Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Алена Дубовік: “Сьледчыя пыталіся, ці ня я нападала на Генштаб?”


Выгаралая ад бутэлькі з кактэйлем молатава машына ля расейскага пасольства стала адпраўным пунктам перасьледу моладзевых актывістаў.

Выгаралая ад бутэлькі з кактэйлем молатава машына ля расейскага пасольства стала адпраўным пунктам перасьледу моладзевых актывістаў.

Пад вечар 23 верасьня пасьля шматгадзінных допытаў вызвалілі актывістаў экалягічнага руху Алену Дубовік і Аляксандра Ярашэвіча.

Актывістаў экалягічнага руху Алёну Дубовік і журналіста Аляксандра Ярашэвіча міліцыянты затрымалі ў першай палове дня пасьля ператрусу. Абаіх спачатку адвезьлі ўва ўправу барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй, потым, пасьля абеду, у міліцыю Цэнтральнага раёну Менску. Пра тое, чаму затрыманыя, маладыя людзі даведаліся яшчэ да ператрусу:

«Яны нам перад ператрусам паказалі паперу, у якой было напісана, што гэта ў сувязі з падзеямі 19 верасьня — нападам, акцыяй каля Генэральнага штабу. Што я магла пра гэта сказаць? Нічога на самой справе, бо ведаю пра гэта, як і ўсе, з інтэрнэту».

19 верасьня нейкія маладыя людзі, твары якіх былі закрытыя, пратэставалі супраць расейска-беларускіх манэўраў. Алена Дубовік пераказала гэтыя зьвесткі сьледчым. Таксама у дзяўчыны пыталіся, ці ведае яна нешта пэўнае пра тых, хто ўчыніў напад на расейскую амбасаду 30 жніўня і на казыно «Шангры Ла» ў Менску. Алена Дубовік казала, што таксама ведае пра гэта ня болей, чым ёсьць у інтэрнэце.

Дзяўчына распавяла, што некаторыя міліцыянты абыходзіліся з ёй груба.

Карэспандэнт: «Ці былі вы напужаныя?»

«Шчыра, дык ня вельмі, але калі яны пачынаюць груба размаўляць, тады становіцца не па сабе. А ўвогуле ад знаходжаньня ў такіх месцах з 7 раніцы да 6 вечара так, можна спужацца».
Ад знаходжаньня ў такіх месцах з 7 раніцы да 6 вечара так, можна спужацца.


Паводле Алены Дубовік, яе адпусьцілі, не выставіўшы ніякага абвінавачаньня. Дзяўчына сказала, што бачыла, як з міліцыі выходзіў Аляксандар Ярашэвіч, якога таксама адпусьцілі без абвінавачаньня. У сярэдзіне дня ўва ўправе барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй Алёна Дубовік бачыла затрыманую Ганну Чарнышову:

Дубовік: «Аню вялі па калідоры, у яе таксама забралі „сыстэмнік“. Ці вызвалілі яе, ня ведаю».

У апошнія дні Ганна Чарнышова кантактавала з бацькамі затрыманых актывістаў анархісцкага руху.

Раней МУС паведамляў, што ў пачатку верасьня былі затрыманыя 7 актывістаў руху анархістаў, якіх падазравалі ў нападзе на філіял «Беларусбанка» і будынак Дома прафсаюзаў 30 красавіка. Іншыя крыніцы паведамлялі, што іх таксама правяралі на датычнасьць да нападу на расейскую амбасаду 30 жніўня і ізалятар на завулку Акрэсьціна ў пачатку верасьня.

Вядома, што 5 анархістаў выйшлі на волю, за кратамі застаюцца Аляксандар Францкевіч, які нібыта датычны да нападу на пастарунак міліцыі ў Салігорску і Мікалай Дзядок, якога нібыта падазраюць у рабаваньні мінакоў.

Выйшаў на волю пасьля 9 дзён затрыманьня актывіст «Правага альянсу» Ігар Чапіга, якога таксама правяралі на датычнасьць да падпалаў. Паводле Чапігі, у гэтых справай значна больш затрыманых, чым афіцыйна прызнаецца.
XS
SM
MD
LG