Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Які палітычны вынік, сэнс сёлетняй палітычнай кампаніі выбараў-невыбараў? Ці чакае Беларусь новыя палітычныя замаразкі? Якія шляхі ляжаць перад беларускім грамадзтвам на цяперашнім раздарожжы?
Над гэтымі пытаньнямі ў “Праскім акцэнце” разважаюць – філёзаф Валянцін Акудовіч, шэф-рэдактар газэты “Народная воля” Сьвятлана Калінкіна і палітоляг Аляксей Пікулік.


Дракахруст: Задоўга да 19 сьнежня шмат хто казаў, што выбары ў Беларусі – зусім ня выбары, а нейкі рытуал, чарговая каранацыя Аляксандра Лукашэнкі. Разам з тым адзначалася, што дзень гэтых выбараў – у двукосьсі ці бяз яго – адзіны за 5 гадоў, калі народ можа сказаць сваё слова – і не праз выбарчыя скрыні, а на плошчы.
Зараз у нас ва усіх перад вачыма – кроў на сьнезе перад Домам ураду, больш за 600 арыштаваных, зьбітыя і арыштаваныя кандыдаты ў прэзыдэнты.Але які палітычны сэнс, вынік гэтых выбараў-нявыбараў – Лукашэнка атрымаў тое, што хацеў, рэжым, які трымаецца адно на амапаўскіх дубінках, паказаў сваю рэпрэсіўную пысу, людзі на плошчы атрымалі маральную перамогу і ўратавалі гонар імя грамадзянаў, забясьпечыўшы хаця б непрызнаньне выбараў з боку Захаду?

Акудовіч:
На гэтых выбарах ніхто не выйграў. Ці, дакладней, на гэтых выбарах прайгралі і апазыцыя, і Лукашэнка – толькі кожны па-свойму і з розных падставаў. Апазыцыя прайграла таму, што яна і не магла не прайграць, паколькі яе патэнцыялу пакуль хапае толькі на пройгрышы. А вось Лукашэнка мог выйграць, але прайграў іх з трэскам, калі браць пад увагу выбары як маштабны палітычны праект, які ён рыхтаваў цягам апошняга часу. Я тут маю на ўвазе тое, што гэтыя выбары мусілі яму, як пісаў рускі клясік, “прорубить окно в Европу”. І вось усё тое, дзеля чаго ён мяняў выбарчае заканадаўства, рабіў шматлікія дыпляматычныя і палітычныя захады, фальсыфікаваў кандыдатаў у прэзыдэнты ў колькасьці аж 9 асобаў, трываў ад іх ганьбу у адкрытым тэлеэфіры – усё гэта ляснула цягам некалькі гадзінаў, пачынаючы ад зьбіцьця Уладзіміра Някляева і сканчаючы зьбіццём усіх, хто патрапляў пад руку АМАПАўцам на пляцы Незалежнасьці. Што раптам здарылася з Аляксандрам Лукашэнка? Для мяне гэта пакуль абсалютна іррацыянальная гісторыя., цалкам пазбаўленая палітычнай лёгікі. Але што б за ёй не стаяла, яна засьведчыла паразу Лукашэнка на выбарах.


Дракахруст: Сьвятлана, а як бы вы падвялі палітычны вынік? Валянцін мяркуе, што прайгралі ўсе - апазыцыя падчас ўсёй кампаніі, Лукашэнка - падчас разгону плошчы. А як гэта вам бачыцца?

Калінкіна: Я мяркую, што шмат аспэктаў і ёсьць нават аптымістычны аспэкт. Вельмі шмат у каго былі надзеі, што Аляксандар Лукашэнка можа стаць цывілізаваным палітыкам і што цывілізаваная аўтакратыя можа існаваць і яе можна цярпець у Эўропе. І за 7.5 хвілінаў разгону гэтыя спадзевы абрынуліся. І сам Лукашэнка трапіў у пастку.
Што тычыцца апазыцыі, што гэта можа быць балючым, але новым нараджэньнем апазыцыі. Стала больш відавочна, што такое апазыцыя, што там розныя сілы, што заклік да рэвалюцыі павінны рабіць тыя, хто разумее, як рэвалюцыі робяцца і чым яны могуць ахвяраваць. У нас доўгі час гучалі заклікі да рэвалюцыі, да плошчы, але яны былі ня вельмі асэнсаваныя, гэты былі як заклікі да віншаваньня Новага году. А зараз кожны разумее, што стаіць за гэтым заклікам.

Дракахруст: Аляксей, Сьвятлана ўжо пачала размову пра сэнс рэвалюцыі. Яна сказала, што ў кагосьці была надзея, што Лукашэнка будзе цывілізаваным. Але на плошчы , магчыма, ў кагосьці была іншая надзея - што адкрыюцца дзьверы, што АМАП пяройдзе на бок дэманстрантаў. Як бы вы падвялі палітычны менавіта палітычны вынік гэтых выбараў-невыбараў?

Пікулік:
Я лічу, як бы гэта парадаксальна гэта ні гучала, што выйграла апазыцыя. Лукашэнка разагнаў гэты натоўп і цаной здаўшых нэрваў стала непрызнаньне выбараў з боку Эўропы. І апазыцыя ў тых умовах, якіх яна была, дамаглася максымуму таго, чаго магла дамагчыся. Ён жа і мінімум.
Апазыцыя дамаглася непрызнаньня, прычым нават не сваімі рукамі, а дазволіўшы ўладзе справакаваць сябе і самой правесьці правакацыю каля Дому ўраду. Я мяркую. што Лукашэнка зрабіў вялікую памылку, якая будзе яму вельмі дорага каштаваць, ён заганяе сябе выключна ў расейскі вэктар палітыкі. Бо кантакты з Эўропай, сувязі з Эўропай будуць замарожаныя.

Дракахруст: Мы ўжо пачалі размовы пра раздарожжа, на якім апынулася апазыцыя. Многіх узрушылі крокі Яраслава Раманчука – яго заява з абвінавачваньнямі на адрас калег-кандыдатаў у прэзыдэнты і сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам. Свае разуменьне ўрокаў выбараў 2010 году выклаў Аляксандар Мілінкевіч. У адрозьненьні ад Бэлграду, Тбілісі, Кіеву, дзе сілы правапарадку ці былі нэўтральны ці нават пераходзілі на бок тамтэйшых плошчаў, беларускі АМАП увечары 19-го выканаў загад і яго было дастаткова, каб за 7.5 хвілінаў, як з гонарам падкрэсьліў Лукашэнка, разьвеяць спадзевы на цуд. Дык на што ж спадзявацца зараз? На адзінства апазыцыі? На паразуменьне з рэжымам? На... На што? Сьвятлана

Калінкіна:
Ёсьць і яшчэ адзін аптымістычны вынік. Па тых участках, дзе назіральнікам усё ж далі магчымасьць назіраць за падлікам галасоў, Аляксандар Лукашэнка не набраў нават 50% галасоў, ён набіраў каля 30%. Гэта можа самы галоўны вынік гэтай кампаніі - катастрафічнае падзеньне рэйтынгу, якое было зафіксаванае там, дзе гэта можна было зафіксаваць. Адсюль вынікае, што далейшыя дзеяньні апазыцыі павінны быць накіраваныя менавіта на беларускі народ. На тых 60-70%, якія насамрэч галасавалі супраць, на мабілізацыю гэтых людзей і грамадзкіх настрояў супраць, на непрыняцьцё падману ў нашай краіне.

Акудовіч: У мяне таксама ёсьць адчуваньне, што Лукашэнка ў першым туры не перамог. Але не таму, што ў нас ёсьць апазыцыя. Наш лёс, як і раней, будзе залежаць не ад апазыцыі, а ад зусім іншых фактараў, найперш ад таго, як павядзе сабе Захад, як павядзе сабе Расея, як час будзе адбівацца ў кожным з нас і ва ўсёй краіне. А адбівацца ён будзе не на карысьць Лукашэнкі, прынамсі, такога, як ён ёсьць. Так што я як не зьвязваў надзеі на апазыцыю, так і не зьвязваю. Расчараваньне ёсьць у тых, хто зьвязваў надзеі з выбарамі. А спадзявацца трэба на жыцьцё. Мы залішне зьвязваем свой лёс, свой лад, свой плён з палітыкай.

Дракахруст:
Аляксей, а якія шляхі з раздарожжа бачыце вы? Незадоўга да выбараў вы выказвалі меркаваньне, што Аляксандар Мілінкевіч пасьля выбараў павіншуе Лукашэнку з перамогай і атрымае другое палітычнае жыцьцё. Як вядома, гэтага не атрымалася, але з Лукашэнкам сустрэўся Раманчук. Хто і куды можа пайсьці?

Пікулік:
Я не казаў, што Мілінкевіч абавязкова ўстане на бок Лукашэнкі. Я казаў, што ў іх значна ў чым супадалі інтарэсы і спакаса такая ў Мілінкевіча была. Дзякаваць Богу, ён павёў сябе, як прыстойны чалавек .Складана ацэньтваць учынак Раманчука, які спадзяецца, што ён можа ўмантажавацца ва ўладу і кіраваць рэформамі. Магчыма, перад гэтай заявай яму пагражалі, катавалі, білі, але гэта непрыстойна. Будуць сярод апазыцыі будуць тыя, якія будуць спадзявацца на ўбудоўваньне ў сыстэму ўлады, на дыялёг паміж памяркоўнымі сіламі ў апазыцыі і памяркоўнай часткай намэнклятуры - на такі клясычны пераход да дэмакратызацыі. Але гэтыя людзі не разумеюць, што паколькі дыялёг з Эўропай хутчэй за ўсё спыніцца, то і кіраваная дэмакратыя ў Беларусі нікому ня будзе патрэбная. Навошта рабіць партыйную сыстэму ці яшчэ нешта, калі Эўропа ўжо расчараваная і не "павядзецца" на фасадную лібэралізацыю.
Па-другое, Лукашэнка прапусьціў свой шанец стаць дэмакратычна абраным дыктатарам. Зразумела, не 80% ён атрымаў, але першы тур ён сапраўды мог выйграць, калі б паводзіў сябе інакш. Па-трэцяе, паглядзім, якія будуць прысуды цяперашняй апазыцыі. Падзеі прывялі да таго, што ў Беларусі нараджаецца новая апазыцыя. Людзі , якія выйдуць з-за кратаў, ня спыняць барацьбу.

Дракахруст: Вялікадушша ніколі не было моцным бокам Аляксандра Лукашэнкі і на прэсавай канфэрэнцыі па выніках выбараў ён шчодра раздаваў пагрозы. Яны тычыліся ня толькі ўдзельнікаў падзеяў 19 сьнежня, але і СМІ , і Інтэрнэту, маўляў, падчас выбараў мы трывалі, а зараз мала нікому не падасца. Як вы мяркуеце, зараз сапраўды наступіць палітычная зіма, закручваньне ўсіх магчымых шрубак? Асабліва з ўлікам вашага, Аляксей, прагнозу, што стасункі з Эўропай замарожваюцца. Магчыма, на кароткі тэрмін, магчыма, на доўгі.

Пікулік: Так, палітычная зіма будзе. Учорашні выступ Лукашэнкі забіў надзеі ўсіх памяркоўных людзей, якія былі настроеныя на эвалюцыйны дыялёг, на прастору дыялёгу, на дыялёг з Эўропай, на ўцягваньне беларускай улады ў перамовы. Лукашэнка ўчора даволі нахабна сказаў, што шмат ад Эўропы мы б не атрымалі, таму будзем зарабляць на хлеб у іншых месцах. З другога боку, гэта прывядзе да ўмацаваньня падтрымкі беларускай апазыцыі, якой бы яна ні была. Памяркоўныя людзі, якім не падабалася ні апазыцыя, ні ўлада, ў сувязі з дэлібэралізацыяй і закручваньнем шрубак, будуць папаўняць электарат апазыцыі.

Дракахруст: Сьвятлана, а ваш прагноз - нас сапраўды чакае палітычнае пахаладаньне? І дадатковая пытаньне - а ці доўга працягнецца цяперашняя любоў паміж Лукашэнкам і Масквой? І ці будзе яна падтрымліваць гэтае палітычнае пахаладаньне?

Калінкіна: Для Аляксандра Лукашэнкі прызнаньне Масквы азначае, што ўсё Будзе так, як і раней. Але ізноў такая аднабаковая легітымнасьць -- гэта кручок для яго, і яго будуць цягнуць за гэты кручок. Але мне падалося, што на ўчорашняй прэсавай канфэрэнцыі ў яго хутчэй быў намер застрашыць Эўропу, маўляў, калі вы ізноў мяне не прызнаеце, то я вам зраблю тое і тое. Насамрэч на гэтай прэсавай канфэрэнцыі адбыўся дэмарш - на яе не прайшлі амбасадары краін ЭЗ, хаця іх туды запрашалі. І гэта была эмацыйная рэакцыя, крыўда. Ці будзе ён так сябе паводзіць - мне цяжка сказаць. Мне здаецца, што ў яго камандзе ўжо шмат людзей, якія разьлічваюць на нармальны лёс, а не на Паўночную Карэю.

Акудовіч: Я таксама думаю, што рэпрэсіі будуць. І абавязкова. Але тычыцца яны будуць не толькі апазыцыйнай медыяпрасторы, але і ўсяго незалежніцкага сэктара ўвогуле, як і палітычных партый. Падобнае не задоўжыцца толькі ў адным выпадку – калі праз нядоўгі час пасьля рытуальных публічных пратэстаў Захад неўпрыкмет даруе Лукашэнка ягоны падман наконт дэмакратызацыі выбараў. У першыя дні пасьля шалёных і беспрэцэдэнтных рэпрэсіяў супраць кандыдатаў у прэзыдэнты, як і звычайных грамадзянаў, падобнае бачыцца амаль неверагодным. Але пакрысе напал эмоцыяў прыціхне і зноў перад Захадам паўстане пытаньне, як нам быць з Лукашэнка? І я не ўпэўнены, што нехта на Захадзе зноў не згадае пра Realpolitik.

Дракахруст: Аляксей, а што Расея? Яна раптам ізноў палюбіла Лукашэнку, нават аплаціла, па меншай меры, на першым этапе гэтую сваю новую любоў. Расея ізноў прайграла Лукашэнку? Усё вярнулася на колы свае?

Пікулік: Я не ўпэўнены, што стасункі нашай краіны з Расеяй будуць ранейшымі. Расея загнала Лукашэнку ў кут, у яго больш няма шляху адступленьня на Захад. І па вялікім рахунку калі Расея захоча мяняць Лукашэнку зараз, яна зможа зрабіць гэта больш пасьпяхова і эфэктыўна. Таму гэта частка гульні. Таму я ня думаю, што Расея прайграла, яна дамаглася таго, чаго яна хацела, прадэкляраваўшы ўсяму сьвету, што Беларусь нам патрэбная, а Лукашэнка як не падабаўся, так і не падабаецца. Гэта характэрная рыса славянскай палітыкі: інстытуты -- інстытутамі, міжнародныя стасункі - міжнароднымі стасункамі, але асабістая зьнявага -- рэч ня менш важная. Таму я ня думаю, што Лукашэнка будзе надта камфортна пачувацца на ўсходнім вэктары.

Дракахруст: Відаць, зараз усе параўноўваюць плошчу-2006 і плошчу-2010. У чым сёлетняя плошча была працягам мінулай, у чым улічыла памылкі сваёй папярэдніцы? Аляксандар Фядута, які зараз таксама знаходзіцца за кратамі, напярэдадні 10 сьнежня напісаў у сваім ЖЖ, што сёлетняя плошча будзе “плошчай адчаю”. Так і здарылася?

Акудовіч: Сёлета ніякай Плошчы не было. Начныя падзеі 19 сьнежня хутчэй нагадвалі колішнія «Маршы Свабоды». Адчуваўся стыль Міколы Статкевіча, які вярнуўся ў вулічную палітыку. Дарэчы, і вынікі тыя самыя – масавыя арышты ды крымінальная адказнасьць арганізатараў усёй гэтай дзеі.. Інакш кажучы, гэта была звычайная акцыя апазыцыі, толькі вельмі масавая як па сёньняшнім часе, а не сустрэча кандыдатаў у прэзыдэнты са сваімі выбарцамі. Зрэшты, калі па сутнасьці, дык у нас і не было гэткіх кандыдатаў. Проста дзейны Прэзыдэнт дазволіў нейкай колькасьці апазыцыянэраў нейкі час называцца кандыдатамі ў прэзыдэнты. Але яны для яго па-ранейшаму заставаліся ўсяго толькі апазіцыянэрамі. І ён адпаведна з імі паводзіўся. А вось кандыдаты ў прэзыдэнты часам забываліся, з чыёй ласкі яны сталіся кандыдатамі, і пачыналі паводзіць сябе як сапраўдныя кандыдаты. Таму Лукашэнка ў апошнюю ноч іхняга кандыдацтва нават вырашыў ім напомніць, што яны ўсяго толькі апазыцыянэры – і амаль усіх пасадзіў за краты… А што да адчаю, пра які пісаў Фядута, дык тут ён меў рацыю, але стасоўна адно тых, хто з выбарамі зьвязваў свае палітычныя надзеі на перамены. Не думаю, што такіх наіўных рамантыкаў было вельмі шмат.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG