Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адразу зь некалькіх факультэтаў БДУ паведамляюць пра захады адміністрацыі дзеля масавага датэрміновага галасаваньня студэнтаў, найперш тых, хто жыве ў інтэрнатах. Карэспандэнт «Свабоды» праверыў гэтыя зьвесткі.

Намесьнік дэкана факультэту філязофіі і сацыяльных навук Аляксандар Бобр правеў нараду са студэнтамі-старастамі, на якой паставіў задачу забясьпечыць 70% датэрміновага галасаваньня сярод студэнтаў, якія жывуць у інтэрнатах. За каго прагаласуюць студэнты, намесьніка дэкана нібыта не цікавіла. Ці сапраўды адбылася такая гутарка? Мае спробы дазваніцца ў дэканат факультэту былі няўдалымі.

«Нумар ня можа быць выкліканы», — адказваў голас у слухаўцы.

Зьвесткі пра падобныя гутаркі паступаюць і зь іншых факультэтаў. У тым ліку студэнты расказвалі, што зь імі сустракаўся рэктар БДУ Сяргей Абламейка і таксама вёў размову пра выбары.

У прэсавай службе БДУ не камэнтуюць зьвесткі пра правядзеньне кіраўнікамі адміністрацыі ўнівэрсытэту сустрэч са студэнтамі адносна выбараў. Супрацоўніца прэсавай службы, якая не пажадала, каб яе назвалі, сказала пэўна толькі адносна рэктара БДУ Сяргея Абламейкі.

«Сустрэчы розныя могуць быць, але зь якой прычыны, з кім ён сустракаўся, я ня ведаю. Прыкладам, ён дэлегат 4-га Ўсебеларускага сходу, і на гэтым тыдні ён цалкам там».

8 сьнежня студэнты аднаго з факультэтаў БДУ паведамілі пра захады адміністрацыі, якія «стымулююць» датэрміновае галасаваньне сярод студэнтаў.
Студэнтам сказалі, што гэты тыдзень будзе як бы вольнае наведваньне, ім нічога ня будзе, калі гэтым тыднем яны прапусьцяць заняткі, асабліва іншагароднія.

«Вісяць аб’явы, найперш для выкладчыкаў, каб яны не прызначалі студэнтам з 13-га па 20-га ніякіх залікаў, дадатковых заняткаў, кантрольных. А студэнтам сказалі, што гэты тыдзень будзе як бы вольнае наведваньне, ім нічога ня будзе, калі гэтым тыднем яны прапусьцяць заняткі, асабліва іншагароднія».

Гэтыя зьвесткі ў прэсавай службе БДУ таксама камэнтаваць адмовіліся. «Мы не адсочваем, якія аб’явы вывешваюць на розных факультэтах», — сказала супрацоўніца.

У дворыку ўнівэрсытэту я паразмаўляў са студэнтамі БДУ адносна датэрміновага галасаваньня і захадаў адміністрацыі, каб стымуляваць гэтае галасаваньне. Зьвесткі ад студэнтаў розных факультэтаў адрозьніваліся. Некаторыя казалі, што іх ні да чаго не прымушалі.

«Прыходзіў да нас рэктар, была размова, але ніякія палітычныя размовы мы не закраналі. Толькі ўласна ўнівэрсытэцкія пытаньні», — казалі студэнты мэханіка-матэматычнага факультэту.

Студэнты факультэту прыкладной матэматыкі таксама сказалі, што за датэрміновае галасаваньне іх ніхто з «кіраўнікоў» не агітаваў. А вось юнакі, якія вучацца на юрыдычным факультэце і жывуць у інтэрнаце, паведамілі: іх «стымулююць» галасаваць датэрмінова і кажуць, што ад гэтага нібыта залежыць колькасьць месцаў у інтэрнаце.

«Нам выкладчык казаў, што вынікі, колькі прагаласуе датэрмінова, паведамляюць у міністэрства адукацыі, і ад гэтага залежыць, колькі месцаў на факультэт дадуць у інтэрнаце».

Журналістка Сьвятлана Калінкіна мяркуе, што характар захадаў дзеля датэрміновага галасаваньня, якія прымае адміністрацыя БДУ, залежыць ад асаблівасьцяў факультэтаў:

«Самыя такія факультэты, якія бяруць пад казырок — гэта гуманітарныя. Таму нічога дзіўнага няма, што першая хваля пайшла па іх — журфак, філязофія і гэтак далей».

Былы рэктар БДУ Аляксандар Казулін кажа, што яўка студэнтаў на датэрміновае галасаваньне даўно стала такім жа паказьнікам працы адміністрацыі факультэтаў і ВНУ, як і ўзровень ведаў.

«Розныя факультэты, на іх розныя кіраўнікі. Канечне, яны паміж сабой спаборнічаюць. Але хто спаборнічае, а каму і сорамна».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG