўправу КДБ спачатку запрасілі да сябе нібыта на размову, але паказалі актывісту пастанову і павезьлі яго дадому рабіць ператрус.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG