Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інтэлектуалы Літвы занепакоеныя лёсам А.Фядуты і іншых зьняволеных


Літоўскі філёзаф, дэпутат Эўрапарлямэнту Леанідас Донскіс разам з чатырма дзясяткамі прадстаўнікоў акадэмічнага сьвету Літвы зьвярнуўся з адкрытым лістом да прэзыдэнта Далі Грыбаўскайце, заклікаючы яе ўжыць усе захады для вызваленьня Аляксандра Фядуты ды іншых вязьняў менскага рэжыму.

“Дзеля таго, што Аляксандар Фядута – часты і жаданы госьць на арганізоўваных у Літве навуковых канфэрэнцыях, лектар Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, які працуе ў Літве, чалавек, які пасьлядоўна падтрымлівае дэмакратычныя працэсы, што адбываюцца ў Літве, мы выказваем занепакоенасьць яго лёсам, тым больш што А.Фядута мае слабое здароўе. Мы безумоўна занепакоеныя лёсам і іншых затрыманых, аднак за А.Фядуту перажываем асабліва, бо будучы хворым чалавекам, гэты навуковец можа ня вытрымаць цяжару арышту”, - гаворыцца ў лісьце.

Пад адкрытым лістом падпісаліся вядомыя ў Літве навукоўцы, унівэрсытэцкія выкладчыкі, літаратары.

У аўторак 28 сьнежня ў 17.00 ў галерэі Мастакоў старога гораду (Senamiesčio menininkų galerija, Totorių, 22) у Вільні літоўскія паэты і перакладчыкі ладзяць чытаньні салідарнасьці зь беларускімі літаратарамі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG