Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Датэрміновае галасаваньне: як гналі, так і гоняць


Незалежныя назіральнікі ў розных рэгіёнах краіны канстатуюць, што цягам трэцяга дня датэрміновага галасаваньня колькасьць выбарцаў на ўчастках ня зьменшылася. Таксама яны заяўляюць, што заклік Лукашэнкі ня гнаць людзей на датэрміновыя выбары пад прымусам ня дзейнічае.


ВІЦЕБШЧЫНА


«Лідэрства» Віцебшчыны ў галасаваньні трымаецца на прымусе

За папярэднія два дні датэрміновага галасаваньня Віцебшчына стала лідэрам сярод рэгіёнаў — тут прагаласавалі 11,4% выбарцаў. Захавалася гэта тэндэнцыя і 16 сьнежня.

Гутару з назіральніцай Антанінай Піванос, якая дзяжурыць на ўчастку № 21, што ў Кастрычніцкім раёне Віцебску:

«Першы дзень прайшлі 36 чалавек, другі — 47. А сёньня йдуць і йдуць, адзін за адным, па два і па тры чалавекі. Дворнікі ідуць, рабочыя — усе валам валяць».

Яшчэ адзін назіральнік, Анатоль Родзік, сябар партыі левых «Справядлівы сьвет», мае сваё тлумачэньне гэтай зьявы:

«Гэта ён сказаў, каб „не заганялі“, а „папрасілі“ — маўляў, нашы людзі добрыя, яны ўсё зразумеюць. Так што ніхто нічога не адмяняў! Заганяюць, і яшчэ як заганяюць!»

Анатоль Родзік стаўся і сьведкам такога выпадку:

Чарга на датэрміновае галасаваньне ў мэдкаледжы.
Міліцыянт на месцы сакратара.
«Ёсьць такі мэдычны каледж — гэта ўчастак № 19 Кастрычніцкага раёну. Дык там чарга стаіць — усе ў беленькіх халаціках, навучэнцы каледжу. Усе галасуюць датэрмінова, і іх потым адпускаюць дахаты. А ў камісіі за сталом на месцы сакратара сядзіць міліцыянт. Я зрабіў заўвагу, а сакратар пачала крычаць: „У нас тут свае парадкі!“. Я й кажу: у нас не закон — а іншыя парадкі!»

Назіральнікаў, якія пратэстуюць супраць парушэньняў або спрабуюць фіксаваць іх з дапамогай фотаапаратаў ці відэакамэры, проста выдаляюць з участкаў. Так здарылася ўчора на ўчастку № 20 Кастрычніцкага раёну ў Віцебску. А ў Воршы найбольш актыўных незалежных назіральнікаў «перасадзілі» з участкаў на калідор, распавёў актывіст кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Ігар Казьмярчак:

«Гэта 8-я школа, 14-ы ўчастак. Назіральніцы прыйшлі, а камісія ўжо сядзіць, і зь імі сядзяць дзьве нейкія жанчыны. І намесьніца старшыні кажа: „Гэта нашы назіральніцы, а вы позна прыйшлі, і вам ужо няма дзе сесьці. Так што сядзіце во ў калідоры“. Мы гэта расцэньваем таксама як выдаленьне з участку».

У Віцебску назіраць з калідора прапанавалі Алегу Сургану. Актывіст, які ня так даўно адбыў 6 месяцаў арышту нібыта за напад на міліцыянта падчас затрыманьня за вывешаны бел-чырвона-белы сьцяг, запатрабаваў замацаваць разборную скрыню для галасаваньня на ўчастку № 17 Кастрычніцкага раёну:

«Там адкруціць шрубы — і без праблем здымаецца накрыўка. Так што цяпер сядзім у калідоры. А з калідора нічога не відаць і не чуваць!»


ГАРАДЗЕНШЧЫНА


У кабінках быў узор, як «правільна» трэба галасаваць

На датэрміновым галасаваньні ў Горадні.
Назіральнікі за выбарчым працэсам на Гарадзеншчыне сьцьвярджаюць, што на розных выбарчых участках колькасьць людзей, якія галасуюць, розьніцца, але ў цэлым датэрміновае галасаваньне набірае абароты.

Уладзімер Хільмановіч, адзін з каардынатараў назіраньня за выбарамі на Гарадзеншчыне, распавядае, што за тры дні яскрава відаць розьніца ў колькасьці тых, хто прагаласаваў, на ўчастках, дзе ёсьць назіральнікі і дзе іх няма:

«На ўчастках, дзе сядзіць наш назіральнік, людзі ідуць, але няшмат. Насупраць праз калідор — другі ўчастак, і там у канцы дня тых, хто прагаласаваў, у два разы болей, чым на першым. І так мы зафіксавалі на некалькіх участках. Камісіі арыентуюцца і стараюцца пільнаваць там, дзе ёсьць назіральнікі».

Назіральнік ад БНФ Максім Губарэвіч трэці дзень знаходзіцца на ўчастку, прычым побач зь ягоным участкам — яшчэ два. Ён кажа, што за гэтыя тры дні выразна праглядаецца тэндэнцыя да павелічэньня колькасьці тых, хто галасуе датэрмінова:

«Колькасьць тых, хто прагаласаваў, хоць плаўна, але павялічваецца. Да прыкладу, на маім участку ў першы дзень прагаласаваў 21 чалавек, у другі — 24, а сёньня відаць, што гэтая лічба будзе перакрыта. Тое ж я бачу і на суседніх участках».

Сярод тых, хто ідзе галасаваць, Максім Губарэвіч называе найперш пэнсіянэраў і людзей у форме.

Каардынатар назіральнікаў ад АГП Юры Істомін зьдзіўлены лічбамі датэрміновага галасаваньня. Асабліва яго зьдзіўляе розьніца ў колькасьці тых, хто галасуе: на адным і тым самым участку ў адзін дзень датэрмінова галасавалі 129 чалавек, а ў другі — толькі тры ў першай палове дня:

«Ну, і ў выніку 8,1% за два дні тых, хто прагаласаваў — гэта вельмі многа, вельмі…».

Назіральнік ад БХК з участку № 92 у Горадні распавядаў, што сёньня раніцай да іх наведаліся міжнародныя назіральнікі з АБСЭ, і тых, хто прагаласаваў да абеду, было амаль у два разы меней, чым учора.

Яшчэ аднаму назіральніку давялося пісаць скаргу з тым, каб з кабінак прыбралі ўзор — як трэба галасаваць.

Спадар: «Ну вось ляжыць паперка ў кабінцы, а ў другім квадраціку пазначаная птушачка. А другі квадрацік насупраць прозьвішча Лукашэнкі — гэта ж парушэньне. Два дні так было, толькі сёньня дамогся, каб прыбралі».

САЛІГОРСК


«Раскручаны махавік ужо нельга спыніць»

Жыхарка Салігорску Ларыса Насановіч, давераная асоба кандыдата ў прэзыдэнты Яраслава Раманчука, выказвае асабістую думку наконт прымусу выбарцаў галасаваць датэрмінова:

«Махавік гэты быў раскручаны загадзя і, натуральна, цяпер пры самых, так бы мовіць, „добрых намерах“ вышэйшай улады яго ўжо нельга ўмомант спыніць. На салігорскіх прадпрыемствах „Калінка“, „Купалінка“ і перадусім у аб’яднаньні „Беларуськалій“ працаўнікі баяцца страціць працу. Вось з-за гэтага яны моўчкі падпарадкоўваюцца загадам начальства галасаваць датэрмінова».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG