Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У справе выбухаў — чацьвёрты абвінавачаны


Арыштаваны яшчэ адзін, ужо чацьвёрты абвінавачаны ў справе нападу на расейскую амбасаду ды іншыя будынкі ў Менску. Затрыманьне Ігара Аліневіча адбывалася пры незвычайных абставінах.

Ігара Аліневіча затрымалі ў Маскве 28 лістапада. Журналіст Аляксандар Ярашэвіч падзяліўся зьвесткамі пра тое, як адбываўся арышт:

«Там было такое, што адзін з хлапцоў, якога раней затрымлівалі і пратрымалі 9 дзён, а потым адпусьцілі, прызначыў Ігару ў Маскве сустрэчы. Прыехаў на сустрэчу, а за гадзіну да таго Аліневіча арыштавалі. Ня выключана, што той хлапец пагадзіўся супрацоўнічаць са спэцслужбамі і гэтак вывабліваў Аліневіча».

Паводле маці затрыманага Валянціны Аліневіч, у панядзелак 29 лістапада яе сына прывезьлі ў Менск і зьмясьцілі ў ізалятар КДБ — «амэрыканку». Адвакат, які прысутнічаў пры першым допыце Ігара Аліневіча, паведаміў бацькам, у чым абвінавачваюць маладога чалавека:

«Адвакат сказаў, што напад на генштаб, а сьледчы, калі званіў на наступны дзень, сказаў, што яшчэ і расейская амбасада».

Ігару Аліневічу 27 гадоў, ён працаваў на аб’яднаньні «Планар» у Менску інжынэрам-электроншчыкам. Некалькі гадоў таму Ігар Аліневіч зацікавіўся ідэямі анархізму, аднак маці затрыманага перакананая, што да акцыяў з ужываньнем недазволеных захадаў сын недатычны:

«Ён казаў: мама, я ўжо даўно перарос той узрост. Я ў гэтым ня ўдзельнічаў і ўдзельнічаць не зьбіраюся. За мяне можаш не турбавацца, яны мне нічога ня выставяць. А потым, калі пачаліся арышты ягоных знаёмых, а яго ніхто не затрымліваў, ён вырашыў на тыдзень схавацца, маўляў, само сабой пройдзе.
У яго ў 37-м прадзеда расстралялі, а потым пасьмяротна рэабілітавалі. Ён разумее, што ўсё можа быць.
А тут, ён разумеў, будуць шукаць нейкія сувязі. Ён проста спужаўся і зьехаў. У яго ў 37-м прадзеда расстралялі, а потым пасьмяротна рэабілітавалі. Ён разумее, што ўсё можа быць».

Валянціна Аліневіч абурылася пазыцыяй уладаў Расеі, якая дазваляе на сваёй тэрыторыі затрымліваць грамадзян Беларусі.

Акрамя Ігара Аліневіча, у справе нападаў фігуруюць таксама затрыманыя Аляксандар Францкевіч і Максім Веткін, якіх утрымліваюць у менскім ізалятары на Валадарскага, і Мікалай Дзядок, якога трымаюць у Жодзінскай турме. Вядома, што Аляксандар Францкевіч на сьледзтве паказаў, што здымаў на відэа напад на ізалятар на Акрэсьціна, але ўдзелу ў самім нападзе не прызнае. Мікалай Дзядок свой удзел у нападах цалкам адмаўляе. Зьвестак пра тое, як ставіцца да абвінавачаньняў Максім Веткін, няма. Утрыманьне Францкевіча і Дзядка пад вартай сьледчыя працягнулі да лютага будучага году.

Паводле праваабаронцаў, у справах выбухаў і нападаў усяго затрымлівалі некалькі дзясяткаў моладзевых актывістаў розных арганізацый. Некаторыя з затрыманых, выйшаўшы на волю, казалі пра недазволеныя мэтады сьледчых, запалохваньні і ціск. У менскай гарадзкой міліцыі, якая праводзіла першыя затрыманьні, справу не камэнтуюць. 1 сьнежня камэнтар пра затрыманьне на тэрыторыі Расеі Ігара Аліневіча атрымаць не ўдалося і ад прэсавай службы КДБ.

У справу выбухаў аб’ядналі напады на амбасаду Расеі 30 жніўня, на менскі ізалятар на Акрэсьціна, будынкі казіно «Шангры-Ла», філіял Беларусбанку, Палац прафсаюзаў, Генштаб ды іншыя інцыдэнты, якія нібыта арганізавалі прыхільнікі анархізму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG