Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вядомыя расейскія пісьменьнікі патрабуюць вызваленьня Някляева


Вядомыя расейскія пісьменьнікі патрабуюць ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць Уладзімера Някляева і спыніць рэпрэсіі супраць апазыцыі. Як паведамляе БелаПан, заяву з такім патрабаваньнем падпісалі Андрэй Бітаў, Барыс Васільеў, Аляксандр Гельман, Віктар Ерафееў, Леанід Жухавіцкі, Кірыл Кавальджы, Валерый Папоў, Эдуард Успенскі, Сяргей Філатаў.

"Мы абураныя тым, што адбывалася ў ноч пасля выбараў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, калі былі ўжытыя рэпрэсыўныя захады ў дачыненні да апазыцыйна настроеных грамадскіх дзеячоў", — гаворыцца ў дакумэнце.

"Асаблівую трывогу выклікае ў нас лёс аднаго з самых таленавітых пісьменьнікаў, вядомага грамадзкага дзеяча Рэспублікі Беларусь — Уладзімера Някляева, — падкрэсліваюць аўтары. — Ён, кандыдат у прэзыдэнты, быў зьбіты, арыштаваны з бальнічнага ложку і дагэтуль утрымліваецца ў СІЗА. Усё гэта адбылося па яўным указаньні ўладаў".

"Такое абыходжаньне з пісьменьнікам не можа не хваляваць расейскую і сусьветную грамадзкасьць, — адзначаецца ў заяве. — Ганебная практыка перасьледу іншадумцаў — найвыдатнейшых дзеячаў культуры Беларусі вымушае пісьменнікаў з сусьветнымі імёнамі, якія складаюць гонар беларускай літаратуры, такіх, як Васіль Быкаў, Святлана Алексіевіч, пакідаць Радзіму, каб мець магчымасьць жыць і свабодна тварыць на карысьць сваёй краіны і народа, не здраджваючы сваім перакананьням".

Аўтары заявы нагадваюць, што "пісьменьнік Уладзімер Някляеў — ляўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, таксама вымушаны быў з'ехаць, але вярнуўся з надзеяй на свабодныя выбары".

"Асьцерагаючыся за жыцьцё і лёс Уладзімера Някляева, іншых, арыштаваных 19 сьнежня апазыцыянэраў, якім пагражае турэмнае зьняволенне за спробу рэалізаваць канстытуцыйнае права на свабоду слова і сходаў, на адстойваньне дэмакратычных прынцыпаў, мы чакаем ад улады Рэспублікі Беларусь неадкладных мер па вызваленьні Уладзімера Някляева і спыненьня рэпрэсіяў супраць апазыцыі", — гаворыцца ў заяве.

Раней з падобнымі заявамі выступілі беларускія пісьменнікі, а таксама Саюз пісьменьнікаў Масквы, Міжнародны, Беларусі і Польскі ПЭН-цэнтры.
XS
SM
MD
LG