Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Прапануем вашай увазе пераклад артыкулу Ёрга Форбрыга (Joerg Forbrig), аднаго з кіраўнікоў праграмы па Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе Фонду Маршала "Нямеччына-ЗША" ў Бэрліне, апублікаваны ў сёньняшнім выданьні International Herald Tribune.

Палітыка Эўразьвязу ў дачыненьні да Беларусі разарваная на шматкі. Два гады кантактаў з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі, прамое супрацоўніцтва ў рамках праграмы "Ўсходняе партнэрства" і мяккі націск, накіраваны на забесьпячэньне хоць нейкай прасторы для дэмакратаў у краіне – усё гэта скончылася крахам 19 сьнежня, калі міліцыя здушыла сьмелы масавы пратэст супраць падтасовак на выбарах. Былі праведзеныя рэйды і ператрусы ў незалежных сродках масавай інфармацыі і няўрадавых арганізацыях, сотні змагароў за дэмакратыю апынуліся за кратамі, дзе іх чакаюць брутальнае абыходжаньне і суворыя прысуды. Гэта быў змрочны дзень – як для дэмакратычнай апазыцыі Беларусі, так і для хваленай "мяккай сілы" Эўропы.

Эўрапэйскіх палітыкаў гэтыя падзеі засталі зьнянацку. Шмат хто з тых, якія здалёк назіралі ў шоку і жаху за рэпрэсіўнымі дзеяньнямі міліцыі, цяжка працавалі (разам са сваімі беларускімі партнэрамі) над перазагрузкай адносін зь Беларусьсю, паставіўшы на кон свой асабісты аўтарытэт. Іхняе абурэньне было адлюстраванае ў рэзкім асуджэньні, зь якім выступілі ў СМІ міністры замежных справаў Швэцыі, Чэхіі, Польшчы і Нямеччыны. Тым ня менш, у афіцыйных заявах амаль нічога не гаворыцца пра тое, што Эўразьвяз павінен зрабіць у адказ. А цяпер неабходная перазагрузка перазагрузкі – гэта значыць, разварот на 180 градусаў.

Дэмакратыя ў Беларусі знаходзіцца ў стане гуманітарнай катастрофы. Шмат людзей апынулася за кратамі, у многіх няма цёплай вопраткі, дастатковага харчаваньня, неабходных мэдыкамэнтаў, адсутнічае юрыдычная дапамога. Пасьля вызваленьня яны далей перасьледуюцца міліцыяй, іх пазбаўляюць працы, выганяюць з унівэрсытэтаў. Усе яны маюць патрэбу ў абароне, прытулку і фінансавай падтрымцы. Эўразьвяз павінен неадкладна аказаць ім дапамогу, дзейнічаючы праз амбасады, дабрачынныя арганізацыі, а таксама зьвяртаючыся да паасобных грамадзянаў.

Горш за ўсіх даводзіцца 23 затрыманым, якія знаходзяцца ў турмах КДБ, уключаючы кандыдатаў у прэзыдэнты ад апазыцыі і іх паплечнікаў. Па дадзеных Amnesty International, на допытах іх нават катуюць. Здароўе як мінімум дваіх зь іх – Андрэя Саньнікава і Ўладзімера Някляева – хутка пагаршаецца, і ім патрэбная неадкладная мэдычная дапамога. Эўразьвяз абавязаны запатрабаваць гуманнага стаўленьня да зьняволеных, прадстаўленьня ім сустрэчаў зь лекарамі, адвакатамі і сваякамі, і ўрэшце вызваленьня гэтых затрыманых.

Ва ўсіх астатніх пытаньнях адносіны паміж Эўразьвязам і Беларусьсю павінны быць замарожаныя. Усе праекты, такія як пляны паглыбленьня супрацоўніцтва, удзел у праграме "Ўсходнеэўрапэйскага партнэрства", выдача крэдытаў і аказаньне эканамічнай дапамогі з боку эўрапэйскіх арганізацый павінны быць прыпыненыя аж да вызваленьня затрыманых менскім рэжымам.

Прыйдзецца зноў увесьці візавыя забароны для менскага кіраўніцтва, якія былі адмененыя два гады таму. Сьпіс асобаў, уезд якіх на тэрыторыю Эўразьвязу павінен быць забаронены, неабходна перагледзець і пашырыць, уключыўшы туды вінаватых у падтасоўцы на выбарах і ў брутальнасьці пасьля іх. Туды варта ўнесьці прозьвішча Лукашэнкі, а таксама кіраўнікоў цэнтральнай і рэгіянальных выбарчых камісій, кіраўнікоў дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі, афіцэраў, якія загадвалі ўжываць гвалт супраць пратэстоўцаў, прозьвішчы сьледчых з КДБ, начальнікаў турмаў, дзяржаўных пракурораў і судзьдзяў, якія сотнямі выносілі палітычна матываваныя прысуды. Гэта падасьць выразны сыгнал дзяржаўнаму апарату Беларусі, а таксама пазбавіць злачынцаў магчымасьці выдаткоўваць свае прэміяльныя падчас адпачынкаў і шоп-тураў у краінах Эўразьвязу.

Адначасова Эўразьвяз павінен прыняць у свае абдымкі простых беларусаў. Шмат хто ў Беларусі, каго пятнаццаць гадоў ізалявалі і бамбілі антызаходняй прапагандай, ня ведае нават таго, ці быў бы ён жаданым госьцем у сям'і эўрапэйскіх народаў. Эўразьвяз можа разьвеяць гэтыя сумневы лібэральнай візавай палітыкай, або адмяняючы ўсе візавыя патрабаваньні, або, як мінімум, даючы без абмежаваньняў візы нармальным грамадзянам. Гэта стане праявай салідарнасьці з грамадзтвам, якое апынулася ў аблозе. З часам адкрытыя межы ўзмоцняць пазыцыі тых беларусаў, якія бачаць будучыню сваёй краіны разам з Эўропай. Польшча некалькі дзён таму падала добры прыклад, увёўшы ўласныя візавыя абмежаваньні для прадстаўнікоў уладаў у Менску і адмяніўшы аплату за нацыянальныя візы для грамадзянаў Беларусі.

Эўропа павінна таксама аказаць большую падтрымку грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі. Нягледзячы на шматгадовы ціск з боку дзяржавы, у гэтай "апошняй дыктатуры Эўропы" існуе энэргічная і даволі шматлікая дэмакратычная супольнасьць, якая не баіцца гаварыць свабодна, незалежна і крытычна. Гэтая супольнасьць зьведвае магутныя нападкі з боку дзяржаўнай улады, і выжыць яна зможа толькі дзякуючы неадкладнай дапамозе Эўропы. Некаторыя краіны Эўропы, такія як Нідэрлянды і Швэцыя, даўно ўжо даюць такую фінансавую дапамогу, якая цяпер патрэбная больш, чым калі-небудзь раней. Увесь Эўразьвяз павінен разглядаць беларускую грамадзянскую супольнасьць як легітымны голас сваёй краіны, уключаючы яе ў любы дыялёг на тэму адносін паміж Эўразьвязам і Беларусьсю.

Калі глядзець на даўжэйшую пэрспэктыву, дык пакуль Беларусьсю кіруе Лукашэнка, нічога добрага зь яе не атрымаецца. І тут Эўразьвяз павінен памятаць аб наяўных у яго магутных рычагах эканамічнага ўзьдзеяньня, паколькі краіны Эўразьвязу зьяўляюцца галоўнымі атрымальнікамі беларускага экспарту. Эўразьвяз знойдзе ў гэтым пытаньні партнэра ў Злучаных Штатах, паколькі ЗША па-ранейшаму ўстойліва падтрымліваюць беларускую дэмакратыю. Эўрапейскія лідэры павінны таксама давесьці Маскве, што "мадэрнізацыйнае партнэрства" Расеі з Эўразьвязам распаўсюджваецца і на іх агульных суседзяў – уключаючы Беларусь.

Беларусы называюць 19 сьнежня 2010 г. сваёй "крывавай нядзеляй". Калі Эўропе хопіць мужнасьці, каб супрацьстаяць Менску, гэты дзень можа запомніцца і як пачатак канца тыраніі Лукашэнкі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG