Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра выбары — менш чым пра спорт і надвор’е


Беларуская асацыяцыя журналістаў прааналізавала асьвятленьне выбарчай кампаніі ў беларускіх СМІ, перадвыбарныя праграмы кандыдатаў, а таксама параўнала беларускія выбарчыя рэаліі з эўрапейскімі стандартамі.

БАЖ праводзіць маніторынг 18 сродкаў масавай інфармацыі — электронных і друкаваных, агульнанацыянальных, рэгіянальных, недзяржаўных. Асноўная выснова, якую агучыў экспэрт БАЖ Алесь Анціпенка: у дзяржаўных СМІ ўвага сфакусаваная толькі на адным кандыдаце ў прэзыдэнты — Аляксандры Лукашэнку.

«Той час, які аддавалі яму дзяржаўныя электронныя СМІ, даходзіў да 90%. Альтэрнатыўныя кандыдаты альбо кандыдаты ад апазыцыі былі прадстаўлены значна менш — у межах 1%».

Андрэй Бастунец
Тэма выбараў ня стала асноўнай у СМІ. Намесьнік старшыні БАЖу Андрэй Бастунец адзначыў, што адзін з асноўных пастулятаў — гэта тое, што дзяржава павінна заахвочваць актыўнае асьвятленьне выбараў сродкамі масавай інфармацыі:

«Вынікі БАЖаўскага маніторынгу паказваюць, што інфармацыя пра выбары ажно да апошняга этапу — агітацыі — знаходзілася на адным з апошніх месцаў, значна саступаючы па аб’ёме інфармацыі пра надвор’е ці інфармацыі пра спорт. Больш за тое, дзяржаўныя афіцыйныя асобы неаднаразова выказваліся, што гэта і ёсьць нармальна. Пра гэта казаў міністар інфармацыі Праляскоўскі, іншыя».

Экспэрты адзначаюць і грубыя парушэньні прафэсійных стандартаў, журналісцкай этыкі. Прычым у тэлепраграмах «У цэнтры ўвагі», «Панарама» гучалі зьнявагі, абразы альтэрнатыўных кандыдатаў. Некаторыя зь іх працытаваў Алесь Анціпенка:

Алесь Анціпенка
«Перадвыбарчы сэрыял глядзеўся сумна і менш праўдападобна, чым імпартныя мыльныя опэры. Артысты ўсыплялі, іх рэплікі здаваліся шаленствам. Пастановачныя рухі аддавалі тэленафталінам». Яшчэ дзьве цытаты: «Апазыцыйная моладзь масава сьпіваецца». «Цэлая пляяда самавітых барацьбітоў з дыктатарскім рэжымам займаецца наркатой».

Прычым у апазыцыйных кандыдатаў не было магчымасьці адказаць:

«Мы аніводнага разу не зарэгістравалі выпадку, калі б альтэрнатыўныя кандыдаты мелі б магчымасьць скарыстацца сваім правам на адказ у тых сродках масавай інфармацыі, якія альбо скажалі іх погляды, альбо ацэньвалі іх перадузята».

Жана Літвіна
Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна адзначыла, што ў перадвыбарчых праграмах пяці дэмакратычных кандыдатаў — Уладзімера Някляева, Андрэя Саньнікава, Віктара Цярэшчанкі, Дзьмітрыя Вуса, Міколы Статкевіча — тэма свабоды слова наагул не прысутнічае:

«Я стараюся гэта патлумачыць тым, што на самой справе праблемы, зьвязаныя са свабодай слова, са свабодай выказваньняў настолькі актуальныя, яны настолькі навідавоку, што не было, відаць, у нашых кандыдатаў патрэбы спэцыяльна засяроджвацца на гэтай тэме. Хаця дарэмна. Таму што ў тых рэкамэндацыях, якія былі распрацаваныя Эўразьвязам, якраз свабода слова лічыцца адным з прыярытэтных момантаў. І менавіта ад выкананьня гэтых пяці рэкамэндацыяў будуць залежаць стасункі Эўразьвязу зь Беларусьсю».

Сёньня Беларуская асацыяцыя журналістаў прапанавала кіраўніку МУС Анатолю Куляшову і ўсім праваахоўным органам падчас правядзеньня выбараў зьвярнуць асаблівую ўвагу на захоўваньне правоў журналістаў прадстаўнікамі сілавых структур: «На масавых акцыях журналісты гэтак жа выконваюць свае прафэсійныя абавязкі, як і супрацоўнікі міліцыі» , — гаворыцца ў афіцыйным звароце. Прычым, журналіст мае права перадаваць інфармацыю незалежна ад таго, дазволеная акцыя альбо не.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG