Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канчатковая справаздача па катастрофе самалёта Качынскага


Расея перадала польскаму боку канчатковую справаздачу Міждзяржаўнага авіяцыйнага камітэту (МАК) аб выніках расьсьледаваньня авіякатастрофы самалёта прэзыдэнта Польшчы пад Смаленскам 10 красавіка 2010 году.

Міждзяржаўны авіяцыйны камітэт (МАК) прыйшоў да высновы, што галоўнай прычынай катастрофы самалёта прэзыдэнта Польшчы Леха Качынскага стаў чалавечы фактар – памылкі экіпажу і ціск на яго з боку высокапастаўленых пасажыраў.

"Непасрэднымі прычынамі катастрофы зьявіліся: непрыняцьце экіпажам своечасовага рашэньня аб зыходзе на запасны аэрадром пры неаднаразовай і своечасова атрыманай інфармацыі аб фактычных мэтэаўмовах на аэрадроме "Смаленск-Паўночны", значна горшых за ўстаноўлены для гэтага аэрадрома мінімум", – сказала старшыня МАК Тацьцяна Анодзіна на прэсавай канфэрэнцыі ў агенцтве "Інтэрфакс" 12 студзеня.

На прыняцьце рашэньня экіпажам аб пасадцы паветранага судна магла паўплываць прысутнасьць у кабіне галоўнакамандуючага Ваенна-паветраных сілаў Польшчы, паведаміла Анодзіна. Паводле яе, у крыві галоўнакамандуючага ВПС Польшчы было выяўлена 0,6 праміле этылавага сьпірту.

У справаздачы МАК гаворыцца, што экіпаж Ту-154 баяўся нэгатыўнай рэакцыі прэзыдэнта Л. Качынскага ў выпадку зыходу на запасны аэрадром.

"Па матэрыялах тэхнічнай камісіі і незалежных экспэртаў, у выпадку зыходу на запасны аэрадром камандзір мог чакаць нэгатыўнай рэакцыі галоўнага пасажыра", – заявіла Т. Анодзіна.

"Сыстэмнымі прычынамі катастрофы самалёта Ту-154М Рэспублікі Польшча зьявіліся істотныя недахопы ў арганізацыі лётнай працы, падрыхтоўцы членаў экіпажа і пры забесьпячэньні дадзенага адмысловага важнага палёту ў спэцыяльным авіяпалку", – адзначыла старшыня МАК.

"Падчас палёту экіпаж неаднаразова атрымліваў інфармацыю аб неадпаведнасьці мэтэаўмоваў на аэрадроме прызначэньня. Нягледзячы на гэта, экіпаж самалёта Ту-154 рашэньне аб зыходзе на запасны аэрадром не прыняў. Гэта можна лічыць пачаткам экстранай сытуацыі на борце", – падкрэсьліла яна.

Арыгіналы бартавых самапісцаў і фрагмэнты самалёта МАК перадаў у сьледчы камітэт Расеі. Справаздача МАК будзе апублікаваная.
Прэм'ер-міністар Польшчы Дональд Туск пасьля публікацыі прычын катастрофы самалёта прэзыдэнта Польшчы Леха Качынскага Міждзяржаўным авіяцыйным камітэтам (МАК) перапыніў свой адпачынак і вяртаецца ў Варшаву.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG