Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: няма неабходнасьці падштурхоўваць да датэрміновага галасаваньня


Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка
"Няма ніякай неабходнасьці сёньня падштурхоўваць людзей да датэрміновага галасаваньня. Людзей трэба прасіць, каб яны абавязкова прагаласавалі. А калі — гэта іх права".

Пра гэта заявіў кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка 15 сьнежня на нарадзе па пытаньнях выбарчай прэзыдэнцкай кампаніі і арганізацыі грамадзкай бясьпекі ў гэты пэрыяд, паведамляе прэзыдэнцкая прэс-служба.

"Другі дзень, як пачалося галасаваньне на выбарах прэзыдэнта краіны. Я запрасіў вас для таго, каб адказныя асобы змаглі мне паведаміць пра тую сытуацыю, якая сёньня існуе ў нашай дзяржаве. Як праходзяць гэтыя два дні, ці ўсюды забясьпечаны парадак, доступ насельніцтва да ўчасткаў галасаваньня? Ці ўсюды нам удалося вырашыць тыя праблемы, якія былі пастаўленыя перад урадам, перад вамі па арганізацыі працэсу выбараў?" — адзначыў Лукашэнка.

"Я, вядома, далёкі ад таго, каб верыць усяму таму, што сёньня пішуць, асабліва ў гэтак званых апазыцыйных СМІ. Мы гэтага чакалі. Так, як мы чакалі, так яны і дзейнічаюць. Яны пачынаюць зараз абвінавачваць кіраўнікоў прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый у тым, што яны ціснуць на народ і прымушаюць ісьці датэрмінова галасаваць. Яшчэ раз падкрэсьліваю — гэта катэгарычна недапушчальна. Калі зь нейкіх прычын трэба, каб людзі прагаласавалі датэрмінова, з ініцыятывы кіраўнікоў прадпрыемстваў або яшчэ зь нейкіх там прычын, людзей трэба папрасіць, і апошняе слова — за людзьмі. Хочуць яны ісьці датэрмінова галасаваць — няхай ідуць. Ня хочуць — мы іх чакаем 19 сьнежня на ўчастках для галасаваньня".

Зьвяртаючыся да кіраўніка свайго выбарчага штабу Аляксандра Радзькова і сябра штабу Віктара Шэймана, Лукашэнка сказаў:

"Разьбярыцеся, калі ласка, у штабе. Зьвяжыцеся з адміністрацыяй прэзыдэнта і ўдакладніце яшчэ раз, наколькі адпавядаюць сапраўднасьці тыя заявы (там няма фактаў) гэтак званых апазыцыянэраў пра тое, што "ўлады гоняць людзей табуном" на датэрміновае галасаваньне. Разьбярыцеся яшчэ раз. Ніякай сьпешкі ў нас быць не павінна. Калі людзі ня могуць прагаласаваць 19-га, папрасіце, няхай прыйдуць прагаласуюць датэрмінова, і кропка. За каго галасаваць, людзі ўжо вызначыліся. Мы ўжо ня ў стане (нас 10 чалавек кандыдатаў) нешта зьмяніць. Людзі вызначыліся. Таму трэба ім даць магчымасьць спакойна прыйсьці і прагаласаваць. Гэта наша задача, задача ўлады, усёй улады".

Ад кіраўнікоў праваахоўных органаў на нарадзе Лукашэнка запатрабаваў "не паддавацца ні на якія правакацыі":

"Вядома, яны ўвесь час крычаць: "Плошча, плошча, плошча!" Яшчэ раз хачу сказаць: мы папярэдзілі бацькоў, мы папярэдзілі выкладчыкаў ВНУ, тэхнікумаў, каледжаў, ліцэяў, школ. Мы папярэдзілі пра магчымыя правакацыі, якія могуць быць у гэты дзень, у тым ліку ў месцах масавага знаходжаньня людзей. Мы ўсіх папярэдзілі. Ёсьць закон. Нельга ні ў якім выпадку паддавацца на правакацыі, бо ім патрэбна карцінка, хаця б карцінка зараз, што вось, маўляў, такія "недэмакратычныя" ўлады, што Лукашэнка там "на касьцях, на крыві зноў прыйшоў да ўлады". Ім гэта трэба. Мы ж падставіцца не павінны. Мы дакладна здаем сабе з гэтага справу. Ні ў якім выпадку нельга падставіцца. Дзейнічаць трэба ў адпаведнасьці са становішчам. Але самае галоўнае — ня дай Бог, будзе ўчынена якая-небудзь правакацыя і ня дай Бог, здарыцца нешта зь людзьмі. Мы павінны абараніць людзей. Гэта задача праваахоўных органаў, і тут літасьці нікому ня будзе. Ня дай Бог толькі пераступіць хтосьці той Рубікон, да якога наогул нельга блізка падыходзіць. Анатоль Нілавіч (Куляшоў), рэакцыя праваахоўных органаў, дый ваенных, павінна быць адэкватнай і жорсткай. Ідзіце зь мірам туды, куды можна ісьці, дзе вызначана месца. Ідзіце, калі ласка, размаўляйце, мітынгуйце. Але калі гэта парушэньне закону, то і рэакцыя павінна быць адэкватнай".

Лукашэнка даручыў дзяржаўнаму сакратару Савету бясьпекі Леаніду Мальцаву скаардынаваць дзеяньні праваахоўных органаў.

"Каб у нас не было ні мітусьні, ні нейкіх там залішніх рухаў. Вы ж добра разумееце, што калі б гэтыя "майстры" на нешта былі здатныя, яны б сябе так не паводзілі. Яны проста спрабуюць нас справакаваць. Мы здаем сабе з гэтага поўную справу. Ніякі народ яны на плошчу ня выведуць. Народу не патрэбна ніякая плошча. Усе ж цудоўна разумеюць, што хлопцаў, падлеткаў кінуць наперад, а самі схаваюцца, як звычайна, за іх сьпінамі або наогул уцякуць, як гэта было заўсёды. Нават падлеткі гэта цудоўна разумеюць", — зазначыў кіраўнік Беларусі.

"У нас дастаткова сіл і сродкаў, каб цывілізавана і разумна супрацьстаяць гэтым хістаньням і разброду. Трываласьць улады сёньня настолькі вялікая, што нам няма неабходнасьці прымяняць нейкія там надзвычайныя мэтады. Але да ўсяго мы павінны быць гатовыя".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG