Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Герт Арэнс: Лукашэнкі непрапарцыйна шмат

  • БелаПАН

Герт Арэнс

Герт Арэнс

Прысутнасьць дзейнага прэзыдэнта на дзяржаўным радыё і тэлебачаньні нашмат перавышае прысутнасьць там іншых прэтэндэнтаў, заявіў кіраўнік місіі БДІПЧ АБСЭ амбасадар Герт Хінрых Арэнс. 7 сьнежня ён знаходзіўся ў Магілёве, дзе сустракаўся з даверанымі асобамі кандыдатаў і мясцовымі назіральнікамі.

У той жа час кіраўнік місіі адзначыў, што ў дзяржаўных электронных СМІ былі выступы кандыдатаў у прамым эфіры, яны "маглі крытыкаваць прэзыдэнта і дзейную ўладу досыць жорстка, і гэта зьяўляецца прыкметай сапраўднай выбарчай кампаніі".

"Я магу цяпер сказаць, што збор подпісаў за кандыдатаў і рэгістрацыя кандыдатаў прайшлі адносна добра. Але з вопыту мінулых выбараў ёсьць тое, што прывяло да нэгатыўнай ацэнкі, – гэта датэрміновае галасаваньне і падлік галасоў", – заявіў Арэнс.

"Я адмыслова ўздымаю гэтае пытаньне перад уладамі, кажу ім пра тое, што калі ў ноч пасьля выбараў я буду атрымліваць сотні і сотні справаздач, у якіх будзе напісана, што падлік галасоў праходзіў дрэнна ці вельмі дрэнна, то я не змагу зрабіць пазытыўнае заключэньне" , – падкрэсьліў кіраўнік місіі.
Калі ў ноч пасьля выбараў я буду атрымліваць сотні справаздач, што падлік галасоў праходзіў дрэнна, я не змагу зрабіць пазытыўнае заключэньне

Як адзначыў Герт Хінрых Арэнс, на гэтых выбарах заканадаўства, якое адносіцца да датэрміновага галасаваньня, было палепшана і зьменена. "Што тычыцца падліку галасоў, то Цэнтральная камісія па выбарах выдала рэзалюцыю аб тым, што назіральнікам павінна быць прадстаўлена рэальная магчымасьць назіраць за працэсам падліку галасоў, – сказаў амбасадар. – Дык паколькі мне не дастаўляе ніякага задавальненьня даваць нэгатыўную ацэнку, то я буду вельмі рады, калі два гэтых пытаньня – датэрміновае галасаваньне і падлік галасоў – палепшацца гэтым разам".

Герт Хінрых Арэнс адзначыў, што члены яго місіі падтрымліваюць кантакты з прадстаўнікамі іншых місій па назіраньні. "Але ў нас няма супрацоўніцтва ў тым разуменьні, што мы будзем распрацоўваць нейкія сумесныя высновы або ў нас будзе нейкі падзел працы. Мы грунтуемся на нашых уласных назіраньнях, на інфармацыі, якую мы атрымліваем самі", – адзначыў кіраўнік місіі БДІПЧ АБСЭ.

Паводле яго слоў, місія рыхтуе другі прамежкавы даклад аб ходзе выбарчай кампаніі ў Беларусі.
XS
SM
MD
LG